…Вось хлебніца… Як толькі ён бачыў хлеб, ён пачынаў яго метадычна з’ядаць. Любую колькасць. Хлеб нельга пакідаць. Гэта пайка. Вось есць і есць, колькі ёсць хлеба, столькі і з’есць. Я не адразу зразумела… …Распавядаў пра школу… На ўроках гісторыі яны адгортвалі падручнік і на партрэтах маршалаў Тухачэўскага, Блюхера малявалі турэмныя краты. Дырэктар школы камандавала. Пры гэтым нешта спявалі, смяяліся. Як гульня. Пасля ўрокаў яго білі і пісалі на спіне крэйдай «сын ворага народа».
…Крок у бок — застрэляць, дабяжыш да лесу — дзікія звяры разарвуць. У бараку ўначы свае маглі зарэзаць. А проста так — узяў і зарэзаў. Ніякіх слоў… нічога… Гэта лагер, кожны жыве сам з сабой. Гэта мне трэба было зразумець …Пасля прарыву ленінградскай блакады прыбыў да іх этап блакаднікаў. Шкілеты… косткі… мала падобныя да людзей… Пасадзілі іх за тое, што яны схавалі хлебныя карткі на пяцьдзясят грамаў хлеба (дзённая норма) памерлай маці… дзіцяці… Давалі за гэта па шэсць гадоў. Два дні ў лагеры — страшная цішыня. Вохраўцы… і яны маўчалі… …Працаваў пэўны час у кацельні… хтосьці ж яго, дахадзягу, ратаваў. Апальшчык быў маскоўскі прафесар-філолаг, а ён падвозіў яму дровы на тачцы. Яны спрачаліся: ці можа чалавек, які цытуе Пушкіна, страляць па бяззбройных людзях? Які слухае Баха…
Чаму ж усё-такі ён? Менавіта ён? Рускія жанчыны любяць знайсці вось такіх няшчасных. Мая бабуля кахала аднаго, бацькі аддалі замуж за іншага. Як ён ёй не падабаўся, як не хацела! Госпадзі! І вырашыла, калі ў царкве бацюшка звернецца да яе: ці ідзеш па сваёй волі? — яна адмовіцца. А бацюшка напіўся, і замест таго, каб спытаць як мае быць, сказаў: «Ты яго не крыўдзі, ён ногі на вайне адмарозіў». Ну што, вядома, трэба ўжо выходзіць замуж. Так бабуля на ўсё жыццё атрымала нашага дзядулю, якога ніколі не кахала. Выдатная застаўка да ўсяго нашага жыцця… «Ты яго не крыўдзі, ён ногі на вайне адмарозіў». Ці была шчаслівая мая мама? Мама… Тата вярнуўся з вайны ў сорак пятым… Зняможаны, стомлены. Хворы ад ран. Пераможцы! Толькі іх жонкі ведаюць, што такое жыць з пераможцамі. Мама часта плакала, калі бацька вярнуўся. Пераможцы ўваходзілі ў нармальнае жыццё гадамі. Прывыкалі. Памятаю татавы апавяданні, як па першым часе ён вар’яцеў ад слоў «лазню напалім», «сходзім на рыбу». Нашы мужчыны — пакутнікі, яны ўсе з траўмай — або пасля вайны, або пасля турмы. Пасля лагера. Вайна і турма — два галоўныя нашыя словы. Нашыя! У нашай жанчыны ніколі не было нармальнага мужчыны. Яна лечыць, лечыць. Трымае мужчыну трошкі за героя, трошкі за дзіця. Ратуе. Дагэтуль. У яе ўсё тая ж роля. Савецкі Саюз разваліўся… Цяпер у нас — ахвяры развалу імперыі. Крушэння. Нават Глеб быў смялейшы пасля ГУЛАГа. У яго быў гонар: а вось я выжыў! Вось я перажыў! Я такое бачыў! Але пішу кнігі, цалую жанчын… Ён быў з гонарам. А ў гэтых у вачах страх. Толькі страх… Войска скарачаецца, заводы стаяць… Інжынеры і лекары на рынку гандлююць. Кандыдаты навук. Колькі іх вакол, скінутых з паравоза. Сядзяць на ўзбочыне, чагосьці чакаюць. У маёй знаёмай муж быў лётчыкам,
камандзірам эскадрыллі. Звольнілі ў запас. Калі яна страціла працу, адразу ж перавучылася — была інжынерам, стала цырульнікам. А ён дома сядзіць і п’е з гора, п’е таму, што яму, баявому лётчыку — Афганістан прайшоў — трэба дзецям кашу варыць. Вось… Крыўда ў яго на ўсіх. Злосць. Хадзіў у ваенкамат, прасіўся куды-небудзь на вайну, на спецзаданне — яму адмовілі. Ахвотнікаў поўна. У нас жа тысячы беспрацоўных вайскоўцаў, тых, хто ведае толькі аўтамат і танк. Непрыдатных для іншага жыцця. Нашым жанчынам даводзіцца быць мацнейшымі за мужчын. Матляцца з клятчастымі сумкамі па ўсім свеце. Ад Польшчы да Кітая. Купляюць-прадаюць. Нясуць на сабе дом, дзяцей і старых бацькоў. І мужоў сваіх. І краіну. Цяжка чужому гэта растлумачыць. Немагчыма. Мая дачка выйшла замуж за італьянца… Яго завуць Серджа… Ён — журналіст. Калі яны да мяне прыязджаюць, мы з ім ладзім на кухні дыскусіі. Па-руску… да світання… Серджа перакананы, што рускія любяць пакуты, гэта фокус рускага духу. Для нас пакуты — «асабістая бітва», «шлях да збавення». А вось яны, італьянцы, — не такія, яны не жадаюць пакутаваць, любяць жыццё, якое для радасці дадзена, а не для пакуты. А ў нас гэтага няма. Пра радасць мы рэдка гаворым… Пра тое, што шчасце — гэта цэлы свет. Надзвычайны свет! Там столькі куткоў, вокнаў, дзвярэй, і столькі трэба да іх ключыкаў. А нас увесь час цягне ў цёмныя бунінскія алеі. Вось… Ідуць яны з дачкой з супермаркета — ён нясе сумкі. Увечары яна можа граць на піяніна, а ён будзе гатаваць вячэру. У мяне ўсё было інакш: ён возьме сумкі, а я забяру: «Я сама. Табе нельга». Зойдзе на кухню: «Тваё месца не тут. Марш за пісьмовы стол». Я заўсёды свяціла адлюстраваным святлом. Год прайшоў, а можа, больш… Павінен быў ён ужо прыехаць да мяне дадому… ну, пазнаёміцца з усімі. Я яго папярэдзіла, што мама ў мяне добрая, а вось дзяўчынка не зусім… не такая, як усе… Што яна добра сустрэне — не гарантую. Ой, мая Анька… Усё цягнула да вуха: цацку, камень, лыжку… Дзеці цягнуць у рот, а яна да вуха — як гучыць! Я даволі рана пачала займацца з ёй музыкай, але нейкае дзіўнае дзіця, як толькі стаўлю кружэлку, яна паварочваецца і сыходзіць. Ёй не падабалася чыя-кольвек музыка, цікавіла толькі тая, што ўнутры яе самой гучыць. Ну вось, Глеб прыехаў, вельмі збянтэжаны, падстрыжаны неяк няўдала, коратка, асабліва прыгожы не быў. І прывёз кружэлкі. Нешта пачаў расказваць, як ён ішоў… як ён гэтыя кружэлкі набыў… А ў Анькі слых… яна не словы чуе, а інакш… гэтыя інтанацыі… Адразу ўзяла кружэлкі: «Якія плыгожыя клужэлкі». Вось так… Праз нейкі час яна мяне ставіць у тупік: «Як бы мне яго татам не назваць?» Ён не стараўся ёй падабацца, проста яму з ёй было цікава. Любоў у іх атрымалася адразу… Я нават раўнавала, што яны любяць адно аднаго больш за мяне. Потым пераканала сябе, што ў мяне іншая роля… ( Маўчыць.) Вось ён у яе пытаецца: «Ань, ты заікаешся?» — «Цяпер ужо горш, а вось раней добра заікалася». Не засумуеш. За ёй можна было запісваць. Значыць: «Як бы мне яго татам не назваць?» Мы сядзім у парку… Глеб адышоў па цыгарэты, вяртаецца: «Пра што, дзяўчынкі, гаворка?» Я міргаю ёй — ні ў якім разе, прынамсі няветліва. А яна: «Тады ты скажы». Ну што? Што застаецца? Прызнаюся яму: яна баіцца, як бы цябе выпадкова татам не назваць. Ён: «Справа, вядома, не простая, але калі хочацца вельмі, назаві». — «Ты толькі глядзі, — сур’ёзна кажа мая Анька, — у мяне ёсць яшчэ адзін тата, але ён мне не падабаецца. І мама яго не любіць». Так у нас з ёй заўсёды. Мы спальваем масты. Па дарозе дадому ён ужо быў татам. Яна бегла і крычала: «Тата! Тата!» Назаўтра ў дзіцячым садку ўсім абвясціла: «Мяне вучыць чытаць тата». — «А хто твой тата?» — «Яго завуць Глеб». Яшчэ праз дзень яе сяброўка прынесла з дому навіну: «Анька, ты хлусіш, у цябе няма таты. Гэты твой тата не родны». — «Не, гэта той быў няродны, а гэты родны». З Анькаю спрачацца марна, ён стаў «татам», а я? Я — яшчэ не жонка… не…
Читать дальше