Маё вяселле… наша… Усе падарункі ад дома жаніха і ад дома нявесты… купляла мая мама… І белую сукенку, і залаты пярсцёнак… За сталом сваякі нявесты павінны перад першым тостам устаць і расхвальваць дзяўчыну, а родныя жаніха хваляць хлопца. За мяне трымаў слова мой дзядуля, ён скончыў і пытаецца Абульфаза: «А хто за цябе нам слова закіне?» — «Я сам за сябе скажу. Я кахаю вашу дачку. Кахаю больш за жыццё сваё». Так ён гэта сказаў, што ўсім спадабаўся. Сыпалі нам на парог дробныя манеты, рыс — для шчасця і багацця. І там… Ёсць адзін момант… Ёсць падчас вяселля такі момант, калі сваякі з аднаго боку павінны ўстаць і пакланіцца сваякам з другога боку, а тыя — таксама. Абульфаз устаў адзін… як бязродны… «Я нараджу табе дзіцятка, ты не будзеш адзін», — падумала я. Паклялася. А ён ведаў, я даўно яму прызналася, што ў юнацтве цяжка хварэла і ўрачы вынеслі прысуд: нараджаць мне нельга. Ён і на гэта быў згодны, толькі б нам быць разам. Але я… Я вырашыла — нараджу. Хай нават сама памру, але дзіцятка ж застанецца.
Мой Баку…
…мора… мора… мора…
…сонца… сонца… сонца… Не мой Баку…
…Дзвярэй у пад’ездзе няма, вялікія дзіркі ад дзвярэй завешаныя кавалкамі цэлафану…
…Мужчыны ці падлеткі… ад жаху не запомніла… б’юць — забіваюць коллем (і дзе яны яго пазнаходзілі ў горадзе?) жанчыну… яна ляжыць на зямлі маўклівая. Людзі ўбачаць — збочваюць на іншую вуліцу. Дзе міліцыя? Міліцыя знікла… я не бачыла ніводнага міліцыянта… Абульфаза дома ванітуе. Ён добры, вельмі добры. Але адкуль узяліся тыя… там, на вуліцы? Насустрач нам бег чалавек увесь у крыві… паліто, рукі ў крыві… у руках доўгі кухонны нож, якім зеляніну крышаць… У яго быў урачысты… можа, нават шчаслівы твар… «Я яго ведаю», — сказала знаёмая дзяўчынка, з якой мы стаялі на прыпынку і чакалі аўтобуса.
…Нешта ўва мне тады знікла… чагосьці ўва мне больш няма…
…Мама звольнілася з працы… Ужо небяспечна было хадзіць па вуліцах, яе пазнавалі адразу. А мяне не. Пры адной умове — ніякіх дакументаў з сабой не браць. Ніякіх! Абульфаз сустракаў мяне пасля працы, мы ішлі разам, ніхто не падазраваў, што я — армянка. Але кожны мог падысці і сказаць: «Пакажы пашпарт!» «Хавайцеся. Сыходзьце», — папярэдзілі суседзі, рускія бабулі. Маладыя рускія з’ехалі, кінулі кватэры, добрую мэблю. Засталіся бабулі… добрыя рускія бабулі…
…А я ўжо цяжарная… Я нашу пад сэрцам дзіця…
Разня ў Баку працягвалася некалькі тыдняў… адны кажуць так, а іншыя кажуць, што больш… Забівалі не толькі армян, забівалі і тых, хто хаваў армян. Мяне хавала мая азербайджанская сяброўка, у яе сям’я — муж і двое дзяцей. Калі-небудзь… Клянуся! Я прыеду ў Баку, прыеду са сваёй дачкой і прыйду ў гэты дом: «Гэта — твая другая маці, дачушка». Шторы тоўстыя… як паліто… такія шторы… гэта спецыяльна пашылі, для мяне. Уначы я спускалася з гарышча… на гадзіну-дзве… Гаварылі шэптам, са мной трэба было размаўляць. Усе разумелі: са мной трэба гаварыць, каб я не здранцвела, не звар’яцела. Не страціла дзіцяці і не заскуголіла ноччу. Як звер.
Я памятаю нашыя размовы, добра памятаю. Увесь дзень сядзела на гарышчы і перабірала іх у памяці. Я — адна… Палоска неба вузенькая… праз шчыліну… «…Спынілі старога Лазара на вуліцы і пачалі біць… «Я — габрэй», — даводзіў ён. Пакуль знайшлі пашпарт, скалечылі…»
«…Забіваюць за грошы і проста так… Асабліва шукаюць дамы, дзе жывуць багатыя армяне…»
«…У адным доме забілі ўсіх… А меншанькая дзяўчынка залезла на дрэва… Яны яе, як птушачку… Ноччу дрэнна відаць, доўга трапіць не маглі. Злаваліся… цэлілі. Звалілася ім пад ногі…»
Сяброўчын муж быў мастак. Я любіла ягоныя карціны, ён маляваў жаночыя партрэты і нацюрморты. І я памятаю, як ён падыходзіў да кніжных паліц і стукаў па карэньчыках: «Трэба ўсё спаліць! Спаліць! Я болей кнігам не веру! Мы думалі, што дабро пераможа — нічога падобнага! Спрачаліся пра Дастаеўскага… Так, гэтыя героі заўсёды тут! Сярод нас. Побач!» Я не разумела, пра што ён гаворыць, я — дзяўчынка простая, звычайная. Ва ўніверсітэце не вучылася. Умела толькі плакаць… выціраць слёзы… Я доўга верыла, што жыву ў найлепшай краіне, сярод найлепшых людзей. Так нас у школе вучылі. А ён перажываў страшэнна, перажываў гэта вельмі цяжка. І ў яго здарыўся інсульт, яго паралізавала… (Заціхла.) Памаўчу… Нешта дрыжу ўся… (Праз некалькі хвілінаў працягвае.) Увайшлі ў горад войскі. Я магла ўжо вярнуцца дадому… Ён ляжаў, толькі адной рукой мог трохі варушыць. І ён мяне абняў гэтай рукой: «Усю ноч я думаў пра цябе, Рыта, і пра сваё жыццё. Шмат гадоў… Усё жыццё я змагаўся з камуністамі. А цяпер у мяне сумневы: няхай бы намі кіравалі гэтыя старыя муміі, чаплялі адзін аднаму чарговыя Зоркі Герояў, а мы не ездзілі б за мяжу, не чыталі забароненыя кнігі, і не елі піцу — ежу багоў. Але тая маленькая дзяўчынка… яна засталася б жывая, ніхто б яе не падстрэліў… Як птушачку… І ты не сядзела б на гарышчы, як мыш…» Неўзабаве ён памёр… Праз нейкі час… Тады многія паміралі, паміралі добрыя людзі. Не маглі ўсё гэта перажыць.
Читать дальше