Я ніколі не хацеў быць героем. Я ненавіджу герояў! Герой мусіць ці шмат забіваць… ці прыгожа паміраць… Забіць ворага ты мусіш: спачатку выкарыстоўвай боекамплект; калі патроны і гранаты скончацца — змагайся нажом, прыкладам, сапёрнай рыдлёўкай. Рві хоць зубамі. Сяржант Валерыян: «Вучыся працаваць з нажом. Кісць рукі — рэч вельмі добрая, яе лепш не рэзаць, а калоць… зваротным хватам… Так… так… Кантралюйце руку, сыход за спіну… не захапляйся складанымі рухамі… Выдатна! Выдатна! Цяпер выверні нож у праціўніка… Так… так… Ты яго забіў. Малайчына! Забіў! Крычы: «Памры, сука!» Чаго ты маўчыш?» ( Спыняецца.) Увесь час табе дзяўбуць: зброя — гэта прыгожа… страляць — сапраўдная мужчынская справа… Практыкаваліся на жывёлах, нам адмыслова завозілі валацужных сабак, катоў, каб потым рука не дрыжэла, калі ўбачыш чалавечую кроў. Мяснікі! Я не вытрымліваў… ноччу плакаў… ( Паўза.) У дзяцінстве мы гулялі ў самураяў. Самурай мусіў па-японску памерці, не меў права ўпасці тварам уніз, закрычаць. Я заўсёды крычаў… Мяне не любілі браць у гэтую гульню… ( Паўза.) Сяржант Валерыян: «Запомніце… аўтамат працуе так: раз, два, тры — і цябе няма…» А пайшлі вы ўсе!! Раз, два…
Смерць падобная да кахання. У апошнія імгненні — цемра… страшныя і непрыгожыя сутаргі… З смерці нельга вярнуцца, але з кахання мы вяртаемся. І можам успомніць, як было… Вы тапіліся калі-небудзь? Я тапіўся… Чым больш супраціўляешся, тым менш сілаў. Змірыся — і дайдзі да дна. І тады… Хочаш жыць — прабівай неба вады, вяртайся. Але спачатку дайдзі да дна.
А там? Там ніякага святла ў канцы тунэлю… І анёлаў я не бачыў.
Сядзеў бацька каля чырвонай труны. Труна была пустая.
А пра каханне мы ведаем так мала
Праз некалькі гадоў я зноў апынулася ў горадзе N (горад не называю па просьбе майго героя). Мы з ім стэлефанаваліся — і сустрэліся. Ён быў закаханы, ён быў шчаслівы — і гаварыў пра каханне. Я нават не адразу здагадалася ўключыць дыктафон, каб не выпусціць вось гэты момант пераходу жыцця, проста жыцця — у літаратуру, які заўсёды падпільноўваю, выслухоўваю ў любых размовах — прыватных і агульных, але часам губляю пільнасць, а «кавалачак літаратуры» можа бліснуць усюды, часам у самым нечаканым месцы. Як і ў гэты раз. Хацелі пасядзець і выпіць кавы, а жыццё прапанавала развіццё сюжэту. Вось што я паспела запісаць…
— Я сустрэўся з каханнем… я яго зразумеў… Да таго я думаў, што каханне — гэта два дурні з падвышанай тэмпературай. Што гэта проста трызненне… Пра каханне мы ведаем так мала. І калі гэтую нітку выцягнуць… Вайна і каханне — гэта як бы з аднаго вогнішча, то бок, гэта адна тканіна, тая ж матэрыя. Чалавек з аўтаматам ці той, хто на Эльбрус залез, хто ваяваў да перамогі, будаваў сацыялістычны рай, — усё тая ж гісторыя, той самы магніт і тая ж самая электрычнасць. Вам зразумела? Штосьці чалавеку непадуладна, чагосьці нельга купіць ці выйграць у латарэю… А чалавек ведае, што яно ёсць, і ён гэтага хоча… І не разбярэцца, як шукаць. Дзе?
Гэта амаль нараджэнне… Пачынаецца з удару… (Паўза.) А можа, і не трэба гэтыя таямніцы разгадваць? Вы не баіцеся?
Першы дзень…
Прыходжу да свайго знаёмага, у яго кампанія, каля вешалкі ў вітальні здымаю паліто, нехта ідзе з кухні, і трэба прапусціць, азіраюся — яна! У мяне было кароткае замыканне, як быццам ва ўсім доме выключылі святло. І вось — усё. Звычайна спрытны на язык, а тут проста сеў і сядзеў, нават яе не бачыў, гэта значыць, не тое каб я на яе не глядзеў, я доўга-доўга глядзеў праз яе, як у фільмах Таркоўскага: льюць з гарлача ваду, і яна льецца паўз кубак, затым паво-о-ольна паварочваецца разам з гэтым кубкам. Распавядаю доўга, а было не так. Маланка! У гэты дзень нешта такое зведаў, што ўсё астатняе стала неістотным, нават асабліва не разбіраўся… А — навошта? Здарылася — і ўсё. І яно такое трывалае. Яе пайшоў праводзіць жаніх, у іх, як я зразумеў, неўзабаве меркавалася вяселле, але мне было ўсё роўна, я сабраўся дадому і ехаў ужо не адзін, ехаў з ёю, яна ўжо пасялілася ўва мне. Каханне пачынаецца… Усё раптам становіцца іншага колеру, галасоў больш, гукаў больш… Няма ніякіх шанцаў гэта зразумець… ( Паўза.) Перадаю прыблізна…
Раніцай прачнуўся з думкай, што мне трэба яе знайсці, а я не ведаю ні імя, ні адраса, ні яе тэлефона, але ўжо гэта здарылася, нешта галоўнае ў жыцці са мною адбылося. Чалавек увайшоў. Як быццам я на нешта забыўся… і вось успомніў… Вам зразумела, пра што я? Не? Ніякай формулы мы не створым… усё будзе сінтэтыкай… Мы звыкліся з думкай: будучыня ад нас схаваная, а тое, што ўжо было, можна растлумачыць. Было ці не было… для мяне — пытанне… А можа, нічога й не было? Проста кінастужка круціцца, вось яна пракруцілася… Ведаю такія моманты ў сваім жыцці, якіх быццам не было. А яны былі. Напрыклад, некалькі разоў я быў закаханы… думаў, што закаханы… Засталося шмат фотаздымкаў. Але ўсё пасыпалася з памяці, змылася. Ёсць такія рэчы, якія не сыплюцца, іх трэба ўзяць з сабой. А астатняе… Ці ўсё чалавек прыгадае, што з ім было?
Читать дальше