«Красною кистью
Рябина зажглась.
Падали листья.
Я родилась…»
Тады я пазнавала сваю ранейшую маму. Рэдка.
Ужо зіма. Адразу ўдарылі маразы. У гэтай хаце зіму б мы не перажылі. Сусед пашкадаваў і бясплатна давёз да Масквы…
ПРА ЧАС, КАЛІ ЧАЛАВЕК — ГЭТА ГУЧЫЦЬ НЕ ГОДНА, А ГУЧЫЦЬ ПА-РОЗНАМУ
Я разгаварылася з вамі і забылася, што баюся ўспамінаць… (Маўчыць.) Як я стаўлюся да людзей? Людзі не дрэнныя і не добрыя, людзі — і ўсё. У школе я вучылася па савецкіх падручніках, іншых яшчэ не было, нам чыталі: чалавек — гэта гучыць годна. А чалавек — гэта гучыць не годна, а па-рознаму гучыць. Я таксама ўсякая, ува мне ўсяго патрошку… Але калі я ўбачу таджыка — яны ў нас цяпер як рабы, другі гатунак — і калі ў мяне ёсць час, я спынюся з ім пагаварыць. У мяне няма грошай, але я з ім паразмаўляю.
Такі чалавек… Гэта мой чалавек, ён у маім становішчы — я ведаю, што гэта такое, калі ты ўсім чужы, ты зусім адзін. Я таксама жыла ў пад’ездах, спала ў падвалах…
Спачатку нас пусціла да сябе маміна сяброўка, прынялі яны нас добра, і мне там падабалася. Знаёмая абстаноўка: кнігі, пласцінкі, на сцяне партрэт Чэ Гевары. Як у нас калісьці… тыя ж кніжкі, тыя ж пласцінкі… Сын цёткі Волі вучыўся ў аспірантуры, днём не вылазіў з бібліятэкі, а ўначы разгружаў вагоны на станцыі. Есці не было чаго. На кухні стаяў мех бульбы — і ўсё. З’елі бульбу — адзін бохан хлеба на дзень. Цэлы дзень пілі гарбату. І больш нічога. Адзін кілаграм мяса каштаваў трыста дваццаць рублёў, а зарплата ў цёткі Волі была сто рублёў, яна працавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў. Усе кідаліся як ненармальныя, каб дзесьці падзарабіць. Разбіваліся ў блін… сапсаваўся стары кран на кухні, выклікалі сантэхнікаў, а яны выявіліся кандыдатамі навук. Смяяліся ўсе разам. Як казала нашая бабуля, журбою не пракормішся… Адпачынак — гэта раскоша, мала хто мог сабе дазволіць такую раскошу… Цётка Воля на час адпачынку з’язджала ў Мінск, там жыла ейная родная сястра, выкладчыца ўніверсітэта. Яны шылі падушкі са штучнага футра, набівалі іх сінтэпонам, але так, каб яны напалову заставаліся пустымі — і туды перад самым цягніком засоўвалі шчанюка, рабілі яму укол снатворнага. Ездзілі ў Польшчу… Шчанюкоў аўчарак так вазілі… і трусоў… На блышыных рынках — паўсюль руская гаворка… У тэрмасы налівалі гарэлку замест гарбаты, у валізках хавалі пад бялізнай цвікі і замкі… Дадому цётка Воля вярталася з торбай смачных польскіх каўбасак. Мы дурэлі ад гэтага паху!
У Маскве ноччу стралялі і нават узрывалі. Кіёскі, кіёскі… паўсюль кіёскі… Мама нанялася да аднаго азербайджанца, у яго было два ларкі — адзін з садавінай, другі — з рыбай. «Праца ёсць, выхадных няма. Адпачываць нельга». Але вось якая навіна — гандляваць мама саромелася, ёй было сорамна. Ну — ніяк! У першы дзень наогул: расклала садавіну, а сама схавалася за дрэва і адтуль выглядвала. Нацягнула шапку на самыя вушы, каб яе ніхто не пазнаў. На другі дзень цыганёнку дала сліву… Гаспадар заўважыў — накрычаў. Грошы не любяць жалю і сораму… Мала яна там пратрымалася, з гандлем у мамы справа не пайшла… Я ўбачыла аб’яву на плоце: «Патрабуецца прыбіральшчыца з вышэйшай адукацыяй». Мама пайшла па азначаным адрасе, і яе ўзялі. Плацілі там нармальна. Гэта быў нейкі амерыканскі фонд… Ужо мы змаглі неяк самі харчавацца, знялі пакой, у гэтай жа трохпакаёвай кватэры другі пакой здымалі азербайджанцы. Маладыя хлопцы. Нешта ўвесь час куплялі, прадавалі. Адзін замуж мяне клікаў, абяцаў вывезці ў Турцыю: «Я цябе ўкраду. У нас звычай такі, што нявесту трэба ўкрасці». Страшна было без мамы дома заставацца. А ён мне і садавіну дарыў, і ўрук… Гаспадар кватэры піў тыднямі, так напіваўся, што ў яго зносіла дах: «Ах ты, блядзь! Гэй ты, сука!» Жонку біў нагамі… яе «хуткая» адвозіла… І тады ён уначы да мамы лез. Дзверы ў наш пакой ламаў…
Зноў мы апынуліся на вуліцы… На вуліцы і без грошай… Мамін фонд закрылі, яна перабівалася выпадковымі заробкамі. Жылі ў пад’ездах… на лесвічных пляцоўках… Адны людзі проста ішлі сабе, іншыя крычалі, былі і такія, што выганялі нас на вуліцу. Маглі і ўначы. І ў дождж, і ў снег. Ніхто дапамогі не прапаноўваў, ні пра што не распытваў… ( Маўчыць.) Людзі не дрэнныя і не добрыя. У кожнага сваё… (Маўчыць.) Раніцай ішлі пешшу на вакзал (грошай на метро не было), у прыбіральні там мыліся. І мылі. Невялікае мыццё ў нас там… Улетку нічога, калі цёпла, усюды можна жыць… У парку на лаўках начавалі, восенню нагроб лісця, спім на лісці — цёпла. Як у спальным мяшку. На Беларускім вакзале… гэта я добра памятаю… мы часта сустракалі вельмі старую жанчыну, яна сядзела каля касы і размаўляла сама з сабой. Распавядала адну і тую ж гісторыю… Як у вайну да іх у вёску заходзілі ваўкі, яны адчулі, што мужчынаў няма. Мужчыны ўсе ваявалі. Калі ў нас з мамай было хоць трохі грошай, мы ёй падавалі. «Барані вас Гасподзь», — хрысціла яна нас. А мне нашая бабуля ўспаміналася…
Читать дальше