(Задумалася.) У яго, відаць, былі сумневы… Але так хацелася новага. Добрага і светлага, вельмі справядлівага. Бегалі шчаслівыя на ўсе дэманстрацыі і мітынгі… Да таго часу натоўпу я баялася. Людзізму. Мне блага было ад натоўпу, ад гэтых святочных шэсцяў. Сцягоў. А тут усё мне падабалася… вакол такія родныя твары… Я гэтыя твары ніколі не забуду! Сумую па тым часе, шмат хто, я ведаю, сумуе. Першая нашая турпаездка з ім за мяжу. У Берлін. Пачуўшы расійскую мову, да нашай групы падышлі дзве маладыя немкі: «Рускія?» — «Так». — «Перабудова! Горбі!» — Сталі яны абдымаць нас. Я вось думаю: дзе тыя твары? Дзе тыя прыгожыя людзі, якіх я бачыла ў дзевяностыя гады на вуліцах? Яны што, усе з’ехалі?
…Калі я даведалася, што ў яго рак, я ўсю ноч плакала, а раніцай панеслася да яго ў бальніцу. Сядзеў на падваконні, жоўты і вельмі шчаслівы, ён заўсёды быў шчаслівы, калі нешта змянялася ў жыцці. То лагер быў, то высылка была, то потым воля пачалася, а вось зараз яшчэ нешта такое… Смерць як яшчэ адна перамена… «Баішся, што памру?» — «Баюся». — «Ну па-першае, я табе нічога не абяцаў. А па-другое, гэта будзе не так хутка». — «Праўда?» Я, як заўсёды, яму паверыла. Тут жа выцерла слёзы і пераканала сябе, што мне зноў трэба яму дапамагчы. Больш не плакала… да самага канца не плакала… Прыходзіла раніцай у палату, і тут пачыналася нашае жыццё, то мы жылі дома, а цяпер жывём у бальніцы. Паўгода яшчэ пражылі ў анкацэнтры…
Мала чытаў. Больш расказваў… Ён ведаў, хто на яго данёс. Хлопчык адзін… займаўся з ім у гуртку Дома піянераў. Ці то ён сам, ці яго прымусілі напісаць ліст: лаяў таварыша Сталіна, апраўдваў бацьку, «ворага народа». Следчы на допыце гэты ліст яму паказаў. Усё жыццё Глеб баяўся… Баяўся, што даносчык даведаецца, што ён ведае… Калі яму перадалі, што ў таго нарадзілася непаўнавартаснае дзіцё, ён спалохаўся — а раптам гэта адплата? Так выйшла, што мы нават пэўны час жылі побач, часта сустракаліся на вуліцы. У краме. Віталіся. Глеб памёр, і я распавяла пра гэта нашай агульнай сяброўцы… Яна не паверыла: «Н.? Не можа быць, ён так добра заўсёды гаворыць пра Глеба, як яны сябравалі ў дзяцінстве». Я зразумела, што мушу маўчаць. Вось… Для чалавека гэткая веда небяспечная… Ён гэта разумеў… Лагернікі да нас у дом прыходзілі рэдка, не шукаў ён іх. Калі яны з’яўляліся ў доме, я адчувала сябе чужой, яны прыходзілі адтуль, дзе мяне яшчэ не было. Ведалі пра яго больш, чым вядома было мне. Я выявіла, што ў яго ёсць яшчэ нейкае жыццё… Я зразумела, што жанчына можа расказаць пра свае прыніжэнні, а мужчына — не, жанчыне лягчэй прызнацца, таму што дзесьці глыбока яна гатовая да гвалту, нават вось сам палавы акт… Кожны месяц жанчына пачынае жыццё нанова… гэтыя цыклы… Сама прырода ёй дапамагае. Сярод жанчын, якія сядзелі ў лагерах, шмат адзінокіх. Я мала бачыла такія пары, каб абодва — ён і яна — адтуль. Іх не аб’ядноўвала, а раз’ядноўвала нейкая таямніца. Мяне яны называлі «дзетачка»… «Табе цікава з намі? — пытаўся Глеб, калі госці сыходзілі. «Што за пытанне?» — крыўдзілася я. — «Ведаеш, чаго я баюся? Калі гэта было цікава, у нас быў кляп у роце, а цяпер, калі мы можам усё расказаць, ужо позна. Ніхто ўжо не слухае. Не чытае. Выдаўцам прыносяць новыя рукапісы пра лагеры, яны вяртаюць іх, не чытаючы: «Ізноў Сталін і Берыя? Не камерцыйны праект. Чытач ужо аб’еўся».
…Прывык паміраць… Не баяўся гэтай маленькай смерці… Брыгадзіры-блатныя прадавалі іх пайкі хлеба, прайгравалі ў карты, і яны елі бітум. Чорны бітум. Многія гінулі — склейваўся страўнік. А ён проста перастаў есці, толькі піў.
…Адзін хлопчык пабег… спецыяльна пабег, каб яго застрэлілі… Па снезе… пад сонцам… Выдатна бачны. Стрэлілі ў галаву, прыцягнулі на вяроўцы і паставілі каля барака — глядзіце! Доўга ён там стаяў… да вясны… …Дзень выбараў… Канцэрт на выбарчым участку. Выступае лагерны хор. Стаяць палітычныя, уласаўцы, прастытуткі, злодзеі — і спяваюць песню пра Сталіна: «Сталин — наше знамя! Сталин — наше счастье».
…На перасылцы сустрэў дзяўчынку. Яна распавядала, як следчы ўгаворваў яе падпісаць пратакол: «Паедзеш у пекла… Але ты прыгожая, спадабаешся якому-небудзь начальніку. І так выратуешся».
…Вясной было асабліва страшна. Усё ў прыродзе змяняецца… усё пачынае жыць… Ні ў кога лепш не пытацца, колькі яму засталося сядзець. Увесну любы тэрмін — вечнасць! Птушкі лятуць — ніхто галавы не падымае. У неба вясной не глядзяць…
Азірнулася каля дзвярэй — памахаў рукой. Вяртаюся праз некалькі гадзін — ён ужо трызніць. Кагосьці просіць: «Пачакай. Пачакай». Потым аціх, проста ляжаў. Яшчэ тры дні. Я і да гэтага прывыкла. Ну вось, ён тут ляжыць, а я тут жыву. Мне паставілі ложак з ім побач. Вось… Трэці дзень… Ужо цяжка калоць унутрывенныя… Тромбы… Я павінна дазволіць дактарам усё спыніць, яму не будзе балюча, ён не пачуе. І мы з ім засталіся зусім удваіх. Ні прыбораў, ні дактароў, да яго ніхто больш не заходзіць. Я легла побач. Холадна. Залезла пад коўдру да яго і заснула. Прачнулася… на секунду мне здалося: мы спім у сябе дома, расчыніўся балкон… ён яшчэ не прачнуўся… Страшна расплюшчыць вочы… Расплюшчыла — усё ўспомніла… Тут я пачала кідацца… Устала, паклала рукі яму на твар: «А-а-ах…» — пачуў мяне. Пачалася агонія… і я так сядзела… руку яго трымала, апошні ўдар сэрца адчула. Яшчэ доўга так сядзела… Паклікала нянечку, яна дапамагла мне апрануць яму кашулю, блакітную, яго ўлюбёны колер. Я спытала: «Можна пасядзець?» — «Так, калі ласка. Не баіцеся?» Чаго ж мне баяцца? Я ведала яго… як маці ведае сваё дзіця… Да раніцы ён стаў прыгожы… Знік з твару страх, сышло напружанне, уся жыццёвая мітусня. І я ўбачыла тонкія, выкшталцоныя рысы. Твар усходняга прынца. Вось які ён! Вось які ён насамрэч! Такім я яго не ведала.
Читать дальше