Цяпер я вельмі-вельмі хачу жыць, таму што ў мяне ёсць Жэнька… Нават мару пра дзіцятка… Урачы супраць, а я мару… Хачу, каб у нас быў дом, я ўсё жыццё мару пра дом. Даведалася, што нядаўна выйшаў закон… Па гэтым законе можна вярнуць нашую кватэру. Я падала заяву… Мне сказалі, што такіх людзей, як я, тысячы, шмат каму дапамагаюць, але ў мяне вельмі складаны выпадак, нашу кватэру тры разы ўжо перапрадавалі. А тыя бандыты, якія нас абрабавалі, даўно ўжо ляжаць на могілках, перастралялі адзін аднаго… …Прыйшлі мы да маёй мамы. Там на помніку ейны партрэт, яна як жывая. Прыбралі ўсё. Пачысцілі. Доўга стаялі, я ніяк не магла сысці, і ў нейкі момант мне здалося, што яна ўсміхнулася… яна шчаслівая… Ці гэта сонца так падала…
ПРА АДЗІНОТУ, ЯКАЯ ВЕЛЬМІ ПАДОБНАЯ НА ШЧАСЦЕ
Аліса З-лер — менеджар па рэкламе, 35 гадоў
Ездзіла ў Пецярбург па адну гісторыю, а вярнулася з гэтай. Разгаварыліся ў цягніку са спадарожніцай…
— У мяне сяброўка забіла сябе… Моцная, паспяховая. Шмат прыхільнікаў, сяброў. Усе мы былі ў шоку. Самагубства — што гэта? Баязлівасць або моцны ход? Радыкальны план, крык «дапамажыце» ці самаахвяраванне? Выхад… пастка… пакаранне… Я хачу… Я магу расказаць вам, чаму я гэтага не зраблю…
Каханне? Падобны варыянт я нават не абмяркоўваю… Я не супраць усяго гэтага прыгожага, бліскучага і звонкага, але вы першая за дзесяць гадоў, мусіць, хто пры мне вымавіў гэтае слова. Дваццаць першае стагоддзе — грошы, сэкс і два пісталеты, а вы пра нейкія пачуцці… Усе ўпершыню дарваліся да грошай… Не было ў мяне жадання хутчэй выйсці замуж, панараджаць дзяцей, я заўсёды хацела зрабіць кар’еру, гэта на першым месцы. Я цаню сябе, свой час і сваё жыццё. І адкуль вы ўзялі, што мужчыны шукаюць каханне? Любофф… Мужчыны думаюць, што жанчына — дзічына, баявы трафей, ахвяра, а яны — паляўнічыя. Правілы выпрацоўваліся стагоддзямі. А жанчыны шукаюць прынца не на белым кані, а на залатым мяшку. Прынца няпэўнага ўзросту… Хай будзе «татачка»… Ну і што? Светам кіруе бабло! Але я не ахвяра, я сама паляўнічая…
Дзесяць гадоў таму я прыехала ў Маскву… Я была шалёная, я была актыўная, я сказала сабе: я народжаная для таго, каб быць шчаслівай, пакутуюць слабыя людзі, сціпласць — упрыгожванне слабых. Прыехала я з Растова… Мае бацькі працуюць у школе: тата — хімік, мама — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Пабраліся яны студэнтамі, у таты меўся адзін прыстойны касцюм, але куча ідэй у запасе, і тады гэтага было дастаткова, каб закружыць дзяўчыне галаву. І цяпер не-не ды прыгадаюць, што доўга абыходзіліся адным камплектам пасцельнай бялізны, адной падушкай і аднымі хатнімі тапкамі. Цэлую ноч чыталі адзін аднаму Пастэрнака. На памяць! З мілым рай і ў будане! «Да першых халадоў», — смяялася я. «У цябе няма фантазіі», — крыўдзілася мама. У нас была нармальная савецкая сям’я: раніцай — грэчка ці макароны са сметанковым маслам, апельсіны адзін раз на год — на Новы год. Я нават памятаю іх пах. Не цяпер, а тады… гэта быў пах нейкага іншага… прыгожага жыцця… Адпачынак улетку — на Чорным моры. Ездзілі ў Сочы «дзікунамі», жылі ўсе ў адным пакоі — дзевяць метраў. Але нечым жа ганарыліся… нечым вельмі ганарыліся… Ганарыліся добрымі кніжкамі, якія даставалі праз знаёмых, па вялікім блаце, а яшчэ радасць! — кантрамаркі (маміна сяброўка працавала ў тэатры) на прэм’еры. Тэатр! Вечная тэма для размоваў у прыстойнай кампаніі… Цяпер пішуць: савецкі лагер, камуністычнае гета. Людаедскі свет. Страшнага я не памятаю… Я памятаю, што ён быў наіўны, той свет, вельмі наіўны і недарэчны. Я заўсёды ведала, што я так жыць не буду! Не хачу!! Мяне за гэта ледзь са школы не выперлі. Ой! Ну так… народжаныя ў СССР — гэта дыягназ… Таўро! У нас былі ўрокі дамаводства, хлопчыкаў чамусьці вучылі кіраваць аўтамабілем, а дзяўчынак смажыць катлеты, і гэтыя праклятыя катлеты ў мяне заўсёды падгаралі. Настаўніца, яна ж нашая «класная», стала мяне выхоўваць: «Ты нічога не ўмееш! Выйдзеш замуж, і як ты будзеш карміць свайго мужа?» Я адрэагавала імгненна: «Я не збіраюся смажыць катлеты. У мяне будзе прыслуга». Восемдзесят сёмы год… мне трынаццаць гадоў… Які капіталізм, якая прыслуга?! Яшчэ сацыялізм на ўсю моц! Бацькоў выклікалі да дырэктара школы, мяне прапясочылі на агульным сходзе ў класе, на савеце школьнай дружыны. Хацелі з піянераў выключыць. Піянерыя, камсамол — гэта было сур’ёзна. Я нават плакала… Хоць у мяне ніколі не было рыфмаў у галаве, адныя формулы… ніякіх рыфмаў… Калі я заставалася дома адна, я апранала маміну сукенку, туфлі і садзілася на канапу. Чытала «Анну Каренину». Свецкія балі, слугі, аксельбанты… любоўныя сустрэчы… Усё падабалася да таго моманту, як Ганна кінулася пад цягнік: навошта? Прыгожая, багатая… Праз каханне? Нават Талстой мяне не пераканаў… Заходнія раманы падабаліся больш, там мяне вабілі сцервы, прыгожыя сцервы, з-за якіх мужчыны страляліся, пакутавалі. Ляжалі каля ног. У сямнаццаць гадоў я апошні раз плакала ад няшчаснага кахання — усю ноч у ванным пакоі з уключаным кранам. Мама суцяшала вершамі Пастарнака… Запомніла:
Читать дальше