Мама сябравала з Зейнаб, а ў Зейнаб было дзве дзяўчынкі і сын Анар, з якім мы вучыліся ў адным класе. «Аддасі дачку за майго Анара, — смяялася Зейнаб, — станем сваякамі». (Угаворвае сябе.) Плакаць не буду… Плакаць не трэба… Пачнуцца армянскія пагромы… І цётка Зейнаб, добрая наша цётка Зейнаб, разам са сваім Анарам… мы ўцяклі, хаваліся ў добрых людзей… яны выцягнуць ноччу з нашага дома халадзільнік і тэлевізар… газавую пліту і новенькую югаслаўскую сценку… А аднойчы Анар сустрэне са сваімі сябрамі майго мужа, і яны будуць біць яго жалезнымі прэнтамі: «Які ты азербайджанец? Ты — здраднік! Ты жывеш з армянкай — нашым ворагам!» Мяне павяла да сябе сяброўка, я жыла ў іх на гарышчы… Кожную ноч гарышча адчынялі, кармілі мяне — і я зноў сыходзіла наверх, уваход прыбівалі цвікамі. Намёртва прыбівалі цвікамі. Знойдуць — заб’юць! Я выйшла адтуль пасівелая… (Зусім ціха.) Іншым кажу: не трэба па мне плакаць… А ў самой слёзы… Анар мне ў школе падабаўся, ён быў прыгожы хлопчык. Адзін раз мы з ім нават цалаваліся… «Прывітанне, каралева!» — чакаў ён мяне каля брамы школы. Прывітанне, каралева!
Я памятаю тую вясну… вядома, яна ўспамінаецца, але цяпер ужо рэдка… не часта… Вясна-а-а-а! Я скончыла вучэльню і ўладкавалася сувязісткай на тэлеграфе. На Цэнтральным тэлеграфе. Людзі стаяць ля акенца: адна плача — маці памерла, другая смяецца — у яе вяселле. З днём нараджэння! З юбілеем! Тэлеграмы, тэлеграмы. Выклікаю Уладзівасток, Усць-Кут, Ашхабад… Праца вясёлая. Не сумная. А кахання чакаеш… у васямнаццаць гадоў чакаеш кахання… Я думала, што каханне прыходзіць толькі раз, і тое, што гэта каханне, ты разумееш адразу. А было смешна, атрымалася вельмі смешна. Мне не спадабалася, як мы з ім пазнаёміліся. Раніцай я іду каля аховы, усе мяне ўжо ведалі, ніхто пропуск не патрабаваў: прывітанне-прывітанне — без пытанняў. А тут — «Пакажыце пропуск». Я аслупянела. Стаіць перада мной высокі прыгожы хлопец і не прапускае. — «Вы кожны дзень мяне бачыце…» — «Пакажыце пропуск». А я ў гэты дзень забылася пропуск, корпаюся ў сумцы — у мяне ніякіх дакументаў. Выклікалі майго начальніка… я атрымала вымову… І так раззлавалася на гэтага хлопца! А ён… У мяне была начная змена, і ён прыходзіць з сябрам піць гарбату. Гэта ж трэба! Прыносяць піражкі з павідлам, цяпер ужо няма такіх піражкоў, смачныя, але адкусваць страшна — ніколі не ведаеш, з якога боку вылезе павідла. Рагаталі! Але я з ім не размаўляла, пакрыўдзілася. Яшчэ праз некалькі дзён знайшоў мяне пасля працы: «Я купіў квіткі ў кіно — пойдзеш?» Квіткі на маю ўлюбёную кінакамедыю «Міміно» з Вахтангам Кікабідзэ ў галоўнай ролі, я глядзела яе дзесяць разоў, ведала ўвесь тэкст на памяць. Як выйшла, ён таксама. Ідзём і пераклікаемся, правяраем адзін аднаго: «Я табе адын разумны рэч скажу, толькі ты не крыўдуй». «Як я гэтую карову прадам, калі яе тут усе ведаюць?» І… пачалося каханне… У ягонага стрыечнага брата былі вялікія парнікі, ён гандляваў кветкамі. На сустрэчу Абульфаз заўсёды прыходзіў з ружамі — чырвонымі і белымі… Ружы бываюць нават бэзавыя, як быццам падфарбаваныя, а яны — сапраўдныя. Я марыла… Я часта марыла пра каханне, але я не ведала, як можа тахкаць маё сэрца, з грудзей рвацца. На мокрым пляжы заставаліся нашы пасланні… на пяску… вялікімі літарамі «я цябе кахаю!!!». Праз дзесяць метраў яшчэ раз «я цябе кахаю!!!». Тады ў горадзе паўсюль стаялі жалезныя аўтаматы з газіраванай вадой, і ў аўтамаце адна шклянка на ўсіх. Памыеш — і п’еш. Падыходзім — няма шклянкі, і другі аўтамат без шклянкі. Я хачу піць! Мы столькі спявалі, раўлі, смяяліся каля мора — я хачу піць! З намі доўга яшчэ здараліся чароўныя рэчы, неверагодныя, а потым перасталі. О, я ведаю гэта… Праўда! «Абульфаз, я хачу піць! Прыдумай што-небудзь!» Ён глядзіць на мяне і падымае рукі да неба, нешта доўга-доўга кажакажа. І аднекуль… з-за зарослых травой платоў і зачыненых латкоў з’яўляецца п’яны чалавек і аддае шклянку: «Кра-а-сы-в-вай дэвушкэ — нэ жалко».
А гэты світанак… Нідзе ні душы, толькі мы. І туман з мора. Я іду басанож, з-пад асфальту туман паўзе, як пара. Ізноў — цуд! З’яўляецца раптам — сонца! Святло… асвятленне… як пасярод летняга дня… На мне імгненна высыхае мая летняя сукенка, вільготная ад расы.
«Ты такая прыгожая!» А ты… ты… (На вачах слёзы.) Іншым кажу: не трэба плакаць… А сама… Усё прыгадваецца… прыгадваецца… Але кожны раз усё меней галасоў, і сноў усё менш. Я марыла тады… я лётала! Толькі… Не было! Не было ў нас хэпі-энду: белай сукенкі, маршу Мендэльсона, вясельнага падарожжа… Хутка, вельмі хутка… (Маўчыць.) Нешта хацела сказаць… Нешта… Забываю самыя звычайныя словы… пачала забываць… Я хацела сказаць, што хутка, вельмі хутка… Мяне хавалі ў падвалах, я жыла на гарышчах, я ператварылася ў кошку… у кажана… Калі б вы маглі зразумець… калі б маглі… калі б вы ведалі, як страшна, калі ўначы нехта крычыць. Самотны крык. Закрычыць ноччу нейкая птушка, і ўсім страшна. А калі гэта чалавек? Я жыла адной думкай: я кахаю… кахаю і яшчэ раз кахаю. Па-іншаму б не змагла, не вытрымала. Як жа — такі жах! З гарышча спускалася толькі ўначы… шторы тоўстыя, як коўдра… Аднойчы гарышча адкрылі раніцай: «Вылазь! Уратавалася!» У горад увайшлі войскі…
Читать дальше