«Вы — Малікава Юлія Барысаўна?» — «Я — Малікава». — «Вам тэлефануюць з міліцыі. Скажыце, а Людміла Малікава кім вам даводзіцца?» — «Гэта мая мама». — «Вашу маці пераехаў цягнік. У Алабіне…» Заўсёды яна была ўважлівая, калі ішоў цягнік… вельмі баялася… Трапіць пад цягнік яна баялася больш за ўсё. Сто разоў галаву паверне: ідзе — ці не йдзе? І вось… Не, гэта не выпадковасць… не няшчасны выпадак… Купіла пляшку гарэлкі… каб не так было балюча і страшна, і кінулася… Яна стамілася… проста стамілася… Стамілася ад такога жыцця… «ад самой сябе»… Гэта не мае, гэта ейныя словы. Я кожнае слова ейнае потым успамінала… ( Плача.) Цягнік яе доўга цягнуў… Прывезлі ў бальніцу, гадзіну яна яшчэ праляжала ў рэанімацыі, але выратаваць яе было немагчыма. Мне так і сказалі… Убачыла я яе ўжо ў труне, ужо апранутую. Усё было жудасна… яшчэ Жэнькі ў мяне не было… Калі б я была маленькая, яна б мяне не пакінула. Ніколі… гэтага б не здарылася… У апошнія дні яна мне часта казала: «Ты ўжо вялікая. Ты ўжо вырасла». Навошта я вырасла? (Плача.) Я засталася адна… Так і жыла…. (Пасля доўгага маўчання.) Калі ў мяне будзе дзіця, я павінна быць шчаслівай… каб яно запомніла шчаслівую маму…
Жэнька… Жэнька мяне выратаваў… Я яго заўсёды чакала… У прытулку мы марылі: жывём тут, але гэта часова, а хутка будзем жыць, як усе, у нас з’явяцца сем’і — муж, дзеці. Будзем самі купляць сабе кексы, не на свята, а калі захочацца. Вельмі хацелася… Сямнаццаць гадоў… мне споўнілася сямнаццаць гадоў… Выклікаў да сябе дырэктар: «Цябе ўжо знялі з харчавання». І — маўчыць. Пасля сямнаццаці гадоў з прытулку адпраўлялі. Ідзі! А ісці не было куды. Працы няма, і наогул нічога няма. І мамы няма… Я патэлефанавала цётцы Надзі: «Напэўна, я да вас прыйду. З прытулку мяне ўжо адпраўляюць». Цётка Надзя… калі б не яна… анёл-ахоўнік… Гэта была не родная мне цётка, гэта цяпер яна стала раднейшая за родных і свой пакойчык у камуналцы мне адпісала. Зараз… так… Калісьці яна жыла з маім дзядзькам, але ён даўно памёр, яны не былі мужам і жонкай, жылі ў грамадзянскім шлюбе. Але я ведала, што яны кахалі адно аднаго. Да такога чалавека можна прыйсці… Калі чалавек зведаў каханне, да яго можна заўсёды прыйсці…
У цёткі Надзі ніколі не было дзяцей, і яна прывыкла жыць адна, ёй было цяжка жыць з кімсьці. Жах! Пакой — шаснаццаць метраў. Я спала на раскладушцы. Суседка, вядома, стала выказваць прэтэнзіі: «Няхай яна сыходзіць». Міліцыю выклікала. Цётка Надзя стаяла сцяной: «А куды яна пойдзе?» Напэўна, ужо год прайшоў… І цётка Надзя сама спытала: «Ты сказала, што прыедзеш на два месяцы, а ўжо год, як ты жывеш у мяне». Я маўчу… плачу… І яна маўчыць… плача… (Маўчыць.) Яшчэ год прайшоў… Неяк усе прывыклі да мяне… Я старалася… І суседка прывыкла… Цётка Марына неблагі чалавек, гэта жыццё ў яе благое. У яе было два мужы, і абодва ад п’янкі, як яна кажа, здохлі. Да яе часта прыязджаў пляменнік, мы з ім віталіся. Прыгожы хлопец. А гэта… Гэта было так: я сядзела ў пакоі, чытала кнігу, цётка Марына зайшла, узяла мяне за руку і павяла на кухню: «Давайце знаёміцца: вось гэта — Юля, а вось гэта — Жэня. А цяпер марш на вуліцу!» Мы сталі з Жэнькам сустракацца. Цалаваліся. Але нічога сур’ёзнага. Ён працуе кіроўцам, часта ездзіць у камандзіроўкі. Вярнуўся раз — мяне няма. Дзе? Што? А тут… У мяне даўно здараліся прыступы — то задыхаюся, то ўпаду ад слабасці… Цётка Надзя прымусіла пайсці да доктара, праверылі — знайшлі рассеяны склероз. Вы, вядома, ведаеце, што гэта такое… невылечная хвароба… Ад нуды яна, у мяне яна ад нуды. Я вельмі сумавала па маме. Вельмі. (Маўчыць.) Паставілі дыягназ і паклалі ў шпіталь. Жэнька знайшоў мяне там і стаў наведваць. Прыходзіў кожны дзень. То яблык прыгожы прынясе, то апельсін… Як тата калісьці… Гэта быў ужо май… З’яўляецца з букетам руж, я ахнула — такі букет, на палову ягонай зарплаты. У святочным касцюме… «Выходзь за мяне замуж». Я збянтэжылася. «Не хочаш?» Што мне адказаць? Падманваць я не ўмею, і я не хацела яго падманваць. Я ўжо даўно ў яго закахалася… «Я хачу выйсці за цябе замуж, але ты павінен ведаць праўду — у мяне інваліднасць трэцяй групы. Хутка я буду як хамячок, мяне на руках давядзецца насіць». Ён нічога не зразумеў, але занерваваўся.
На наступны дзень прыходзіць і кажа: «Нічога. Прарвёмся». Выйшла я з бальніцы, і мы распісаліся. Павёз ён мяне да сваёй мамы. Яго мама — простая сялянка. Усё жыццё ў полі. У хаце ніводнай кнігі. Але мне там у іх было добра. Спакойна. Я ёй таксама ўсё распавяла… «Нічога, дзяўчынка мая. — Абняла яна мяне. — Дзе каханне, там і Бог». ( Маўчыць.)
Читать дальше