…у нас дзве дачкі — Ксюша і Даша. Мы жылі сціпла, але часта хадзілі ў музеі, у тэатры, шмат чыталі. Калі дзяўчынкі былі маленькія, тата для іх казкі складаў. Мы хацелі выратаваць іх ад грубага жыцця. Я думала, што мастацтва можа ўратаваць. А яно не выратавала…
…у нашым доме жыве самотная бабулька, ходзіць у царкву. Аднойчы яна спыніла мяне, я вырашыла — паспачувае, а яна мне злосна: «Задумайцеся, чаму гэта з вамі здарылася? З вашымі дзець-
мі?» Навошта… за што мне гэтыя словы? Яна пакаялася, я думаю, яна потым пакаялася… Я нікога не падманула, я нікому не здрадзіла. У мяне было толькі два аборты, гэта два мае грахі… Я ведаю… На вуліцы часта даю міласціну, хай трохі, колькі магу. Птушак зімой кармлю…»
У наступны раз яны ўжо прыйшлі ўдзвюх — мама і дачка.
маці
— Можа, для кагосьці яны героі? У іх ёсць ідэя, яны адчуваюць сябе шчаслівымі, паміраючы, яны думаюць, што трапяць у рай. І не баяцца смерці. Я нічога пра іх не ведаю: «Складзены фотаробат меркаванага тэрарыста…» — і ўсё. А мы для іх мішэні, ім ніхто не патлумачыў, што мая дзяўчынка не мішэнь, у яе ёсць мама, якая без яе жыць не можа, ёсць хлопчык, які ў яе закаханы. Хіба можна забіваць чалавека, якога любяць? Па-мойму, гэта падвойнае злачынства. Хадзеце на вайну, у горы, страляйце там адзін у аднаго, але чаму ў мяне? У маю дачку? Нас забіваюць у часе мірнага жыцця… ( Маўчыць.) Я цяпер баюся сама сябе, сваіх думак. Часам хочацца іх усіх пазабіваць, а потым страшна, што табе гэтага хацелася.
Калісьці я любіла маскоўскае метро. Найпрыгажэйшае ў свеце! Гэта — музей! (Маўчыць.) Пасля выбуху… Я бачыла, як людзі заходзілі ў метро, узяўшыся за рукі. Страх доўга трымаецца… Страшна было ў горад выйсці, у мяне адразу ціск падымаўся. Ездзілі і пільнавалі падазроных пасажыраў. На працы толькі пра гэта і гаварылі. Што з намі робіцца, а, Госпадзе? Стаю на платформе, і побач са мной маладая жанчына з дзіцячым вазком, у яе чорныя валасы, чорныя вочы — не руская. Не ведаю, якой яна нацыянальнасці — чачэнка, асецінка? Хто? Я не вытрымала і зазірнула ў калыску: а ці дзіця там? Ці не ляжыць там штосьці іншае? У мяне сапсаваўся настрой ад таго, што мы зараз будзем ехаць у адным вагоне: «Не, — думаю, — няхай яна едзе, а я пачакаю наступнага цягніка». Да мяне падыходзіць мужчына: «Навошта вы зазіралі ў вазок?» Я сказала яму праўду. «Значыць, і вы таксама».
…Бачу няшчасную дзяўчынку, якая скруцілася ў камячок. Гэта мая Ксюша. Чаму яна тут адна? Без нас? Не, гэта немагчыма, гэта не можа быць праўдай. Кроў на падушцы… «Ксюша! Ксюшанька!!» — Яна мяне не чуе. Нацягнула на галаву нейкую шапачку, каб я нічога не ўбачыла, не спалохалася. Мая дзяўчыначка! Яна марыла стаць педыятрам, а цяпер у яе няма слыху, яна была найпрыгажэйшай дзяўчынкай у класе… А цяпер… ейны тварык… За што? Нешта мулкае, цягучае ахінае мяне, свядомасць проста разрываецца на дробныя шматкі. Мае ногі не хочуць рухацца, ватныя, мяне выводзяць з палаты. Доктар незадаволены: «Вазьміце сябе ў рукі, інакш больш да яе не пусцім». Я трымаюся… Вяртаюся ў палату… Глядзіць не на мяне, а кудысьці ўбок, як быццам мяне не пазнае. Забівае выраз вачэй жывёліны, якая пакутуе, гэты погляд нельга вытрымаць. Далей жыць амаль нельга. Цяпер яна кудысьці схавала гэты погляд, надзела на сябе панцыр, але яна стрымлівае гэта ўсё. Гэта ўсё на ёй адбілася. Увесь час яна там, дзе нас не было…
Цэлае аддзяленне такіх дзяўчынак… як ехалі ў вагоне, так і ляжалі… Шмат студэнтаў, школьнікаў. Я думала, што ўсе маці выйдуць на вуліцу. Усе маці са сваімі дзецьмі. Нас будуць тысячы. Цяпер я ведаю, што мая дзяўчынка патрэбна толькі мне, толькі дома, толькі нам. Слухаюць… спачуваюць… але без болю! Без болю!
Вярталася з бальніцы дадому і ляжала без усялякіх пачуццяў. Даша была побач, яна ўзяла адпачынак. Гладзіла мяне па галаве, як маленькую. Тата не крычаў, не панікаваў — і інфаркт. Мы апынуліся ў пекле… Зноў — за што? Я ўсё жыццё сваім дзяўчынкам падсоўвала добрыя кніжкі, пераконвала іх, што дабро мацнейшае за зло, дабро заўсёды перамагае. Але жыццё — гэта не кніжкі. Малітва маці з марскога дна выцягне? Няпраўда! Я здрадніца, я не змагла абараніць іх, як у дзяцінстве, а яны спадзяваліся на мяне. Калі б мая любоў абараняла, яны былі б недасягальныя ні для якой бяды, ні для якіх расчараванняў.
Адна аперацыя… другая… Тры! Вось Ксюша стала чуць на адно вушка… пальчыкі ўжо ў нас працуюць… Жылі на мяжы жыцця і смерці, паміж верай у цуд і несправядлівасцю, і, хоць я медсястра, я зразумела, што вельмі мала ведаю пра смерць. Шмат разоў яе бачыла, яна праходзіла побач. Паставіць кропельніцу, паслухаць пульс… Усе думаюць, што медыкі ведаюць пра смерць больш за астатніх, нічога падобнага. Быў у нас адзін патолагаанатам, ён ужо сыходзіў на пенсію. «Што такое смерць?» — спытаў ён у мяне. (Маўчыць.) Ранейшае жыццё ператварылася ў белую пляму… успаміналася адна Ксюша… Усё да нюансаў — як маленькая, адважная, пацешная, яна не баялася вялікіх сабак і хацела, каб заўсёды было лета. Як ззялі яе вочы, калі яна прыйшла дадому і абвясціла нам, што паступіла ў медінстытут. Без хабараў, без рэпетытараў. Плаціць мы не маглі, для нашай сям’і гэта было непад’ёмна. Як за дзень ці два да тэракту яна бярэ старую газету і чытае: калі вы патрапілі ў нейкую экстрэмальную сітуацыю ў метро, трэба рабіць тое… тое… Што менавіта, я ўжо забылася, але гэта была інструкцыя. І калі ўсё здарылася, пакуль не страціла прытомнасць, Ксюша гэты артыкул успамінала. А ў тую раніцу было так… Яна якраз забрала свае боцікі з рамонту, апранула паліто і стала іх абуваць, а яны не налазяць… «Мама, я твае боты надзену?» — «Бяры». У нас з ёй памер аднолькавы. Матчына сэрца нічога мне не падказала… Я ж магла яе ўтрымаць… У снах перад гэтым я бачыла вялікія зоркі, нейкае сузор’е. Ніякай трывогі не было… Гэта мая віна, я пакрытая гэтай віной…
Читать дальше