Хто я? Мы з натоўпу… заўсёды ў натоўпе… Нашае жыццё будзённае, непрыкметнае, хоць мы стараемся жыць. Кахаем, пакутуем. Толькі нікому гэта не цікава, кніг пра нас не пішуць. Натоўп… маса. Мяне ніхто не распытваў пра маё жыццё, таму я з вамі так разгаварылася. «Мама, хавай душу», — гэта мае дзяўчынкі. Увесь час вучаць мяне. Маладыя жывуць у больш жорсткім свеце, чым быў савецкі свет… (Маўчыць.) Такое адчуванне, што жыццё як быццам ужо не для нас, не для такіх, як мы, яно недзе там. Недзе… Нешта адбываецца, але не з намі… Я не хаджу ў дарагія крамы, саромеюся: там стаяць ахоўнікі, яны глядзяць на мяне з пагардай, бо апранаюся я на рынку. У кітайскі шырспажыў. Езджу ў метро, страшэнна баюся, але езджу. Хто забагацеў, у метро не ездзіць. Метро для бедных, а не для ўсіх, зноў у нас з’явіліся князі і баяры і смерды. Забылася ўжо, калі ў кавярню заходзіла, для мяне гэта цяпер дужа дорага. І тэатр ужо раскоша, а калісьці я не прапускала ніводнай прэм’еры. Крыўдна… вельмі крыўдна… Нейкая шэрасць ад таго, што нас не пускаюць у гэты новы свет. Муж прыносіць кнігі з бібліятэкі сумкамі, гэта адзінае, што нам па-ранейшаму даступна. Можам яшчэ пабадзяцца па старой Маскве, па нашых улюбёных мясцінах — Якіманка, Кітайгорад, Варварка. Гэта наш панцыр, цяпер кожны нарошчвае сабе панцыр. (Маўчыць.) Нас вучылі… У Маркса напісана: «Капітал — гэта крадзеж». І я з ім згодная.
Я зведала каханне… Заўсёды адчуваю: кахаў чалавек ці не, з тым, хто кахаў, у мяне інтуітыўная сувязь. Без слоў. Прыгадала цяпер першага мужа… Кахала? Так. Моцна? — Шалёна. Мне было дваццаць гадоў. У галаве адны мары. Жылі з ягонай прыгожай старой мамай, яна мяне раўнавала: «Ты такая ж прыгожая, як я ў маладосці». Кветкі, якія ён дарыў мне, яна забірала ў свой пакой. Я яе потым зразумела, можа, толькі цяпер я яе зразумела, калі ведаю, як люблю сваіх дзяўчынак, якая цесная сувязь можа быць з дзіцём. Мяне псіхолаг хоча пераканаць: «У вас гіпертрафаваная любоў да дзяцей. Так нельга любіць». Ды нармальная ў мяне любоў… Любоў! Маё жыццё… вось маё-маё… Ніхто не ведае рэцэпту… (Маўчыць.) Муж мяне кахаў, але ў яго была філасофія: нельга жыць усё жыццё з адной жанчынай, трэба спазнаць іншых. Я шмат думала… плакала… Змагла і адпусціла. Засталася з маленькай Ксюшай адна. Другі муж… Быў ён мне як брат, а я заўсёды марыла пра старэйшага брата. Разгубілася. Не ведала, як мы будзем з ім жыць, калі ён зрабіў мне прапанову. Каб нараджаць дзяцей, у доме павінен быць водар кахання. Перавёз ён нас з Ксюшай да сябе: «Давай паспрабуем. Не спадабаецца, я адвязу вас назад». І неяк у нас з ім наладзілася. Каханне бывае рознае: бывае палкае, а бывае падобнае на сяброўства. На сяброўскі саюз. Мне падабаецца так думаць, таму што мой муж вельмі добры чалавек. Хай і не жыла я ў шаўках…
Нарадзіла Дашку… Мы ніколі не расставаліся з нашымі дзецьмі, разам ездзілі летам у вёску да бабулі ў Калужскую вобласць. Там была рэчка. Луг і лес. Бабуля пякла пірагі з вішнямі, дзеці і цяпер іх успамінаюць. Ніколі мы не ездзілі да мора, гэта была нашая мара. Як вядома, сумленнай працай вялікіх грошай не заробіш: я — медсястра, муж — навуковы супрацоўнік у інстытуце радыялагічнай тэхнікі. Але дзяўчынкі ведалі, што мы іх любім.
Многія абагаўляюць перабудову… Усе на нешта спадзяваліся. Мне любіць Гарбачова няма за што. Памятаю размовы ў нас у ардынатарскай: «Скончыцца сацыялізм, а што будзе пасля яго?» — «Скончыцца дрэнны сацыялізм, і будзе добры сацыялізм». Чакалі… чыталі газеты… Неўзабаве муж страціў працу, іх інстытут закрылі. Беспрацоўных — мора, усе з вышэйшай адукацыяй. З’явіліся шапікі, затым супермаркеты, у якіх было ўсё, як у казцы, а купіць няма на што. Зайду — выйду. Купляла два яблыкі і адзін апельсін, калі дзеці хварэлі. Як з гэтым пагадзіцца? Пагадзіцца з тым, што так яно і будзе — як? Стаю ў чарзе ў касу, перада мной мужчына з вазком, там у яго і ананасы, і бананы… Так б’е па самалюбстве. Таму людзі сёння нейкія ўсе стомленыя. Не дай Бог нарадзіцца ў СССР, а жыць у Расіі. ( Маўчыць.) Ні адна мая мара ў жыцці не здзейснілася…
Калі дачка выйшла ў іншы пакой, гаворыць са мной паўшэптам . Колькі гадоў? Тры гады ўжо прайшло пасля тэракту… не, больш…
Мая таямніца… Уявіць сабе не магу, што лягу з мужам у ложак, і мужчынская рука да мяне дакранецца. У нас з мужам ніякіх адносін усе гэтыя гады, я жонка і не жонка, ён мяне ўгаворвае: «Табе стане лягчэй». Сяброўка, якая ўсё ведае, яна таксама мяне не разумее: «Ты прывабная, ты сэксуальная. Паглядзі на сябе ў люстэрка, якая ты прыгожая. Якія валасы…»У мяне такія валасы ад нараджэння, я на прыгажосць сваю забылася. Калі чалавек тоне, ён увесь насычаецца вадой, так я ўся пранізаная болем. Як быццам я адрынула сваё цела, і засталася адна душа…
Читать дальше