— Што ж, — адказаў мой прыяцель, — вельмі прыстойна з вашага боку. Дайце падумаць, што ж я магу ў вас папрасіць? Ага! Слухайце. Узнагарода будзе вось якая. Вы паведаміце мне ўсю інфармацыю, якой валодаеце пра забойства, што адбылося на вуліцы Морг.
Дзюпэн сказаў апошнія словы вельмі ціха і спакойна. Гэтак жа спакойна ён падышоў да дзвярэй, замкнуў іх і паклаў ключ у кішэню. Потым дастаў пісталет, які трымаў за пазухай, і паклаў без усялякага шуму на стол.
Твар матроса зрабіўся барвовы, нібыта яго нехта душыў за горла. Ён ускочыў і схапіўся за палку, але адразу ж асеў на крэсла, потым увесь закалаціўся і зрабіўся белы як смерць, не здольны вымавіць ніводнага слова. Мне было шчыра шкада яго.
— Паслухайце, прыяцель, — спагадліва звярнуўся да яго Дзюпэн, — паверце слову двараніна і француза — мы не збіраемся рабіць вам нешта дрэннае. Мне добра вядома, што вы невінаваты ў крывавых забойствах, што адбыліся на вуліцы Морг. Аднак разам з тым нельга сцвярджаць, што вы не маеце да іх ніякага дачынення. З таго, што я ўжо сказаў, вы, відаць, здагадаліся, што я валодаю інфармацыяй наконт гэтай справы — прычым з крыніцы, пра існаванне якой вы нават не здагадваліся. Абставіны складваюцца наступным чынам. Вы не зрабілі нічога такога, за што вас маглі б прыцягнуць да адказнасці. Вас нельга абвінаваціць у рабаўніцтве, хоць вы маглі беспакарана завалодаць чужымі рэчамі. Вам няма чаго хаваць і няма падстаў для ўтойвання чагосьці. З іншага боку, згодна з прынцыпамі гонару, вы павінны засведчыць усё, што вам вядома. За кратамі апынуўся бязвінны чалавек, якога вінавацяць у забойстве, а вы можаце паказаць на сапраўднага злачынцу.
Словы Дзюпэна падзейнічалі — матрос у значнай ступені ачуняў, але ад яго былой самаўпэўненасці нічога не засталося.
— Ну, што ж, застаецца спадзявацца на Божую літасць, — адказаў матрос, крыху памаўчаўшы. — Няхай будзе так, я раскажу вам усё, што ведаю пра гэтую справу. Трэба быць дурнем, каб спадзявацца, што вы хоць напалову паверыце маім словам. I ўсё ж я невінаваты, і хай мяне пакараюць смерцю, але я вам раскажу ўсё як на споведзі.
Паведаміў ён, па сутнасці, наступнае. Нядаўна ён плаваў на астравы Індыйскага архіпелага. Кампанія матросаў, у якой быў і ён, выйшла на бераг у Барнэа і скіравалася на прагулку. Яны з таварышам злавілі арангутана. Кампаньён хутка памёр, і матрос застаўся адзіным уладальнікам жывёліны. Перажыўшы шмат турбот праз неўтаймаваны нораў малпы ў час вяртання на радзіму, ён нарэшце здолеў прывесці яе ў свой парыжскі дом, дзе і трымаў як мага далей ад цікаўных вачэй суседзяў чакаючы, пакуль у арангутана зажыве пашкоджаная на караблі нага. Матрос разлічваў яго выгадна прадаць.
Неяк вярнуўшыся дадому з гулянкі, а было гэта ў тую ноч, дакладней, у тую раніцу, калі адбылося забойства, матрос убачыў арангутана ў спальні, куды той залез, вырваўшыся з суседняй каморкі, дзе яго звычайна замыкалі за, здавалася, надзейна замкнёнымі дзвярыма. Трымаючы ў руцэ брытву і намыліўшыся па ўсіх правілах, малпа сядзела перад люстэркам і збіралася галіцца, пераймаючы дзеянні гаспадара, за якімі, несумнеўна, назірала праз замочную адтуліну. Матрос напалохаўся, убачыўшы такую грозную зброю ў руках небяспечнай жывёліны, з якой яна да таго ж так спрытна ўпраўлялася, і на некалькі хвілін разгубіўся. Аднак яму неаднойчы даводзілася ўтаймоўваць арангутана, нават у моманты неймавернай раз'юшанасці, з дапамогай бізуна, таму і цяпер ён збіраўся зрабіць тое ж самае. Убачыўшы бізун, арангутан кінуўся да дзвярэй, паімчаў уніз па лесвіцы і адтуль праз акно, якое, на жаль, было адчынена, скочыў на вуліцу.
Француз у адчаі пабег наўздагон. Малпа, па-ранейшаму трымаючы ў руцэ брытву, раз-пораз спынялася, азіралася, крывіла пысу ў бок гаспадара і, падпусціўшы яго зусім блізка, зноў кідалася наўцёкі. Так яны адбеглі далёка ад дому. Было тры гадзіны ночы, і на вуліцах панавала мёртвая цішыня. Прабягаючы па завулку каля вуліцы Морг, уцякач звярнуў увагу на святло, што мігцела ў адчыненым акне спальні мадам Л'Эспанэ на пятым паверсе яе дому. Кінуўшыся ў бок будынка, арангутан заўважыў громаадвод, з надзвычайным спрытам палез наверх па сцяне, ухапіўся за аканіцу, якая была адчыненая насцеж, і з яе дапамогай скочыў на спінку ложка. На ўсё гэта спатрэбілася менш за хвіліну. Апынуўшыся ў пакоі, арангутан штуршком зноў расчыніў аканіцу.
Матрос не ведаў, радавацца ці бедаваць. Ён вельмі спадзяваўся злавіць уцекача, бо наўрад ці той мог выбрацца з пасткі, у якую трапіў, мінаючы громаадвод, а тут матрос якраз і меркаваў яго падлавіць. Але яго непакоіла тое, што малпа магла нарабіць у доме. Менавіта гэта прымусіла матроса рушыць следам за жывёлінай. Узлезці ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўні акна, што было злева, ён вымушаны быў спыніцца. Адзінае, што ён мог зрабіць, дык гэта, учапіўшыся за аканіцу, зазірнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не зваліўся ўніз. Якраз тады і пачуліся тыя жудасныя крыкі, што абудзілі жыхароў вуліцы Морг. Мадам Л'Эспанэ і яе дачка, адзетыя ў начныя кашулі, відаць, разбіралі паперы ў жалезнай скрынцы, выцягнутай на сярэдзіну пакоя. Яна была адчыненая, а паперы ляжалі побач на падлозе. Жанчыны, пэўна, сядзелі спінамі да акна, і, мяркуючы па тым, што паміж з'яўленнем арангутана і іх крыкамі прайшоў некаторы час, яны заўважылі яго не адразу, вырашыўшы, што аканіца грукнула ад ветру.
Читать дальше