Думаю пра гэта… Я думаю пра гэта нават у сне — калі ўсё пачалося? Восемдзесят восьмы год… На плошчы збіраюцца нейкія людзі, яны ўсе ў чорным, танчаць і спяваюць. Танчаць з нажамі і кінжаламі. Будынак тэлеграфа побач з плошчай, усё на нашых вачах. Абляпілі балкон — і глядзім. «Што яны крычаць? — пытаюся. — «Смерць няверным! Смерць!» Гэта працягвалася доўга, вельмі доўга… шмат месяцаў… Нас сталі адганяць ад вокнаў: «Дзяўчынкі, гэта небяспечна. Сядзіце на сваіх месцах і не высоўвайцеся. Працуйце». Падчас абеду звычайна пілі гарбату разам, і раптам у адзін дзень: азербайджанкі селі за адзін столік, армянкі — за іншы. Адразу, разумееце? А я ніяк не магла зразумець, ніяк. Да мяне яшчэ нічога не даходзіла. У мяне каханне… я занятая сваімі пачуццямі… «Дзяўчынкі! Што здарылася?» — «Ты не чула? Начальнік сказаў, што хутка ў яго будуць працаваць толькі чыстакроўныя мусульманкі». Мая бабуля перажыла армянскі пагром у пятнаццатым годзе. Я памятаю… Яна мне ў дзяцінстве распавядала: «Калі я была такая маленькая, як ты, майго тату зарэзалі. І маму, і цётку. І ўсіх нашых авечак… — Вочы ў бабулі заўсёды былі сумныя. — Рэзалі суседзі… Да гэтага нармальныя людзі, можна нават сказаць, добрыя. За сталом у святы разам сядзелі…» Я думала, што гэта было даўно… хіба гэта магчыма цяпер? Пытаюся ў мамы: «Мама, ты бачыла — хлопчыкі ў двары гуляюць не ў вайну, а ў разню армян? Хто іх навучыў?» — «Маўчы, дачка. Суседзі пачуюць». Мама ўвесь час плакала. Сядзела і плакала. Дзеці цягалі па двары нейкае пудзіла і тыркалі ў яго палкамі, дзіцячымі кінжальчыкамі. «Хто гэта?» — я паклікала маленькага Архана, унука мамінай сяброўкі Зейнаб. — «Гэта армянская старая.
Мы яе забіваем. Цётка Рыта, а хто ты? Чаму ў цябе рускае імя?» Імя мне мама прыдумала… Мама любіла рускія імёны і ўсё жыццё марыла ўбачыць Маскву… Тата кінуў нас, тата жыў з іншай жанчынай, але ўсё роўна гэта быў тата. Я пайшла да яго з навіной: «Тата, я выходжу замуж!» — «А добры хлопец?» — «Вельмі. Але завуць яго Абульфаз…» Тата маўчыць, ён хоча мне шчасця. А я палюбіла мусульманіна… у яго іншы Бог… Тата маўчыць. І вось… Абульфаз прыйшоў да нас у дом: «Хачу прасіць тваёй рукі». — «А чаму ты адзін, без сватоў? Без сваякоў?» — «Яны ўсе супраць, а мне ніхто акрамя цябе, не патрэбны». І мне… Мне таксама не патрэбны. Што рабіць нам з нашым каханнем?
Вакол тварылася не тое, што ўнутры… Не тое… зусім не тое… Ноччу страшна і ціха ў горадзе… Ну як жа так, я не магу так. Ну што ж гэта такое — жудасць! Днём людзі не смяюцца, не жартуюць, перасталі купляць кветкі. Раней абавязкова хтосьці ідзе па вуліцы з кветкамі. Там цалуюцца і тут цалуюцца. А цяпер… Тыя ж людзі ідуць… і не глядзяць адзін на аднаго… Нешта павісла над усім і над усімі… нейкае чаканне…
Цяпер ужо не магу ўсё дакладна ўспомніць… Змянялася дзень пры дні… Цяпер усе ведаюць пра Сумгаіт… ад Баку да Сумгаіта трыццаць кіламетраў… Там быў першы пагром… У нас працавала дзяўчынка з Сумгаіта, і вось — усе пасля змены дахаты, а яна застаецца на тэлеграфе. Начуе ў бакоўцы. Ходзіць заплаканая, на вуліцу нават не выглядвае, ні з кім не размаўляе. Пытаемся — маўчыць. Але калі яна загаварыла… стала гаварыць… Я хацела не чуць… Не чуць! Нічога не чуць! Ну што ж гэта такое! Ну што ж такое — як жа так! «Што з тваім домам?» — «Дом разрабавалі». — «А з тваімі бацькамі?» — «Маму вывелі ў двор, распранулі дагала і — на вогнішча! А сястру цяжарную прымусілі танчыць вакол вогнішча… А калі забілі, жалезнымі прэнтамі выкалупвалі з яе дзіця…» — «Змоўкні! Змоўкні!» — «Тату пасеклі… сякерай… Сваякі пазналі яго толькі па ботах…» — «Змоўкні! Прашу цябе!» — «Збіраліся мужчыны, маладыя і старыя, па дваццаць-трыццаць чалавек і ўрываліся ў дамы, дзе жылі армянскія сем’і. Забівалі і гвалтавалі — дачку пры бацьку, жонку пры мужу…» — «Змоўкні! Лепей заплач». А яна не плакала… так ёй было страшна… «Палілі аўтамабілі. На могілках валілі пліты з армянскімі прозвішчамі… мёртвых ненавідзелі… — «Змоўкні! Хіба такое можа быць з людзьмі?!» Пачалі мы ўсе яе баяцца… А тэлебачанне, радыё і газеты… ні слова пра Сумгаіт… Толькі чуткі… У мяне потым пыталіся: «Як вы жылі? Як вы жылі пасля ўсяго?» Прыйшла вясна. Жанчыны надзелі лёгкія сукенкі… Такі жах — і так вакол прыгожа! Разумееце? І мора.
Я збіраюся замуж… Мама просіць: «Дачушка, падумай». Тата маўчыць. Ідзём з Абульфазам па вуліцы, сустракаем ягоных сясцёр: «Чаму ты сказала, што яна пачвара? Паглядзі, якая прыгожанькая дзяўчынка». Гэта яны так паміж сабой шэпчуцца. Абульфаз! Абульфаз! Прашу: «Давай распішамся без вяселля, вяселле рабіць не будзем». — «Ты што? У нас лічыцца, што жыццё чалавека складваецца з трох дзён: дня, калі ты нарадзіўся, дня, калі ты ажаніўся, і дня, калі ты памрэш». Ён не мог без вяселля, без вяселля шчасця не будзе. Яго бацькі катэгарычна супраць… катэгарычна! Не далі яму грошай на вяселле і нават не вярнулі тых грошай, што ён сам зарабіў. А ўсё павінна быць паводле абраду… паводле старых звычаяў… Азербайджанскія звычаі прыгожыя, я іх люблю… Першы раз у дом нявесты прыходзяць сваты, іх толькі выслухоўваюць, а на другі дзень яны ўжо атрымліваюць згоду або адмову. Тады п’юць віно. Купіць белую сукенку і пярсцёнкі — справа жаніха, ён прыносіць іх у дом нявесты абавязкова раніцай… і каб быў сонечны дзень… бо шчасце трэба ўгаварыць, а цёмныя сілы адвесці. Нявеста прымае дар і дзякуе жаніху, пры ўсіх цалуе. На плячах у яе белая хустка, знак чысціні. Дзень вяселля… З абодвух бакоў на вяселле прыносяць шмат падарункаў, гару падарункаў, іх кладуць на вялікія падносы, абвязаныя чырвонымі стужкамі. Яшчэ надзімаюць сотні рознакаляровых шароў, яны некалькі дзён лётаюць па-над домам нявесты, чым даўжэй яны лётаюць, тым лепей, значыць, каханне моцнае і ўзаемнае.
Читать дальше