Вакол вайна, а мы шчаслівыя. Год пражылі — муж і жонка. Я цяжарная. Ад нас чыгуначная станцыя была зусім блізка. То ехалі на фронт нямецкія саставы, салдаты ўсе маладыя, вясёлыя. Песні гарлалі. Убачаць: «Мэдхэн! Кляйнэ мэдхэн!» Смяюцца. А тут стала менш маладых, болей людзей ва ўзросце. То былі ўсе вясёлыя, а гэтыя едуць сумныя. Весялосці няма. Савецкая армія перамагае.
«Іван, — пыталася я, — што з намі будзе?» — «На мне крыві няма. Я ні разу ў чалавека не стрэліў». (Маўчыць.) Мае дзеці нічога гэтага не ведаюць, я ім не прызналася. Можа, перад самым канцом… перад смерцю… Адно скажу: каханне — атрута…
Праз два дамы ад нас жыў хлопец, якому я таксама падабалася, ён мяне на танцах заўсёды запрашаў. Толькі са мной танчыў. «Я пайду цябе праводзіць». — «У мяне ёсць праважаты». Прыгожы хлопец… Пайшоў у лес. Да партызан. Казалі, хто бачыў, што носіць кубанку з чырвонай стужкай. Ноччу стук у дзверы: «Хто?» — «Партызаны». Уваходзіць гэты хлопец і яшчэ адзін, старэйшы. Залётнік мой пачынае так: «Як жывеш, паліцаечка? Даўно хацеў цябе наведаць. А мужык дзе?» — «Адкуль мне ведаць? Сёння не прыехаў. У гарнізоне, відаць, застаўся». Тут ён хапае мяне за руку і кідае да сценкі: нямецкая лялька… і падсцілка… і на б… пасылае і на х… Нямецкага халуя, кулацкага вырадка выбрала, а са мной цэлачку з сябе строіла. І нібы як пісталет з-за пазухі вымае. Мама ўпала перад імі на калені: «Страляйце, хлопчыкі, страляйце. Я з вашымі мамкамі ў дзеўках гуляла. Няхай і яны потым паплачуць». Неяк маміны словы на іх падзейнічалі. Пагаманілі паміж сабой і сышлі. (Маўчыць.) Каханне — гэта горка-горка…
Фронт усё бліжэй і бліжэй. Па начах ужо кананаду чуваць. Уначы — госці. «Хто?» — «Партызаны». Уваходзіць мой залётнік… і з ім яшчэ адзін… Мой залётнік паказвае мне пісталет: «Вось з гэтага пісталета я забіў твайго мужа». — «Няпраўда! Няпраўда!» — «Цяпер у цябе мужа няма». Я думала, што я яго заб’ю… што я… вочы яму выкалупаю… ( Маўчыць.) А раніцай прывезлі майго Івана… На санках… на шынялі… Вочы заплюшчаныя, твар дзіцячы. Ён жа нікога не забіў… Я яму верыла! І цяпер веру! Каталася па падлозе, выла. Мая мама баялася, што я звар’яцею і дзіцятка мёртвым або ненармальным народзіцца, пабегла да шаптухі. Да бабкі Стасі. «Я ведаю тваю бяду, — сказала яна маме, — але я тут не дапамагу. Няхай дачка Бога просіць». І навучыла, як прасіць… Калі Івана павязуць хаваць, я мусіла пайсці не за труной, як усе людзі ідуць, а паперадзе. Да самых могілак. А гэта праз усю вёску… Да канца вайны ўжо шмат мужчын сышло ў лес. Партызанілі. У кожнай хаце хтосьці загінуў. (Плача.) І я ішла… перад труной паліцая… Я паперадзе, а мама ззаду. Усе людзі павыходзілі з хат, стаялі каля брам, але ніхто злога слова не кінуў. Глядзелі і плакалі.
Вярнуліся Саветы… Мяне зноў знайшоў гэты хлопец… Прыехаў на кані: «Табой ужо цікавяцца». — «Хто?» — «Хто-хто? Органы». — «А мне ўсё роўна, дзе знайду сваю смерць. Няхай гоняць у Сібір». — «Што ты за маці? У цябе дзіця». — «Ты ведаеш, чыё…» — «Я цябе і такую вазьму». І я выйшла за яго замуж. За забойцу свайго мужа. Нарадзіла яму дзяўчынку… ( Плача.) Ён аднолькава дзяцей любіў: і майго сына, і сваю дачку. Не буду нагаворваць. А я… я… у сіняках, у крывавых пісягах хадзіла. Ноччу б’е, а раніцай на каленях стаіць, прабачэння просіць. Яго выпальвала нейкая жарсць… Раўнаваў да мёртвага… На досвітку людзі ўсе спяць, а я ўжо ўстаю. Мне трэба раней, каб ён не прачнуўся… не абняў… Уначы ніводнае акно ўжо не свеціцца, а я яшчэ на кухні. Каструлі мае блішчалі. Чакаю, калі ён засне. Пражылі мы з ім пятнаццаць гадоў, і ён цяжка захварэў. Памёр за адну восень. (Плача.) Я не вінаватая… я яму смерці не жадала. Прыйшла тая хвіліна… апошняя… То тварам да сцяны ляжаў, а тут павярнуўся да мяне: «Ты мяне кахала?» Прамаўчала. Засмяяўся, як тады ноччу, калі пісталет паказаў… «А я цябе адну ўсё жыццё кахаў. Так кахаў, што хацеў забіць, калі даведаўся, што памру. У Яшкі (наш сусед, ён звярыныя скуркі вырабляе) атруты прасіў. Не магу перажыць: я памру, а ў цябе яшчэ нехта будзе. Ты — прыгожая».
Ляжаў у труне… і нібыта смяяўся… Баялася да яго падысці. А трэба было пацалаваць.
(Хор.)
«Вставай, страна огромная,
Вставай на смертный бой…
Пусть ярость благородная вскипает, как волна.
Идет война народная,
Священная война…»
— Пакрыўджаныя сыходзім…
— Я дочкам сказала: калі памру, каб была толькі музыка, а людзі няхай маўчаць.
— Пасля вайны палонныя немцы камяні цягалі. Адбудоўвалі горад. Галодныя. Прасілі хлеба. А я не магла даць ім кавалачак хлеба. Часам менавіта гэты момант успамінаю… гэты… Дзіўна, што такія рэчы ў памяці застаюцца…
Читать дальше