Калі матрос зазірнуў у акно, велізарная жывёліна трымала мадам Л'Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала іх на ноч) і, імітуючы цырульніка, круціла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страціла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны і ў выніку яе супраціўлення — менавіта тады і былі выдраныя з яе галавы валасы спачатку, відаць, мірныя намеры арангутана саступілі месца раз’юшанасці. Адным рашучым рухам мускулістай рукі ён ледзь зусім не адрэзаў галаву старой.
Калі жывёліна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз'ятранасць. Зубы арангутана заскрыгаталі, вочы запалалі агнём. Ён кінуўся на непрытомную дзяўчыну, учапіўся сваімі страшэннымі кіпцюрамі за горла і не расціснуў іх, пакуль тая не сканала. Азірнуўшыся ў раз'юшанасці на спінку ложка, ён разгледзеў у цемры здранцвелы ад жаху твар гаспадара. Лютасць жывёліны, якая, відаць, не паспела забыцца пра грозны бізун, імгненна перайшла ў страх. Разумеючы, што яго чакае пакаранне, арангутан, відаць, вырашыў схаваць сляды сваіх крывавых дзеянняў і, ахоплены панікай, замітусіўся па пакоі, раскідваючы і ламаючы мэблю, сцягваючы з ложка пасцель. Нарэшце ён схапіў труп дачкі і запхнуў у комін, дзе яго пасля і знайшлі; потым надышла чарга старой жанчыны, якую ён выкінуў праз акно.
Калі арангутан з сваёй знявечанай ахвярай з'явіўся ў акне, матрос прыціснуўся да громаадвода і, хутчэй з'ехаўшы, чым злезшы ўніз, кінуўся адразу ж дадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынікі крывавага забойства і ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутанам. Поўныя жаху воклічы француза і раз’юшаныя крыкі малпы і былі тымі галасамі, што пачулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы.
Вось, бадай, і ўсё. Арангутан, відаць, знік са спальні старой, спусціўшыся ўніз па громаадводзе якраз перад тым як узламалі дзверы. Ён жа, відаць, і апусціў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавіў сам яе ўладальнік і прадаў за вялікія грошы ў Jardin des Plantes [ 53 53 Батанічны сад (фр.).
].
Лё Бона выпусцілі на волю адразу ж пасля таго, як мы пайшлі да прэфекта і ўсё расказалі (з каментарамі Дзюпэна). Гэты чыноўнік зычліва ставіўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасці ад такога павароту справаў і нават не ўтрымаўся, каб не зрабіць адной ці дзвюх саркастычных заўвагаў наконт таго, што кожны павінен займацца сваёй справай.
 |
Зубы арангутана заскрыгаталі, вочы запалалі агнём... |
— Няхай пабурчыць, — сказаў потым Дзюпэн, не палічыўшы патрэбным сказаць што-небудзь у адказ. — Няхай пафіласофствуе і супакоіць тым самым сумленне. Я рады, што перамог на ягонай жа тэрыторыі. Тым не менш яму не варта здзіўляцца ўласнай няздольнасці знайсці разгадку таямніцы, бо, папраўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хітры для таго, каб быць здатным зазіраць у глыбіню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасці. Адна галава без тулава, як у выявах багіні Лаверны*, ці, у найлепшым выпадку, — галава ды плечы, як у траскі. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асабліва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялікага разумніка. Я маю на ўвазе яго манеру de nier ce qui est, et d'expliquer ce qui n'est pas [ 54 54 Адмаўляць тое, што ёсць, і разважаць пра тое, чаго не існуе* (фр.).
].
Пераклаў Уладзімір Шчасны
У той час, калі ў Нью-Ёрку лютавала халера*, я прыняў запрашэнне ад сваяка правесці з ім тыдні два ў цішы яго cottage ornе́ [ 55 55 Загарадны дамок (фр.).
] на беразе Гудзона. Тут было ўсё для летніх забаваў: мы мелі магчымасць гуляць па лесе, рабіць замалёўкі, катацца на лодцы, лавіць рыбу, купацца, музіцыраваць і чытаць кнігі. Мы б бавілі час даволі прыемна, калі б не страшныя навіны, што кожнае раніцы даходзілі да нас з вялікага горада. Не праходзіла і дня, каб мы не даведваліся пра скон якога-небудзь знаёмага. З ростам смяротнасці мы прызвычаіліся штодзень чакаць звестак пра чарговую страту. Урэшце мы пачалі трымцець пры падыходзе любога наведніка. Сам вецер з поўдня, здавалася, дыхаў смерцю. Гэтая думка канчаткова спаралізавала маю душу. Ні пра што іншае я не мог гаварыць, думаць ці сніць. Мой гаспадар быў менш уражлівы, а таму, нягледзячы на сваю прыгнечанасць, усяляк спрабаваў мяне падтрымаць. Ягоны філасофскі розум ніколі не падпадаў пад уздзеянне фантомаў. Сапраўдныя жахі маглі яго напалохаць, аднак іх цені мала яму абыходзілі.
Читать дальше