Вось і час ад’езду… У пятніцу ён з усімі развітаўся, сказаў, што ў выходныя з’язджае дадому. Ніхто не мог падумаць, што на гэты раз ён прыехаў у крэпасць, каб застацца тут назаўсёды.
Калі ў панядзелак супрацоўнікі музея прыйшлі на працу, пачулі званок з транспартнай пракуратуры: абаронца Брэсцкай крэпасці, які выжыў тут у крывавым катле 41-га года, кінуўся пад цягнік…
Хтосьці потым прыгадае акуратнага старога з валізкай, які доўга стаяў на пероне. Пры ім знайшлі сем тысяч рублёў, якія ён прывёз з дому на ўласнае пахаванне, і перадсмяротную запіску з праклёнамі ельцынска-гайдараўскаму ўраду — за ўсё гэтае ўчыненае імі прыніжальнае і жабрацкае жыццё. І за здраду Вялікай Перамозе. Пахаваць прасіў у крэпасці».
З перадсмяротнай запіскі:
«… Калі б тады, у вайну, памёр ад ран, я б ведаў: загінуў за Радзіму. А вось цяпер — ад сабачага жыцця. Няхай так і напішуць на магіле… Не лічыце мяне вар’ятам…»
«…Я хачу памерці стоячы, а не на каленях прасіць жабрацкую дапамогу, каб падоўжыць сваю старасць і дажыць да труны з працягнутай рукой! Так што, паважаныя, не судзіце дужа мяне і зразумейце маё становішча. Сродкі пакідаю, калі не скрадуць, спадзяюся, на пахаванне хопіць… труны не трэба… Я ў чым ёсць, у тым і пакіньце, толькі не забудзьцеся ў кішэню пакласці пасведчанне абаронцы Брэсцкай крэпасці — для нашчадкаў нашых. Мы былі героямі, а паміраем у галечы! Бывайце здаровы, не журыцеся па адным татарыне, які пратэстуе адзін за ўсіх: «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма!»
Пасля вайны ў сутарэннях Брэсцкай крэпасці быў знойдзены надпіс, надрапаны на сцяне штыком: «Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма! 22.VII-41 г.». Па рашэнні ЦК гэты радок стаў сімвалам мужнасці савецкага народа і адданасці справе КПСС. Тыя, што засталіся жывымі, абаронцы Брэсцкай крэпасці, сцвярджалі, што аўтар гэтага надпісу — курсант палкавой школы, беспартыйны татарын Цімяран Зінатаў, але камуністычных ідэолагаў больш задавальняла, каб ён належаў загінуламу Невядомаму салдату.
Выдаткі на пахаванне брэсцкія гарадскія ўлады ўзялі на сябе. Пахавалі героя за кошт артыкула «Бягучае ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання»…»
КПРФ. «Системный взгляд». Выпуск № 5
«…Чаму кінуўся пад цягнік стары салдат Цімяран Зінатаў? Пачну здалёк… З ліста ў «Правду» ад Віктара Якаўлевіча Якаўлева са станіцы Ленінградская Краснадарскага краю. Удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, абаронцы Масквы ў 41-м і ўдзельніка маскоўскага парада ў гонар 55-годдзя Перамогі. Напісаць у рэдакцыю яго прымусіла вялікая крыўда…
Нядаўна яны з сябрам (былы палкоўнік і таксама ветэран вайны) ездзілі ў Маскву. Апранулі з гэтай нагоды святочныя пінжакі з ордэнскімі калодкамі. За дзень стаміліся ад шумнай сталіцы, і, калі прыйшлі на Ленінградскі вакзал, захацелася дзе-небудзь прысесці да прыходу цягніка. Вольных месцаў не было, тады яны зайшлі ў пустую залу, дзе былі буфет і мяккія крэслы. Да іх тут жа падскочыла дзяўчына, якая разносіла па зале напоі, і груба паказала на выхад: «Сюды вам нельга. Тут бізнес-зала!» Далей цытата з ліста: «Я ёй з гарачкі адказаў: «Значыць, гэта для злодзеяў і спекулянтаў, а нам нельга? Як калісьці ў Амерыцы: уваход неграм і сабакам забараняецца». Пра што было яшчэ казаць, калі ўсё ясна. Мы павярнуліся і сышлі. Але я паспеў заўважыць, як некалькі гэтых так званых бізнесменаў, а папросту — жулікаў, там рагаталі, жэрлі, пілі… Забыта ўжо, што мы тут кроў пралівалі… Усё забралі ў нас гэтыя сволачы чубайсы, вексельбергі, грэфы… Грошы, гонар. І мінулае, і сучаснасць. Усё! А цяпер гоняць у салдаты нашых унукаў, каб абараняць іх мільярды. Вось я хачу спытаць: за што мы ваявалі? Сядзелі ў траншэях — увосень па калена ў вадзе, зімой у лютыя маразы — па калена ў снезе, месяцамі не здымалі вопратку і не спалі па-людску. Так было пад Калінінам, Яхрамой, пад Масквой… Там мы не дзяліліся на багатых і бедных…»
Можна, вядома, сказаць, што не мае рацыі ветэран — не ўсе бізнесмены «зладзюгі і спекулянты». Але паглядзім ягонымі вачыма на нашую посткамуністычную краіну… На пыху новых гаспадароў жыцця, на іх гідлівасць да «людзей учорашняга дня», ад якіх, як пішуць у гламурных часопісах, ідзе «пах нішчымніцы». Так, на думку аўтараў гэтых выданняў, пахнуць урачыстыя сходы ў вялікіх залах у Дзень Перамогі, куды раз на год запрашаюць ветэранаў і кажуць у іх гонар крывадушныя хваласпевы. А на самой справе яны сёння нікому не патрэбныя. Наіўныя іх думкі аб справядлівасці. І іх адданасць савецкаму ладу жыцця…
Читать дальше