…У вайну эканомілі патроны. Калі мора побач… набівалі баржу, як бочку селядцамі. З трума не крык, а звярыны рык:
«Врагу не сдаётся наш гордый «Варяг»,
Пощады никто не желает…»
Рукі кожнаму звязвалі дротам, ну а да ног — камень. Калі надвор’е ціхае… роўнядзь… доўга відаць было, як яны ішлі да дна… Што глядзіш? Малакасос! Што глядзіш?! Ё…!! Налівай! Работа такая… служба… Я табе расказваю, каб ты зразумеў: дорага нам каштавала савецкая ўлада. Берагчы яе трэба. Захоўваць! Увечары вяртаемся — баржы пустыя. Цішыня мёртвая. Ва ўсіх адна думка: выйдзем на бераг — і нас там… Ё…!! Пад ложкам у мяне гадамі стаяў напагатове драўляны чамаданчык: змена бялізны, зубная шчотка, брытва. Пісталет пад падушкай… Я гатовы быў пусціць сабе кулю ў лоб. Усе ў той час так жылі! І салдат, і маршал. Тут была роўнасць.
…Пачалася вайна… Я адразу папрасіўся на фронт. У баі памерці не так страшна. Ты ведаеш, што паміраеш за Радзіму. Усё проста і зразумела. Вызваляў Польшчу, Чэхаславакію… Ё…!! Скончыў свой баявы шлях пад Берлінам. Маю два ордэны і медалі. Перамога! А… далей было так… Пасля Перамогі мяне арыштавалі. Спісы ў асабістаў былі напагатове… У чэкіста толькі два шляхі — загінуць ад рукі ворага ці ад рукі НКУС. Далі сем гадоў. Усе сем гадоў я адседзеў. Да гэтага часу… разумееш… прачынаюся па-лагернаму — а шостай. За што сядзеў? За што сядзеў — не сказалі. За што?! Ё…!!»
Нервова скамячыў пусты пачак з-пад цыгарэт.
Можа, хлусіў. Не… не хлусіў… не падобна… Думаю, не хлусіў… Раніцай я знайшоў прычыну, лухту нейкую. Я з’ехаў. Збег! Вяселле разладзілася. Ну так… та-а-ак… Якое вяселле? Я ўжо не мог вярнуцца ў гэты дом. Не мог! З’ехаў у часць. Нявеста… яна не магла зразумець, пісала лісты… пакутавала… Ды і я… Але я не пра гэта зараз… не пра каханне… Гэта асобная гісторыя. Я хачу зразумець… і вы хочаце зразумець, што гэта былі за людзі? Правільна? Усё ж такі… Забойца — гэта цікава, што б там ні казалі, забойца не можа быць звычайным. Да яго цягне… цікава… Зло гіпнатызуе… Сотні кніг пра Гітлера і Сталіна. Якімі яны былі ў дзяцінстве, у сям’і, іх жанчыны… віно і цыгарэты… Нам цікавая кожная дробязь. Хочацца зразумець… Тамерлан, Чынгісхан — хто яны? Хто? І мільёны іх копій… маленькіх копій… яны таксама тварылі жудасныя рэчы, і толькі адзінкі вар’яцелі. А ўсе астатнія нармальна жылі: цалаваліся з жанчынамі і ў шахматы гулялі… цацкі сваім дзецям куплялі… Кожны думаў: гэта не я. Гэта не я яго падвешваў «на дыбкі» і ўбіваў «мазгі ў столь», і не я — завостраным алоўкам у жаночыя смочкі. Гэта не я, а сістэма. Сам Сталін… нават ён казаў: не я вырашаю, а партыя… Вучыў сына: ты думаеш, што гэта я — Сталін. Не! Сталін — гэта ён! І паказваў на свой партрэт на сцяне. Не на сябе, а на свой партрэт! Машына смерці… Машына працавала безупынна… дзясяткі гадоў… Логіка была геніяльная: ахвяра — кат, і напрыканцы кат — таксама ахвяра. Быццам бы не чалавек гэта прыдумаў… Такім чынам цалкам усё бывае толькі ў прыродзе. Рухавік круціцца, а вінаватых няма. Не! Усе хочуць, каб іх пашкадавалі. Усе — ахвяры. У канцы ланцужка — усе! Во-о-сь! Я тады па маладосці спалохаўся, анямеў, сёння я больш бы распытаў… Мне гэта трэба ведаць… Навошта? Я баюся… Пасля ўсяго, што я пра людзей ведаю, я баюся сябе. Баюся. Я — чалавек звычайны… слабы… Я — і чорны, і белы, і жоўты… усякі… У савецкай школе нас вучылі, што сам па сабе чалавек добры, ён выдатны, і мая маці дагэтуль верыць, што жудасныя абставіны робяць яго жахлівым. А чалавек добры! А гэта… не так… не так! Во-о-ось… Усё жыццё чалавек боўтаецца паміж дабром і злом. Ці ты вострым алоўкам у смочкі… ці табе… Выбірай! Выбірай! Колькі гадоў прайшло… не магу забыць… Як ён крычаў: «Я гляджу тэлевізар, слухаю радыё. Ізноў — багатыя і бедныя. Адны ікру жаруць, купляюць выспы і самалёты, а іншым на белы батон не хапае. Доўга ў нас так не будзе! Сталіна яшчэ назавуць вялікім… Сякера ляжыць… сякера гаспадара перажыве… Успомніш мае словы… Ты спытаў… (а я пытаўся) ці хутка канчаецца чалавек, наколькі яго хапае? Я табе адкажу: ножку венскага крэсла ў задні праход альбо шылам у машонку — і няма чалавека. Ха-ха… няма чалавека… Адна фігня! Ха-ха…»
(Ужо развітваючыся.) Ну ператрэслі ўсю гісторыю… Тысячы павыкрывалі, тоны праўды. Мінулае для адных — куфар мяса і бочка крыві, для іншых — вялікая эпоха. На кухнях кожны дзень ваюем. Але неўзабаве падрастуць маладыя… ваўчаняты, як называў іх Сталін… Хутка яны растуць…
Яшчэ раз развітваецца, але тут жа зноў пачынае гаварыць.
Читать дальше