«Быть женщиной — великий шаг,
Сводить с ума — геройство».
Не люблю сваё дзяцінства і юнацтва не люблю, увесь час чакала, калі яны скончацца. Грызла граніт навукі, займалася спортам. За ўсіх хутчэй, за ўсіх вышэй, за ўсіх мацней! У доме круцілі касеты з песнямі Акуджавы: «Возьмемся за руки, друзья…» Не! не мой ідэал. У Маскву… Масква! Я яе заўсёды адчуваю як саперніцу, з першай хвіліны яна выклікала ўва мне спартыўную злосць. Мой горад! Шалёны рытм — кайф! Размах — на мае крылы! У кішэні было дзвесце «зялёных» і трохі «драўляных». Усё! Шалёныя дзевяностыя… Бацькам даўно не плацілі зарплату. Галеча! Тата кожны дзень угаворваў сябе і нас з мамай: «Трэба пацярпець. Пачакаць. Я веру Гайдару». Да свядомасці такіх людзей, як мае бацькі, яшчэ не даходзіла, што пачаўся капіталізм. Рускі капіталізм… малады і таўстаскуры, той самы, які абрынуўся ў 1917 годзе… ( Задумалася.) Ці разумеюць яны гэта цяпер? Цяжка сказаць… У адным я ўпэўненая: капіталізм мае бацькі не замаўлялі. Без варыянтаў. Мая гэта замова, такіх, як я, тых, хто не захацеў заставацца ў клетцы. Маладых, моцных. Для нас капіталізм — гэта цікава… авантурная прыгода, рызыка… Гэта не толькі грошы. Пан долар! Зараз я вам выдам свой сакрэт! Мне пра капіталізм, сучасны капіталізм — не раманы Драйзера — больш падабаецца чытаць, чым пра ГУЛАГ і савецкі дэфіцыт. Пра стукачоў. Ой! Ой! Ах, святое закранула. З бацькамі я пра гэта і піскнуць не
магу. Ні слова. Што вы! Мой тата застаўся савецкім рамантыкам. У жніўні дзевяноста першага… Путч!! Па тэлевізары з раніцы — балет «Лебядзінае возера»… і танкі ў Маскве, як у Афрыцы… І тата, а з ім яшчэ чалавек сем, усе ягоныя сябры, яны проста з працы рванулі ў сталіцу. Рэвалюцыю падтрымаць! Я сядзела каля тэлевізара… Запомніла Ельцына на танку. Падала імперыя… Хай падае… Чакалі тату як з вайны — вярнуўся ён героем! Я думаю, што ён цяпер гэтым жыве. Праз энную колькасць гадоў я разумею, што гэта — самае галоўнае, што было ў яго жыцці. Як у нашага дзядулі… Той усё жыццё распавядаў, як яны білі немцаў пад Сталінградам. Пасля імперыі тату жыць сумна і нецікава, яму няма для чаго жыць. У асноўным, яны расчараваныя… Ягонае пакаленне… У іх пачуццё падвойнай паразы: сама камуністычная ідэя пацярпела крах, і тое, што пасля яе атрымалася, ім таксама незразумелае, яны гэтага не прымаюць. Іншага яны хацелі, калі капіталізму, то з чалавечым тварам і мілай усмешкай. Не іх гэта свет. Чужы. Але гэта мой свет! Мой! Я шчаслівая, што савецкіх людзей я бачу толькі Дзявятага мая… (Маўчыць.)
Ехала я ў сталіцу аўтаспынам — так танней, і чым больш глядзела ў акно, тым больш злоснай станавілася, я ўжо ведала, што з Масквы не вярнуся. Ні за якія пернікі! Па абодва бакі кірмаш… Гандлявалі чайнымі сервізамі, цвікамі, лялькамі — людзям плацілі таварам. Можна было прасы або патэльні памяняць на каўбасу (на мясакамбінатах разлічваліся каўбасой), на цукеркі, цукар. Каля адной аўтобуснай будкі сядзела тоўстая цётка, абвешаная, як кулямётнымі стужкамі, дзіцячымі цацкамі. Мульцік! У Маскве ліў дождж, але я ўсё роўна пайшла на Чырвоную плошчу, каб убачыць купалы Васіля Блажэннага і Крамлёўскую сцяну — гэтая моц, сіла, і я тут! У самым сэрцы! Я ішла і кульгала, перад ад’ездам зламала ў трэнажорнай зале мезенец на назе, але я была на высокіх абцасах і ў сваёй лепшай сукенцы. Вядома, лёс — гэта шанцунак, карта, але ў мяне ёсць абвостранае пачуццё, і я ведаю, чаго хачу. Сусвет нічога не дае проста так… задарма… На — табе! І — табе! Трэба вельмі хацець. Я хацела! Мама прывозіла толькі хатнія піражкі і расказвала, як яны з татам ходзяць на мітынгі дэмакратаў. А па талонах у месяц на чалавека давалі: два кілаграмы крупы, па адным кілаграме мяса і дзвесце грамаў масла. Чэргі, чэргі, чэргі і нумары на далонях. Мне не падабаецца слова «савок»!! Мае бацькі — не «саўкі», яны — рамантыкі!
Дашкаляты ў нармальным жыцці. Я іх не разумею, але я іх люблю! Ішла па жыцці адна… заўсёды адна… у шакаладзе не была… І мне ёсць за што сябе любіць! Без рэпетытараў, без грошай і пратэкцыі я паступіла ў МДУ. На факультэт журналістыкі… На першым курсе закахаўся ў мяне аднакурснік і спытаў: «А ты закаханая?» — На што я адказала: «Я закаханая ў сябе». Я ўсяго дамаглася сама. Сама! З аднакурснікамі было нецікава, на лекцыях сумна. Вучылі савецкія выкладчыкі па савецкіх падручніках. А вакол віравала ўжо несавецкае жыццё — дзіўнае, шалёнае! З’явіліся першыя патрыманыя іншамаркі — захапленне! Першы «Макдональдс» на Пушкінскай… Польская касметыка… і жудасныя чуткі, што яна — для нябожчыкаў… Першая рэклама на тэлебачанні — рэкламаваўся турэцкі чай. Усё раней было шэрае, а тут — яркія колеры, кідкія шыльды. Усяго хацелася! Усё можна было атрымаць! Ты мог быць кім хочаш: брокерам, кілерам, геем… Дзевяностыя гады… для мяне блаславёныя… незабыўныя… Часы загадчыкаў лабараторый, бандытаў і авантурыстаў! Савецкімі заставаліся толькі рэчы, а людзі ўжо з іншай праграмай у галаве… Будзеш круціцца і круціцца — і ты атрымаеш усё. Які Ленін? Які Сталін? Гэта пазаддзе, перад табой адкрываецца афігеннае жыццё: ты можаш убачыць увесь свет, жыць у выдатнай кватэры, ездзіць на шыкоўнай машыне, есці на абед сланяціну… У Расіі разбегліся вочы… Вуліца і тусоўкі вучылі хутчэй, і я перавялася на завочнае аддзяленне. Знайшла працу ў газеце. Жыццё падабалася мне з самай раніцы. Я глядзела ўверх… на высокую лесвіцу жыцця… Я не марыла, каб мяне трахалі ў пад’ездах або ў саўнах і за гэта вадзілі па дарагіх рэстаранах. За мной шмат хто бегаў… На аднагодкаў я не звяртала ўвагі, з імі я магла сябраваць, хадзіць разам у бібліятэку. Несур’ёзна і спакойна. А падабаліся мне мужчыны старэйшыя і паспяховыя, якія ўжо зрабілі сябе. З імі было цікава, смешна і карысна. А на мне… (Смяецца.) На мне доўга стаяла таўро — дзяўчынкі з добрай сям’і, з дома, дзе шмат кніг, галоўная ў доме — кніжная шафа, і на мяне звярталі ўвагу пісьменнікі і мастакі. Непрызнаныя геніі. Але я не збіралася прысвяціць сваё жыццё генію, якога прызнаюць пасля ягонай смерці і будуць пяшчотна любіць нашчадкі. А потым усе гэтыя размовы, што надакучылі мне яшчэ дома: пра камунізм, пра сэнс жыцця, пра шчасце для іншых… пра Салжаніцына і Сахарава… Не, гэта былі героі не майго рамана, а героі маёй мамы. Тых, хто чытаў і марыў лётаць, як чэхаўская чайка, змянілі тыя, хто не чытаў, але мог лётаць. Увесь ранейшы джэнтльменскі набор выпаў у асадак: самвыдат, размовы шэптам на кухні. Якая ганьба — нашы танкі былі ў Празе! Ды яны ўжо былі ў Маскве! Каго гэтым здзівіш? Замест вершаў самвыдата — пярсцёнак з дыяментам, дарагія лэйблы… Рэвалюцыя жаданняў! Хэнцяў!! Мне падабаліся… я люблю чыноўнікаў і бізнесоўцаў… Мяне натхняў іх лексікон: афшор, адкаты, бартар. Сеткавы маркетынг, крэатыўны падыход… У рэдакцыі на планёрках рэдактар казаў: «Патрабуюцца капіталісты. Дапамагаем Ельцыну і гайдараўскаму ўраду рабіць капіталістаў. Тэрмінова!» Я была маладая… прыгожая… Мяне пасылалі рабіць інтэрв’ю з гэтымі капіталістамі: як яны сталі багатымі? Як зарабілі першы мільён? Сацыялістычныя людзі ператвараліся ў капіталістычных? Трэба было гэта апісаць… Чамусьці менавіта мільён забіраў увагу. Зарабіць мільён! Мы прывыклі, што рускі чалавек, здаецца, і не хоча быць багатым, нават баіцца. Чаго ж ён хоча? А ён заўсёды хоча аднаго, каб нехта іншы не стаў багатым. Багацейшым за яго. Малінавыя пінжакі, залатыя ланцужкі… Гэта з кіно… з тэлесерыялаў… Тыя, каго я сустракала: з жалезнай логікай і жалезнай вытрымкай. Сістэмнае мысленне. Усе вучылі англійскую. Менеджмент. Акадэмікі і аспіранты з’язджалі з краіны… фізікі і лірыкі… А гэтыя… новыя героі… яны нікуды не хацелі выязджаць, ім падабалася жыць у Расіі. Гэта быў іх час! Іх шанец! Яны хацелі быць багатымі, яны ўсяго хацелі. Усяго!
Читать дальше