І тут я сустрэла яго… Я думаю, што я кахала гэтага чалавека. Гучыць як адкрыццё…Так? ( Смяецца.) Ён быў старэйшы за мяне на дваццаць гадоў, у яго сям’я і двое сыноў. Раўнівая жонка. Жыццё пад мікраскопам… Але мы вар’яцелі адно ад аднаго, такі парыў і ўзвод, што ён прызнаваўся: раніцай, каб не заплакаць на працы, ён прымаў дзве таблеткі тазепама. Я таксама рабіла рызыкоўныя ўчынкі, толькі што з парашутам не скакала. Гэта ўсё было… так бывае… цукерачна-букетны перыяд… Яшчэ не важна, хто каго падманвае, хто на каго палюе і хто чаго хоча. Я была маленькая, дваццаць два гады… Я закахалася… закахалася… Цяпер я разумею, што каханне — гэта нешта накшталт бізнесу, у кожнага свая рызыка. Рыхтуйся да новай камбінацыі… Заўсёды! Цяпер ад кахання мала хто млее. Усе сілы — на скачок! На кар’еру! Маладыя дзяўчаткі ў нас у курылцы мянцяць языкамі, і калі ў кагосьці сапраўднае пачуццё — шкадуюць: дурніца, маўляў, закахалася. ( Смяецца.) Дурніца! Я была такая шчаслівая дурніца! Ён адпускаў кіроўцу, лавіў машыну, і мы каталіся па начным горадзе на нейкім прабензіненым «Масквічы». Бясконца цалаваліся. «Дзякуй табе, — казаў ён, — ты вярнула мяне на сто гадоў назад». Флэш-эпізоды… флэш… Мяне ашаламляў ягоны рытм… націск… Званок увечары: «Раніцай ляцім у Парыж» ці «Маханём на Канары. У мяне ёсць тры дні». У самалёце ляцім першай класай, нумар у шыкоўным гатэлі — пад нагамі шкляная падлога, там жывыя рыбы плаваюць. Жывая акула! Але запомнілася на ўсё жыццё іншае… Запомніўся прапахлы бензінам «Масквіч» на маскоўскай вуліцы. І… як мы цалаваліся… шалёныя… ён даставаў мне вясёлку з фантана… Я закахалася… ( Маўчыць.) А ён ладзіў сабе свята жыцця. Для сябе… сабе — так! Калі мне стукне сорак, магчыма, я яго зразумею… калі-небудзь зразумею… Вось, напрыклад, ён не любіў гадзіннік, калі ён ішоў, ён любіў яго толькі тады, калі той стаяў. У яго былі свае адносіны з часам… Во-о-сь! Та-а-ак… Люблю катоў. Я люблю іх за тое, што яны не плачуць, ніхто не бачыў іх слёз. Калі нехта сустрэне мяне на вуліцы, падумае — багатая і шчаслівая! У мяне ёсць усё: вялікі дом, дарагая машына, італьянская мэбля. І дачка, ад якой я ў захапленні. У мяне ёсць хатняя работнiца, я не смажу сама катлеты і не мыю бялізну, магу купіць усё, што захачу… мора цікавостак… Але я жыву адна. І хачу жыць адна! Мне ні з кім так не бывае добра, як з сабой, я люблю гаварыць сама з сабой… у першую чаргу пра сябе… Выдатная кампанія! Што я думаю… адчуваю… Як учора на гэта глядзела і як сёння? То мне падабаўся сіні колер, а цяпер ліловы… У кожным з нас столькі ўсяго адбываецца. У сабе. З сабой. Там, усярэдзіне, цэлы космас. Але мы на яго амаль не звяртаем увагі. Усе занятыя знешнім, вонкавым… ( Смяецца.) Адзінота — гэта свабода… Я кожны дзень цяпер радуюся, што я вольная: патэлефануе — не патэлефануе, прыедзе — не прыедзе? кіне — не кіне? — Выбачайце! Не мае праблемы! Ну не… не баюся я адзіноты… Я баюся… каго я баюся? Стаматолага я баюся… (Нечакана зрываецца.) Людзі заўсёды хлусяць, калі гавораць пра каханне… і пра грошы… хлусяць заўсёды і па-рознаму. Мне хлусіць няма патрэбы… Ну няма патрэбы! (Супакойваецца.) Прабачце… Ну прабачце… Я даўно не ўспамінала… Сюжэт? Вечны сюжэт… Я хацела ад яго дзіця, я зацяжарала… Можа, ён спалохаўся? Мужчыны — яны баязліўцы! Бомж ці алігарх — няма ніякай розніцы. На вайну пойдуць, рэвалюцыю зробяць, а каханай здрадзяць. Жанчына мацнейшая: «Коня на скаку остановит, в горящую избу войдет». І па законах жанру… «А кони все скачут и скачут. А избы горят и горят»… «Мужчына не бывае старэйшы за чатырнаццаць гадоў», — упершыню дала мне разумную параду мая мама. Памятаю, што… было так… паднесла гэтую навіну яму перад сваёй камандзіроўкай, мяне паслалі ў Данбас. А я любіла камандзіроўкі, любіла пах вакзалаў і аэрапортаў. Было цікава, калі вярталася, расказаць яму, разам абмеркаваць. Я цяпер разумею, што ён не толькі адкрываў мне свет, здзіўляў і вадзіў па ашаламляльных буціках, адорваў, ён яшчэ вучыў мяне думаць. Не тое каб у яго была такая задача, гэта само сабой атрымлівалася. Глядзела на яго, слухала. Нават калі я думала пра тое, што мы будзем разам, я не збіралася заўсёды хавацца за чыёйсьці шырокай спіной і там бесклапотна гламурыць. Балдзець! У мяне меўся свой жыццёвы план. Любіла сваю працу, хутка рабіла кар’еру. Шмат ездзіла… І ў той раз… Я ляцела ў шахцёрскі пасёлак — гісторыя страшная, але, можна сказаць, тыповая для таго часу: перадавых шахцёраў узнагародзілі на свята магнітафонамі, і ўначы адну сям’ю ўсю выразалі. Нічога не ўзялі — толькі магнітафон. Пластмасавы «Панасонік»! Скрынку! У Маскве — шыкоўныя машыны, супермаркеты, а за Садовым кальцом — магнітафон быў цудам. Мясцовыя «капіталісты», пра якіх марыў мой рэдактар, хадзілі па вуліцах у атачэнні аўтаматчыкаў. У прыбіральню — з ахоўнікам. Але тут казіно, і тут казіно, і яшчэ раз казіно. І ўжо нейкі прыватны рэстаранчык. Усё тыя ж дзевяностыя гады… Яны — так… яны… Тры дні я была ў камандзіроўцы. Вярнулася, і мы сустрэліся. Спачатку ён узрадаваўся — у нас будзе… хутка ў нас будзе дзіця! У яго двое хлопчыкаў, хацеў дзяўчынку. Але словы… словы… яны нічога не азначаюць, за словы хаваюцца, імі абараняюцца. Вочы! Ягоныя вочы… У вачах з’явіўся страх: трэба ж нешта вырашаць, змяняць сваё жыццё. Тут… тут — закавыка… Збой. Ах-х-х! Ёсць мужчыны, якія сыходзяць адразу, яны сыходзяць з валізамі, куды пакладзены яшчэ мокрыя шкарпэткі і кашулі… А ёсць такія, як ён… мусі-пусі, тралі-валі… «Чаго ты хочаш? Скажы, што я мушу зрабіць? — пытаўся ён у мяне. — Адно тваё слова — і я развядуся. Ты толькі скажы». Я глядзела на яго…
Читать дальше