— Мы былі не гатовыя да свабоды…
— Свабода, роўнасць, братэрства… Крыві гэтыя словы пралілі — акіян.
— Дэмакратыя — смешнае слова ў Расіі. Пуцін-дэмакрат — найкарацейшы анекдот.
— За гэтыя дваццаць гадоў мы шмат чаго пра сябе даведаліся. Адкрылі. Даведаліся пра тое, што Сталін — наш таемны герой. Выйшлі дзясяткі кніг і фільмаў пра Сталіна. Людзі чытаюць, глядзяць. Спрачаюцца. Палова краіны марыць пра Сталіна… Калі паўкраіны марыць пра Сталіна, то ён абавязкова з’явіцца, можаце не сумнявацца. Выцягнулі з пекла ўсіх злавесных мерцвякоў: Берыю, Яжова… Пра Берыю сталі пісаць, што ён быў таленавіты адміністратар, хочуць рэабілітаваць, таму што пад яго кіраўніцтвам стварылі рускую атамную бомбу…
— Далоў чэкістаў!
— Хто наступны — новы Гарбачоў ці новы Сталін? Ці свастыка пачнецца? «Зіг Хайль!» Расія паднялася з каленяў. Небяспечны момант, таму што Расію нельга было так доўга зневажаць.
— Пуцінскія нулявыя… Якія яны? Тоўстыя… шэрыя… брутальныя… чэкісцкія… гламурныя… стабільныя… дзяржаўныя… праваслаўныя…
— Расія заўсёды была, ёсць і будзе імперыяй. Мы не проста вялікая краіна, мы асобная руская цывілізацыя. У нас свой шлях.
— Захад і цяпер баіцца Расіі…
— Вось нашы прыродныя багацці патрэбныя ўсім, і асабліва — Еўропе. Адкрыйце энцыклапедыю: па запасах нафты сёмае, а газу — у нас першае месца ў Еўропе. Адно з першых месцаў па запасах жалезнай руды, уранавай сыравіны, волава, медзі, нікелю, кобальту… І алмазаў, і золата, і срэбра, і плаціны… валодаем усёй табліцай Мендзялеева. Мне адзін француз так і заявіў: а чаму гэта ўсё вам належыць, зямля ж агульная?
— Усё-такі я імперыяліст, так. Я хачу жыць у імперыі. Пуцін — мой прэзідэнт! Лібералам цяпер сорамна быць, як нядаўна сорамна было называцца камуністам. Мужыкі каля піўнухі могуць у галаву даць.
— Ненавіджу Ельцына! Мы яму верылі, а ён павёў нас зусім у невядомым накірунку. Ні ў які дэмакратычны рай мы не трапілі. А трапілі туды, дзе яшчэ страшней, чым было.
— Справа не ў Ельцыне і не ў Пуціне, а ў тым, што мы — рабы. Рабская душа! Рабская кроў! Паглядзіш на «новага рускага»… Ён з «Бэнтлі» вылазіць, у яго грошы з кішэняў сыплюцца, а ён раб. Наверсе сядзіць пахан: «Ідзіце ўсе ў стойла!» І ўсе пойдуць.
— Я чуў па тэлевізары… «У цябе ёсць мільярд? — спытаў спадар Палонскі. — Не?! Тады пайшоў ты ў дупу!» Я з тых, каго спадар алігарх паслаў у дупу. Звычайная сям’я: бацька спіўся, маці ў дзіцячым садку за капейкі працуе. Мы для іх гаўно, угнаенне. Я хаджу на розныя тусоўкі. Да патрыётаў, нацыяналістаў… Слухаю. Прыйдзе час, і хтосьці абавязкова дасць мне ў рукі вінтоўку. І я вазьму.
— Капіталізм у нас не прыжываецца. Чужы нам дух капіталізму. Далей за Маскву ён не распаўсюдзіўся. Клімат не той. І чалавек не той. Рускі чалавек не рацыянальны, не меркантыльны, можа кашулю апошнюю аддаць, але часам украдзе. Ён стыхійны і больш сузіральны, як дзейсны, можа здавольвацца малым. Назапашванне — не ягоны ідэал, яму сумна збіраць. У ім вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці. Народ — бальшавік. А яшчэ рускі чалавек не хоча проста жыць, ён хоча жыць дзеля чагосьці. Ён хоча ўдзельнічаць у вялікай справе. У нас хутчэй знойдзеш святога, чым сумленнага і паспяховага. Чытайце рускую класіку…
— Чаму, калі нашыя людзі з’язджаюць за мяжу, яны там нармальна ўпісваюцца ў капіталістычнае жыццё? А дома ўсе любяць пагаварыць пра «суверэнную дэмакратыю», пра асобную рускую цывілізацыю і пра тое, што «ў рускага жыцця няма асновы для капіталізму».
— У нас капіталізм няправільны…
— Кіньце надзеі на іншы капіталізм…
— У Расіі капіталізм быццам бы ёсць, а капіталістаў няма. Няма новых Дзямідавых, Марозавых… Рускія алігархі — гэта не капіталісты, а проста злодзеі. Ну якія могуць быць капіталісты з былых камуністаў і камсамольцаў? Мне Хадаркоўскага не шкада. Хай сядзіць на нарах. Шкада толькі, што ён адзін там сядзіць. Павінен жа нехта адказаць за тое, што я перажыў у дзевяностыя. Абабралі да ніткі. Зрабілі беспрацоўным. Капіталістычныя рэвалюцыянеры: Гайдар, жалезны Віні-Пух… рыжы Чубайс… Ставілі эксперыменты на жывых людзях, як натуралісты…
— Ездзіў у вёску да маці. Суседзі расказалі, што нехта падпаліў ноччу сядзібу фермера. Людзі ўратаваліся, згарэла жывёла. Вёска піла ад радасці два дні. А вы кажаце: капіталізм… У нас пры капіталізме жывуць сацыялістычныя людзі…
— Пры сацыялізме мне абяцалі, што месца пад сонцам хопіць усім. Цяпер кажуць іншае: жыць трэба паводле законаў Дарвіна, тады ў нас будзе заможнасць. Багацце для моцных. А я — са слабых. Я — не змагарка… У мяне была схема, я прывыкла жыць па схеме: школа, інстытут, сям’я. Збіраем з мужам на кааператыўную кватэру, пасля кватэры — на машыну… Схему зламалі. Нас кінулі ў капіталізм… Паводле адукацыі я інжынер, працавала ў праектным інстытуце, яго яшчэ называлі «жаночым інстытутам», таму што там былі адны жанчыны. Сядзіш і складваеш цэлы дзень паперкі, я любіла, каб акуратна, стосікам. Так бы і праседзела ўсё жыццё. А тут пачаліся скарачэнні… Не чапалі мужчын, іх было мала, і маці-адзіночак, і тых, каму да пенсіі застаўся год ці два. Вывесілі спісы, я ўбачыла сваё прозвішча… Як жыць далей? Разгубілася. Мяне жыць паводле Дарвіна не вучылі.
Читать дальше