Калі цяпер яшчэ і ўважліва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальні, застаецца толькі супаставіць неймаверны спрыт, нечалавечую сілу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неймаверную жахлівасць зусім не ўласцівых чалавеку паводзін і незразумеласць інтанацыі голасу людзям самых розных нацыянальнасцяў, якія не змаглі разабраць не тое што ніводнага слова, але нават складу. Што ж вынікае з усяго гэтага? Які вобраз я стварыў у тваім уяўленні?
У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлі мурашкі.
— Вар'ят! — усклікнуў я. — Гэта справа рук шаленца, які, відаць, уцёк з найбліжэйшай вар'ятні.
— У нейкай ступені, — заўважыў Дзюпэн, — твая версія не такая ўжо і недарэчная. Але выкрыкі вар'ята нават у час самых шалёных прыпадкаў непадобныя да гукаў таго голасу, што чулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы. У вар'ята ёсць нацыянальнасць, мова. Ён можа вярзці нешта незразумелае, вымаўляючы словы без усялякай сувязі, але захоўваючы тым не менш сувязь паміж складамі. Апрача таго, валасы чалавека, хоць і вар'ята, непадобныя да тых, што я трымаю ў руцэ. Я выцягнуў гэтую пасмачку са счэпленых у кулак пальцаў мадам Л'Эспанэ. Ну, што ты наконт гэтага скажаш?
— Дзюпэн! — усклікнуў я, канчаткова разгублены. — Валасы гэтыя вельмі незвычайныя — яны не чалавечыя!
— А я і не сцвярджаю, што яны чалавечыя, — сказаў Дзюпэн, — але перш чым прыйсці да нейкай высновы, хачу, каб ты зірнуў вось на гэты рысунак, які я намаляваў на паперы. Гэта дакладная ілюстрацыя той часткі сведчання, дзе ішла гаворка пра «чорныя сінякі і глыбокія сляды ад пазногцяў» на шыі мадэмуазэль Л'Эспанэ, а таксама і другога сведчання, якое атрымалі ад паноў Дзюма і Эцьена, дзе ішла гаворка пра «шэраг сініх плямаў, што відавочна былі слядамі пальцаў».
— Пагадзіся, — працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, — што, мяркуючы па малюнку, хватка моцная і ўчэпістая. У ахвяру ўпіліся ўсімі пальцамі і не адпускалі шыю, пакуль дзяўчына не сканала. Паспрабуй зараз адначасова пакласці пальцы на ўсе адпаведныя адбіткі. Паглядзім, як у цябе гэта атрымаецца.
Я паспрабаваў зрабіць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нічога не выйшла.
— Можа, мы робім гэта не так, як трэба, — сказаў Дзюпэн. — Папера ляжыць на роўнай паверхні, чалавечая ж шыя — круглая. Вось палена прыкладна такога ж радыюсу, што і шыя. Абгарні яго паперай з малюнкам і паспрабуй яшчэ раз.
Я ўсё зрабіў, як ён сказаў, але зрабіць гэта было яшчэ цяжэй, чым раней.
— Гэта, — сказаў я нарэшце, — адбітак не чалавечай рукі.
— А зараз, — прапанаваў Дзюпэн, — прачытай вось гэты ўрывак з Кюўе*.
Гэта было падрабязнае анатамічнае і агульнае апісанне бурага арангутана, які водзіцца на Ост-Індскіх астравах. Велізарная жывёліна, яе неймаверныя моц і спрыт, неўтаймавальная злосць і надзвычайныя здольнасці да пераймання агульнавядомыя. Я адразу ж зразумеў увесь жах забойства.
— Апісанне пальцаў, — сказаў я, скончыўшы чытанне, — дакладна супадае з рысункам. Цяпер я разумею, што ніякая другая жывёліна, акрамя арангутана, не магла пакінуць такіх адбіткаў, якія ты тут намаляваў. Жмуток рудой поўсці таксама адпавядае апісанню, дадзенаму Кюўе. Але я ніяк не магу зразумець акалічнасцяў гэтай жахлівай таямніцы. Да таго ж людзі чулі, як сварыліся два чалавекі, і адзін голас бясспрэчна належаў французу.
— Сапраўды так; і табе запомніўся выраз, які ледзь не ўсе прыпісваюць гэтаму голасу, — топ Dieu! Гэтыя словы, улічваючы абставіны, як справядліва ахарактарызаваў адзін сведка (Мантані, уладальнік крамы), выказвалі пратэст і папрок. Таму менавіта з дапамогай гэтых двух словаў я і спадзяваўся знайсці разгадку таямніцы. Нейкі француз быў сведкам забойства. Магчыма, і нават больш чым імаверна, ён невінаваты ў крывавым забойстве. Арангутан мог ад яго ўцячы. Француз жа, відаць, адшукаў яго ў тым самым пакоі, але ў сумятні, што там узнікла, не здолеў яго злавіць. Малпа па-ранейшаму на волі. Я не хацеў бы падрабязна казаць пра свае здагадкі, бо пакуль не маю права называць іх інакш, таму што хісткія меркаванні, на якіх яны грунтуюцца, далёка не такія глыбокія, каб я мог канчаткова ўпэўніцца ў іх правільнасці, а таксама таму, што не магу сцвярджаць, што яны будуць пераканаўчымі для іншых. Таму будзем па-ранейшаму называць іх здагадкамі і ставіцца да іх адпаведна. Калі той самы француз, як я спадзяюся, насамрэч невінаваты ў жорсткім забойстве, дык вось гэтая аб'ява, што я занёс учора вечарам па дарозе дадому ў рэдакцыю газеты «Монд», папулярнай сярод маракоў, прывядзе яго да нас.
Читать дальше