— А ў нас у горадзе быў Дом інвалідаў. Моладзь без рук, без ног. Усе з ордэнамі. Іх дазволілі разабраць па хатах… афіцыйны быў дазвол… Бабы засумавалі па мужчынскай пяшчоце і кінуліся іх забіраць: хто на тачцы вязе, хто ў дзіцячым вазку. Хацелася, каб у хаце мужыком запахла, каб павесіць мужчынскую кашулю на вяроўцы ў двары. Неўзабаве павезлі іх назад… Гэта ж не цацка… і не кіно. Паспрабуй гэты кавалак мужчыны палюбіць. Ён злосны, пакрыўджаны, ён ведае, што яму здрадзілі.
— Этот день Победы…
жаночая гісторыя
— А я пра сваё каханне раскажу… Немцы прыехалі ў нашу вёску на вялікіх машынах, толькі каскі наверсе блішчалі. Маладыя, вясёлыя. Скублі дзевак. Першы час за ўсё плацілі: за курыцу, за яйкі. Расказваю гэта, і ніхто мне не верыць. Чыстая праўда! Плацілі яны дойчмаркамі… Што мне вайна? У мяне — каханне! Адно ў галаве: калі я яго ўбачу? Прыйдзе, сядзе на лаўцы і глядзіць на мяне, глядзіць. Усміхаецца. «Чаго ты ўсміхаешся? — «А так…» Да вайны мы разам у школе вучыліся. Бацька ў яго памёр ад сухотаў, а дзеда раскулачылі, выслалі з сям’ёй у Сібір. Успамінаў, як мама пераапранала яго маленькага ў дзяўчынку і вучыла, што, калі па іх прыйдуць, каб ён уцёк на станцыю, сеў на цягнік і з’ехаў. Іван яго звалі… А ён мяне: «Любачка мая…» Толькі так… Не было нам зоркі, не было нам шчасця. Прыехалі немцы, і хутка вярнуўся яго дзед, злосны прыехаў, вядома. Адзін. Усю сям’ю на чужыне пахаваў. Распавядаў, як іх везлі па сібірскіх рэках. Выгрузілі ў цёмнай тайзе. На дваццаць-трыццаць чалавек далі адну пілу і сякеру. Лісце елі… кару грызлі… Камуністаў дзед ненавідзеў! Леніна і Сталіна! З першага дня пачаў помсціць. Паказваў немцам: гэты камуніст… і гэты… Кудысьці гэтых мужчын забіралі… Я доўга вайну не разумела…
Мыем разам каня на рацэ. Сонца! Сушым разам сена, і яно мне так пахне! Я нічога гэтага не ведала, я так раней не адчувала. Без кахання я была простая дзяўчынка, звычайная, пакуль не пакахала. Бачу прарочы сон… Рэчка ў нас невялікая, а я тану ў гэтай рэчцы, мяне зацягвае падводнай плынню, ужо я пад вадой. Не зразумела як, якім чынам, але нехта мяне падымае, штурхае наверх, толькі я чамусьці напаўапранутая. Плыву да берага. Тады была ноч, а то ўжо раніца. На беразе стаяць людзі, уся наша вёска. Выходжу з вады голая… зусім голая…
У адным доме быў патэфон. Збіралася моладзь. Танчылі. Варажылі на нарачонага, варажылі па Псалтыры, на смале… па фасолі… Па смалу дзяўчына мусіла сама пайсці ў лес і знайсці старую хвою, маладое дрэва не падыходзіла, у ім няма памяці. Моцы няма. Усё гэта праўда… Я ў гэта і цяпер веру… А фасолю раскладвалі па кучках і лічылі: цот-няцот. Мне васямнаццаць гадоў… Зноў жа, вядома… У кніжках пра гэта не пішуць… Пры немцах жыць нам стала лепей, як пры Саветах. Немцы адчынілі цэрквы. Закрылі калгасы і раздалі зямлю — на аднаго чалавека два гектары, адзін конік на двух гаспадароў. Усталявалі цвёрды падатак: увосень мы здавалі збожжа, гарох, бульбу і па адным кабанчыку з двара. Здавалі, і нам заставалася. Усе былі задаволеныя. Пры Саветах гаравалі. Брыгадзір ставіў у сшытку «палачкі» — працадні. Увосень за гэтыя працадні — атрымай дулю! А тут у нас і мяса, і алей. Іншае жыццё! У людзей радасць, што волю атрымалі. Надышоў нямецкі парадак… Не накарміў каня — адлупяць пугаю. Ці не падмёў ля двара… Памятаю размовы: да камуністаў прызвычаіліся, і да немцаў прывыкнем. Навучымся па-нямецку жыць. Так было… усё ў памяці жывое… Ноччу ўсе баяліся «лясных» людзей, наведвалі яны без запрашэння. Адзін раз і да нас зайшлі: у аднаго — сякера, у другога — вілы: «Сала, маці, давай. Самагонкі. І не шумі моцна». Я вам распавядаю, як яно ў жыцці было, а не як у кніжках пішуць. Партызанаў па першым часе не любілі…
Прызначылі дзень нашага вяселля… Пасля дажынак. Калі скончацца палявыя работы і апошні сноп бабы кветкамі абкруцяць… (Маўчыць.) Памяць слабее, а душа ўсё памятае… Пачаўся дождж пасля абеду. Усе бягуць з поля, і мама вяртаецца. З плачам: «Божа! Божа! Твой Іван запісаўся ў паліцыю. Будзеш жонкай паліцая». — «Не хачу-у-у!» Плачам з мамай удзвюх. Увечары прыходзіць Іван, сеў і вачэй не падымае. «Іван, мой міленькі, што ж ты пра нас не падумаў?» — «Любка… Любачка мая…» Гэта дзед яго прымусіў. Чорт стары! Напалохаў: «Не запішашся ў паліцыю, адправяць у Германію. Не ўбачыш ты сваёй Любкі! Забудзься!» Дзед марыў… Хацеў, каб нявестка ў яго была немка… Немцы круцілі фільмы пра Германію, якое там выдатнае жыццё. Многія дзяўчаты і хлопцы верылі. З’язджалі. Перад адпраўкай ладзілі гулянні. Іграў духавы аркестр. Грузіліся ў цягнікі ў туфліках… (Дастае таблеткі з сумкі.) Дрэнныя мае справы… Лекары кажуць, што медыцына не дапаможа… памру неўзабаве… ( Маўчыць.) Хачу, каб каханне маё засталося. Мяне не будзе, а людзі хай чытаюць…
Читать дальше