Гэта быў выходны… мы ўсе дома… Я зазірнула ў пакой бабулі, яна ўжо дрэнна хадзіла, больш ляжала, я ўбачыла, што яна сядзіць і глядзіць у акно. Папаіла яе вадзічкай. Прайшло трохі часу… Ізноў зайшла да яе, паклікала, яна маўчыць, я ўзяла яе за руку, а рука халодная, вочы былі расплюшчаныя і глядзелі ў тое ж акно. Да гэтага я ні разу не бачыла смерць, спалохалася і закрычала. Прыбегла мама, адразу заплакала, закрыла бабулі вочы. Трэба было тэлефанаваць у «хуткую дапамогу»… Праўда, яны неўзабаве прыехалі, але доктар запатрабавала ў мамы грошы за даведку пра смерць і за тое, што яны адвязуць бабулю ў морг: «А што вы хочаце? Рынак!» Грошай у нас у доме не было наогул… Якраз у гэты час маму скарацілі на працы, два месяцы яна ўжо была ў пошуку, але куды ні пойдзе па аб’яве, там ужо чарга. Мама скончыла тэхналагічны інстытут з чырвоным дыпломам. Пра тое, каб знайсці працу па спецыяльнасці, не магло быць і гаворкі, з інстытуцкім дыпломам уладкоўваліся прадаўцамі, пасудамыйкамі. Офісы прыбіралі. Усё стала іншае… Я не пазнавала на вуліцах людзей, як быццам усе пераапрануліся ў нешта шэрае. Каляровага нічога не было. Так я гэта запомніла… «Гэта ўсё твой Ельцын… твой Гайдар… — плакала бабуля, калі была жывая. — Што яны з намі зрабілі? Яшчэ трохі, і будзе, як у вайну». Мама маўчала, надзіва, мама аціхла. У доме на кожную рэч мы глядзелі толькі так — ці можна яе прадаць? Прадаць не было чаго… Жылі на бабуліну пенсію. Сядзелі на адных шэрых макаронах… За ўсё жыццё бабуля сабрала пяць тысяч, яны захоўваліся на кніжцы, іх павінна было хапіць, як яна казала, каб дажыць, на «чорны дзень» і на пахаванне. І гэта ператварылася ў адзін трамвайны білет… Карабок запалак… Грошы ва ўсіх у адзін дзень прапалі. Абдзіралаўку народу зладзілі… Больш за ўсё бабуля баялася, што мы пахаваем яе ў цэлафанавым пакеце або загорнем у газеты. Труна каштавала шалёныя грошы, і хавалі па-ўсякаму… Бабуліну сяброўку цётку Феню, яна на фронце медсястрой была, дачка пахавала ў газетах… загарнула ў старыя газеты… Медалі проста ў ямку паклалі… Дачка — інвалід, на сметніках корпалася… Гэта ўсё было так несправядліва! З сяброўкамі я хадзіла ў камерцыйную краму, разглядалі там каўбасы. Нейкія бліскучыя абгорткі. У школе тыя, у каго былі легінсы, дражнілі тых, каму бацькі не маглі купіць гэтыя легінсы. Мяне дражнілі… (Маўчыць.) Але мама паабяцала бабулі, што пахавае яе ў труне. Паклялася. Доктар убачыла: грошай у нас няма — яны павярнуліся і з’ехалі. Пакінулі бабулю нам…
Тыдзень мы жылі з бабуляй… Мама некалькі разоў на дзень абцірала яе марганцоўкай і накрывала мокрай прасцінай. Задраіла ўсе вокны і форткі, падаткнула дзверы мокраю коўдрай. Яна адна гэта рабіла, я баялася заходзіць у бабулін пакой, хуценька прабягала на кухню і назад. Пах быў… ужо з’явіўся… Праўда, нам яшчэ, грэх сказаць, пашанцавала: за час хваробы бабуля моцна схуднела, засталіся адны костачкі… Сталі тэлефанаваць сваякам… У нас сваякоў — палова Масквы, і раптам — нікога, яны не адмаўляліся — прыязджалі з трохлітровымі слоікамі марынаваных кабачкоў, агуркоў, з варэннем, але грошай ніхто не прапаноўваў. Пасядзяць, паплачуць і паедуць. Ні ў кога і не было жывых грошай. Я так думаю… стрыечнаму мамчынаму брату заробак на заводзе выдалі кансервамі, прывёз нам кансервы. Што мог… Тады нармальным лічылася — падарыць на дзень нараджэння кавалачак мыла, зубную пасту… У нас былі добрыя суседзі, праўда, добрыя. Цётка Аня з мужам… Яны пакавалі рэчы — пераязджалі да бацькоў у вёску, дзяцей ужо туды адаслалі — ім не да нас. Цётка Валя… Як яна магла дапамагчы, калі ў яе муж п’е і сын п’е? У мамы было столькі сяброў… Але ў іх таксама ў доме нічога не было, акрамя кніжак. Палова ўжо засталася без працы… Тэлефон памёр. Людзі адразу сталі іншымі пасля камунізму. Усе жылі за зачыненымі дзвярыма… (Маўчыць.) Я марыла: засну, а раніцай прачнуўся — і бабуля жывая.
ПРА ЧАС, КАЛІ БАНДЫТЫ ХАДЗІЛІ ПА ВУЛІЦАХ І НАВАТ НЕ ХАВАЛІ ПІСТАЛЕТЫ
Хто такія? З’явіліся нейкія незразумелыя людзі, яны былі ў курсе ўсяго: «Ведаем вашу бяду. Мы вам дапаможам». Патэлефанавалі кудысьці — тут жа прыйшоў урач і выдаў даведку пра смерць, і міліцыянт прыйшоў. І труну дарагую купілі, і катафалк быў, і шмат кветак, якіх толькі кветак там не было — усё як мае быць. Бабуля прасіла пахаваць яе на Хаванскіх могілках, але без хабару туды не праціснешся, могілкі старыя, вядомыя, але так і зрабілі, прывезлі бацюшку, ён памаліўся. Так прыгожа ўсё. Мы з мамай толькі стаялі і плакалі. Усім кіравала цётка Іра, яна была ў гэтай кампаніі галоўная, з ёй увесь час хадзілі хлопцы з біцэпсамі, ейная ахова. Адзін з гэтых хлопцаў ваяваў у Афганістане, і маму гэта чамусьці супакойвала, яна лічыла, што калі чалавек быў на вайне ці пры Сталіне сядзеў у лагеры, то гэты чалавек не можа быць дрэнным: «Як жа — ён так пацярпеў!» І наогул, у нас чалавека ў бядзе не кінуць — гэта было ейнае перакананне, мы ўспаміналі бабуліны аповеды пра тое, як людзі ў вайну ратавалі адзін аднаго. Савецкія людзі… (Маўчыць.) А ўжо былі нейкія іншыя людзі. Не зусім савецкія… Я кажу, як цяпер гэта ўяўляю, а не як тады… Нас узяла ў абарот банда, але для мяне тады яны былі дзядзькі і цёткі — пілі з намі гарбату на кухні, частавалі цукеркамі. Цётка Іра прывозіла прадукты, калі бачыла наш зусім пусты халадзільнік, падарыла мне джынсавую спаднічку — тады ўсе маліліся на джынсы! Можа, месяц яны так хадзілі, мы да іх прывыклі, і тут яны робяць маме прапанову: «Давайце прададзім вашу трохпакаёвую кватэру і купім аднапакаёвую. У вас будуць грошы». Мама пагадзілася… Яна ўжо ўладкавалася ў кавярню: мыла посуд, сталы працірала, але грошай катастрафічна не хапала. Пачалі ўжо абмяркоўваць, куды мы пераедзем, у які раён. Я не хацела мяняць школу. Шукалі што-небудзь паблізу.
Читать дальше