«Мужчыны не плачуць». Тата дарыў нам вайсковыя фуражкі, па выхадных ставіў кружэлкі з ваеннымі песнямі. Мы з братам сядзелі і слухалі, а па шчацэ ў таты спаўзала «скупая мужчынская сляза». Калі ён быў п’яны, ён заўсёды расказваў нам адну і тую ж гісторыю: як «героя» блакіравалі ворагі, і ён адстрэльваўся да апошняга патрона, а апошні патрон выпусціў у сваё сэрца… У гэтым месцы бацька заўсёды па-кіношнаму падаў і заўсёды чапляў нагою табурэтку, і яна таксама падала. Тут было смешна. Бацька цверазеў і крыўдзіўся: «Нічога смешнага няма, калі герой памірае».
Я не хацеў паміраць… У дзяцінстве вельмі страшна думаць пра смерць… «Мужчына павінен быць падрыхтаваны», «святы абавязак перад Радзімай»… «Што? Ты не ведаеш, як разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава?» — Не, для таты гэта было неўявіма. Ганьба! О! Як я хацеў малочнымі зубамі ўгрызціся ў татавы хромавыя боты, біцца і кусацца. За што ён мяне — па голай срацы перад суседскім Віцькам?! І яшчэ «дзяўчынкай» абзывае… А я не народжаны для танца смерці. У мяне класічны ўхіл… я хацеў танцаваць у балеце… Тата служыў вялікай ідэі. Як быццам трэпанацыя чэрапа ва ўсіх была, ганарыліся тым, што жылі без штаноў, але з вінтоўкай… (Паўза.) Мы выраслі… мы даўно выраслі… Бедалага-тата! Жыццё за гэты час змяніла жанр… Там, дзе ігралі аптымістычную трагедыю, цяпер разыгрываюць камедыю і баявік. Паўзе, паўзе, шышкі грызе… Адгадайце, хто гэта? — Аляксей Мярэсьеў. Улюбёны татаў герой…
«Дети в подвале играли в гестапо.
Зверски замучен сантехник Потапов…»
Гэта ўсё, што засталося ад татавай ідэі… А сам тата? Гэта ўжо стары чалавек, зусім не падрыхтаваны да старасці. Яму б радавацца кожнай хвіліне, на неба глядзець, на дрэвы. Хай бы ў шахматы гуляў або маркі збіраў… карабкі ад запалак… Сядзіць ля тэлевізара: пасяджэнні парламента — левыя, правыя, мітынгі, дэманстрацыі з чырвонымі сцягамі. Тата — там! Ён — за камуністаў. Збяромся за вячэрай… «У нас была вялікая эпоха!» — наносіць ён мне першы ўдар і чакае адказу. Тата прагне барацьбы, інакш жыццё губляе сэнс. Толькі — на барыкады і са сцягам! Вось мы глядзім з ім тэлевізар: японскі робат дастае з пяску іржавыя міны… адну… другую… Трыумф навукі і тэхнікі! Чалавечага розуму! Праўда, тату за дзяржаву крыўдна, што гэта не нашая тэхніка. Але тут… Нечакана да канца рэпартажу ў нас на вачах робат робіць памылку і ўзрываецца. Як кажуць, убачыў сапёра, які бяжыць, — бяжы за ім. У робата падобнай праграмы няма. Тата дзівіцца: «Трушчыць імпартную тэхніку? У нас што, асабовага складу не хапае?» У яго свае адносіны са смерцю. Тата жыў для таго, каб выканаць кожнае заданне партыі і ўрада. Жыццё каштавала менш за жалязякі.
На Сахаліне… Мы жылі каля могілак. Амаль кожны дзень я чуў пахавальную музыку: жоўтая труна — памёр нехта ў пасёлку, абабітая чырвоным кумачом — лётчык загінуў. Чырвоных трунаў было больш. Пасля кожнай чырвонай труны тата прыносіў дадому магнітафонную касету… Прыходзілі лётчыкі… На стале дыміліся пажаваныя папяросныя «бычкі», блішчэлі запацелыя шклянкі з гарэлкай. Круцілася касета: «Я — борт нумар… Рухавік стаў…» — «Ідзіце на другім». — «І гэты адмовіў» — «Паспрабуйце запусціць левы рухавік». — «Не запускаецца…» — «Правы…» — «Правы таксама…» — «Уключайце катапульту!» — «Ліхтар кабіны не скідваецца… Тваю маць!! Э-э-э… ы-ы-ы…» Я доўга ўяўляў смерць як падзенне з неймавернай вышыні: э-э-э… ы-ы-ы… Хтосьці з маладых лётчыкаў аднойчы спытаў у мяне: «Што ты, малы, ведаеш пра смерць?» Я здзівіўся. Мне здавалася, што я гэта ведаў заўсёды. Хавалі хлопчыка з нашай класы… распаліў вогнішча і накідаў туды патронаў…. Так ірванула! Вось ён… ляжыць у труне і як быццам удае мёртвага, усе глядзяць на яго, а ён недаступны нікому… Я не мог адвесці вачэй… як быццам я гэта ведаў заўсёды, нарадзіўся ўжо з гэтым веданнем. Можа, я ўжо калісьці паміраў? Ці мама, калі я яшчэ жыў у ёй, сядзела каля акна і глядзела, як везлі на могілкі: чырвоная труна, жоўтая труна… Я быў загіпнатызаваны смерцю, на працягу дня я думаў пра яе дзясяткі разоў. Шмат разоў думаў. Смерць пахла папяроснымі «бычкамі», недаедзенымі шпротамі і гарэлкай. Гэта не абавязкова бяззубая старая з касой, а можа, гэта прыгожая дзяўчына? І я яе ўбачу.
Васямнаццаць гадоў… Усяго хочацца: жанчын, віна, падарожнічаць… Загадкі, таямніцы. Я прыдумляў сабе рознае жыццё, уяўляў. І ў гэты момант цябе падпільноўваюць… Ё-маё! Мне і сёння хочацца растаць у паветры, знікнуць, каб нідзе мяне не знайшлі. Не пакінуць аніякіх слядоў. Пайсці куды-небудзь лесніком, бяспашпартным бамжом. Пастаянна цісне адзін і той жа сон: мяне зноў забіраюць у войска — пераблыталі дакументы, і зноў трэба ісці служыць. Крычу, адбіваюся: «Я ўжо служыў, быдлякі! Не чапайце мяне!» Губляю розум! Жудасны сон… (Паўза.) Я не хацеў быць хлопчыкам… Не хацеў быць салдатам, вайна мне была нецікавая. Тата сказаў: «Ты павінен, нарэшце, стаць мужчынам. А то дзяўчаткі падумаюць, што ты імпатэнт. Войска — школа жыцця». Трэба ісці і вучыцца забіваць… У мяне, у маім уяўленні гэта выглядала так: барабаны, баявыя шэрагі, добра зробленыя прылады забойства, свіст гарачага свінцу і… разбітыя галовы, выбітыя вочы, адарваныя канечнасці… выццё і стогны параненых… І крыкі пераможцаў… тых, хто ўмее забіваць лепш… Забіць! Забіць! Стралой, куляй, снарадам або ядзернай бомбай, але ўсё роўна забіць… забіць іншага чалавека… Я не хацеў. І я ведаў, што ў войску з мяне будуць рабіць мужчыну іншыя мужчыны. Ці мяне заб’юць, ці я кагосьці заб’ю. Брат сышоў з ружовай ватай у галаве, рамантыкам, а вярнуўся пасля службы спалоханым чалавекам. Кожную раніцу яго білі нагой у твар. Ён ляжаў на ніжніх нарах, дзед — наверсе. Цэлы год табе пяткай у зубы! Паспрабуй застацца такім, якім ты быў. А калі распрануць чалавека дагала — колькі можна ўсяго прыдумаць? Шмат чаго… Напрыклад, смактаць уласны чэлес, а ўсе будуць смяяцца. Хто не будзе смяяцца, сам будзе смактаць… А зубной шчоткай або лязом для галення драіць салдацкую прыбіральню? «Павінна блішчэць, як яйцы ў ката». Ё-маё! Ёсць тып людзей, якія не могуць быць мясам, а ёсць іншы тып, здольны быць толькі мясам. Чалавечыя аладкі. Я зразумеў, што павінен сабраць усю сваю загартоўку, каб выжыць. Запісаўся ў спартыўную секцыю — хатха-ёга, каратэ. Вучыўся біць — у твар, паміж ног. Як хрыбет пераламаць… Запальваў сярнічку, клаў на далонь і чакаў, пакуль яна дагарыць. Вядома, я не вытрымліваў… Плакаў. Я памятаю… памятаю… (Паўза.) Гуляе па лесе цмок. Сустрэў мядзведзя: «Мядзведзь, — кажа цмок, — у мяне а восьмай вячэра. Прыходзь — я цябе з’ем». Ідзе далей. Бяжыць ліса: «Ліса, — кажа цмок, — у мяне а сёмай раніцы сняданак. Прыходзь — я цябе з’ем». Ідзе далей. Скача заяц. «Стой, заяц, — кажа, — у мяне а другой гадзіне абед. Прыходзь — я цябе з’ем». — «У мяне пытанне», — падняў заяц лапу. «Давай». — «Можна не прыходзіць?» — «Можна. Я цябе выкрэсліваю са спісу». Але мала хто здольны задаць такое пытанне… Бляааа!
Читать дальше