«Ручкамі! Ручкамі бяры!» Жывёлы! Маглі прымусіць бегаць па казарме голым… танцаваць… У маладога салдата ніякіх правоў… Тата: «Савецкая армія — лепшая ў свеце…»
І… надыходзіць такі момант… З’яўляецца думка, такая подлая думка: я ім трусы, анучы памыю, потым сам выб’юся ў жывёлы, і ўжо мне будуць трусы мыць. Гэта я дома думаў пра сябе, што я такі белы і пухнаты. Мяне не зламаеш і маё «я» не заб’еш. Гэта «да таго»… ( Паўза.) Есці хацелася заўсёды, асабліва салодкага. У арміі ўсё крадуць, замест належных сямідзесяці грамаў салдату застаецца трыццаць. Сядзелі аднойчы тыдзень без кашы — вагон пярлоўкі хтосьці на станцыі спёр. Снілася булачная… кексы з разынкамі… Стаў майстрам абірання бульбы. Віртуозам! За гадзіну магу начысціць тры вядры бульбы. Салдатам прывозяць нестандарт, як на ферму. Сядзіш у шалупінні… Бляааа! У нарадзе на кухні падыходзіць сяржант да салдата: «Начысціць тры вядры бульбы». Салдат: «У космас ужо даўно лётаюць, а машынку для абірання бульбы не вынайшлі». Сяржант: «У войску, радавы… усё ёсць. І машынка для абірання бульбы таксама. Гэта — ты. Найноўшая мадэль». Салдацкая сталовая — поле цудаў… Два гады: каша, квашаная капуста і макароны, суп з мяса, якое захоўвалі на ваенных складах на выпадак вайны. Колькі яно там ляжала? Пяць-дзесяць гадоў… Усё запраўляецца камбітлушчам, вялікія пяцілітровыя, такія аранжавыя бляшанкі. На Новы год у макароны ўлівалі згушчонку — ласунак! Сяржант Валерыян: «Печыва дома будзеце есці і частаваць сваіх блядзей…» Ані відэльца, ані чайнай лыжачкі паводле статуту салдату мець нельга. Лыжка — адзіны прыбор. Камусьці даслалі з дому пару чайных лыжачак. Божа мой! З якім задавальненнем мы сядзелі і размешвалі гарбату ў шклянках. Цывільны кайф! Трымаюць за быдла, і раптам — чайная лыжачка. Божа мой! Недзе ж у мяне ёсць дом… Заходзіць дзяжурны капітан… Убачыў: «Што? Што такое! Хто дазволіў? Неадкладна ачысціць памяшканне ад хламу!» Якія лыжачкі! Салдат — не чалавек. А прадмет… прыстасаванне… прылада для забойства… (Паўза.) Дэмбель. Нас… чалавек дваццаць… Прывезлі на машыне на чыгуначную станцыю і выгрузілі: «Ну што, пакуль! Пакуль, хлопцы! Шчасліва на гражданцы». Мы стаім. Паўгадзіны прайшло — стаім. Гадзіна прайшла… Стаім! Азіраемся. Чакаем загаду. Хтосьці павінен нам даць каманду: «Бягом! У касу па квіткі!» Загаду няма. Не памятаю, колькі часу прайшло, пакуль мы зразумелі, што каманды не будзе. Самім трэба вырашаць. Ё-маё! За два гады мазгі адбілі…
Да самагубства я падыходзіў разоў пяць… А як? Павесіцца? Будзеш у гаўне сваім вісець, язык вываліцца… назад у горла не запхаюць… Як у таго хлопца ў цягніку, калі нас у часць везлі. Абмацюкаюць… свае ж… Саскочыць з вышкі — фарш атрымаецца! Узяць аўтамат і ў часе дазору — у галаву… расколе, як кавун. Маму ўсё-ткі шкада. Камандзір прасіў: «Толькі не страляйцеся. Людзей спісаць лягчэй, чым патроны». Жыццё салдата таннейшае за табельную зброю. Ліст ад дзяўчыны… Гэта вельмі шмат значыць у арміі. Рукі трасуцца. Лісты захоўваць нельга. Праверка тумбачак: «Бабы вашы, будуць нашы. А вам яшчэ служыць, як медным чайнікам. Нясі сваю макулатуру ва ўнітаз». Належыць табе набор: брытва, аўтаручка і нататнік. Сядзіш у сарціры і чытаеш апошні раз: «Люблю… Цалую…» Бляааа! Абаронцы Радзімы! Ліст ад бацькі: «Ідзе вайна ў Чачні… Ты мяне разумееш!» Папа героя дадому чакае… А ў нас прапаршчык адзін быў у Афгане, паехаў добраахвотнікам. Вайна прайшлася па ягонай галаве моцна. Нічога не расказваў, баяў толькі «афганскія» анекдоты. Ё-маё! Усе гігікалі… Салдат цягне на сабе цяжка параненага сябра, той сплывае крывёй. Даходзіць. Просіць: «Страляй! Больш не магу!» — «У мяне патронаў няма. Скончыліся». — «А ты купі». — «Дзе я іх табе куплю? Вакол горы, няма нікога». — «А ты ў мяне купі». ( Смяецца.) «Таварыш афіцэр, чаму вы папрасіліся ў
Афган?» — «Хачу стаць маёрам». — «А генералам?» — «Не, генералам я не стану — у генерала свой сын ёсць». ( Паўза.) У Чачню ніхто не прасіўся. Ніводнага добраахвотніка не памятаю… Бацька прыходзіў да мяне ў сне: «Ты прысягу прыняў? Стаяў пад Чырвоным сцягам: «Клянуся свята прытрымлівацца… строга выконваць… мужна абараняць… А калі я парушу гэтую маю ўрачыстую прысягу, дык хай мяне спасцігне суровая кара… усеагульная нянавісць і пагарда…» У сне я ўцякаў кудысьці, ён цэліўся ў мяне… цэліўся…
Стаіш на варце. У руках — зброя. І адна думка: секунда-дзве — і ты вольны. Не бачны нікому. Ужо, сукі, не дастанеце! Ніхто… Ніхто! Калі шукаць прычыну, трэба пачынаць з таго часу, калі мама хацела дзяўчынку, а тата, як заўсёды, аборт. Сяржант сказаў, што ты — мяшок з гаўном… дзірка ў прасторы… ( Паўза.) Афіцэры былі розныя: адзін — інтэлігент, які спіўся, гаварыў па-ангельску, а ў асноўным — шэрыя п’яніцы. Напіваліся да глюкаў… Маглі ўначы падняць усю казарму і прымусіць бегаць па пляцы, пакуль салдаты не падалі. Афіцэраў называлі шакаламі. Дрэнны шакал… добры шакал… (Паўза.) Хто вам раскажа, як дзесяць чалавек гвалцяць аднаго… ( Злосны смех.) Гэта не цацкі і не літаратура… (Паўза.) На самазвале, як быдла, вазілі на камандзірскае лецішча. Цягалі бетонныя пліты… ( Злосны смех.) Барабаншчык! Валі гімн Савецкага Саюза!
Читать дальше