з анекдотаў, расказаных унукам
Чыгуначны вакзал… Сотні людзей. Чалавек у скуранцы роспачна шукае кагосьці. Знайшоў! Падыходзіць да іншага чалавека ў скуранцы: «Таварыш, ты партыйны ці беспартыйны?» — «Партыйны». —
«Тады скажы, дзе тут сарцір?»
Усё забралі: рэмень, шалік, шнуркі з чаравікаў выцягнулі, а забіць сябе ўсё роўна можна. Была такая думка. Ну так… была… Задушыць сябе штанамі або гумкай ад трусоў. Білі па жываце мяшком з пяском. Усё з мяне вылазіла, як з чарвяка. Падвешвалі на крукі. Сярэднявечча!.. З цябе цячэ, ты свой арганізм ужо не кантралюеш. Адусюль цячэ… Вытрымаць гэты боль… Сорам! Памерці прасцей… (Паўза.) Сустрэў у турме свайго старога таварыша… Мікалай Вярхоўцаў, член партыі з тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага года. Ён выкладаў на рабфаку. Усе знаёмыя… у блізкім коле… Нехта чытаў уголас газету «Правда», і там інфармацыя: на бюро ЦК слухалася пытанне пра апладненне кабыл. Ну ён вазьмі дый пажартуй, што ў ЦК, маўляў, спраў іншых няма, як толькі займацца апладненнем кабыл. Удзень ён гэта сказаў, а ноччу яго ўжо забралі. Пальцы рук яму заціскалі дзвярыма, зламалі пальцы, як алоўкі. Трымалі суткамі ў процівагазе. (Маўчыць.) Незразумела, як сёння пра гэта распавядаць… Увогуле, дзікае варварства. Зневажальна. Ты — кавалак мяса… ляжыш у мачы… Вярхоўцаву трапіўся следчы-садыст. Яны не ўсе былі садысты… Зверху ім спускалі ліміт, план на ворагаў — месячны і гадавы. Вось яны мяняюцца, п’юць гарбату, тэлефануюць дадому, фліртуюць з медычкамі, якіх выклікаюць, калі чалавек ад катаванняў губляе прытомнасць. У іх дзяжурства… змена… А ў цябе ўсё жыццё перакулілася. Такія рэчы… Следчы, які вёў маю справу, быў раней дырэктарам школы, ён мяне пераконваў: «Наіўны вы чалавек. Мы вас шпокнем і складзём акт — спроба ўцячы. Вы ведаеце, што Горкі сказаў, калі вораг не здаецца, яго знішчаюць». — «Я — не вораг». — «Зразумейце: нам не страшны толькі чалавек, які раскаяўся, чалавек, які разбурыўся». Мы з ім дыскутавалі на гэтую тэму… Другі следчы быў кадравы афіцэр. Адчувалася, што яму лянота ўсе гэтыя паперкі запаўняць. Яны ўвесь час нешта пісалі. Аднойчы ён даў мне цыгарэту. Людзі сядзелі падоўгу. Месяцамі. Паміж катамі і ахвярамі завязваліся чалавечыя… ну, чалавечымі іх не назавеш, але нейкія ўсё ж такі адносіны. Але адно не выключала іншага… «Падпішыце». Чытаю пратакол. — «Я гэтага не казаў». Б’юць. Старанна б’юць.
Іх усіх потым саміх расстралялі. Адправілі ў лагер.
Гэта было раніцай… Адчыняецца камера. Каманда: «На выхад!» Я — у адной кашулі. Хачу апрануцца. «Не!» Вядуць у нейкі падвал… Там ужо чакае следчы з паперай: «Падпішаце — так ці не?» Адмаўляюся. «Тады — да сценкі!» Бах! Стрэл — над галавой… «Ну як — падпішаце?» Бах! І так тры разы. Вядуць назад, па нейкіх лабірынтах… аказваецца, у турме столькі падвалаў! Я не падазраваў. Вялі так, каб зняволены нічога не ўбачыў. І нікога не пазнаў. Калі нехта ідзе насустрач, канваір дае каманду: «Мордай да сценкі!» Але я ўжо быў дасведчаны. Падглядаў. Так я сустрэўся са сваім начальнікам па курсах чырвоных камандзіраў. І са сваім былым прафесарам у саўпартшколе … (Маўчыць.) З Вярхоўцавым мы былі шчырыя: «Злачынцы! Савецкую ўладу пляжаць. Яны адкажуць за гэта». Некалькі разоў яго дапытвала жанчына-следчы: «Калі мяне катуюць, яна становіцца прыгожай. Ты разумееш, яна тады прыгожая». Уражлівы чалавек. Гэта ад яго я даведаўся, што Сталін у юнацтве пісаў вершы… (Заплюшчыў вочы.) Я цяпер, бывае, прачынаюся ў халодным поце: і мяне маглі накіраваць на працу ў энкавэдэ. І я б пайшоў. У мяне партбілет у кішэні. Чырвоная кніжачка.
Званок у дзверы. Прыехала медсястра. Памерала ціск. Зрабіла ўкол.
Увесь гэты час размова хоць урыўкамі, але працягваецца.
…Я неяк падумаў: сацыялізм не вырашае праблему смерці. Старасці. Метафізічнага сэнсу жыцця. Праходзіць наўзбоч. Толькі ў рэлігіі ёсць адказы на гэта. Та-а-ак… У трыццаць сёмым мяне б за такія размовы… …Кнігу «Чалавек-амфібія» Аляксандра Бяляева чыталі? Там геніяльны вучоны хоча зрабіць свайго сына шчаслівым і ператварае яго ў чалавека-амфібію. Але сыну неўзабаве становіцца сумна аднаму ў акіяне. Ён хоча быць як усе: жыць на зямлі, пакахаць звычайную дзяўчыну. Гэта ўжо немагчыма. І ён гіне. А бацьку здалося, што ён раскрыў таямніцу… Што ён — Бог! Вось ён — адказ усім вялікім утапістам!
…Ідэя была выдатная! Але што вы з чалавекам зробіце? Чалавек не змяніўся з часоў Старажытнага Рыма…
Читать дальше