У спальні двое вокнаў. Адно з іх нічым не застаўленае і відаць з верху да нізу. Другое ж унізе закрытае прысунутай усутыч спінкай грувасткага ложка. Першае акно было надзейна зачыненае з сярэдзіны. Усе намаганні падняць яго аказаліся марнымі. Злева ў аконнай раме была знойдзеная шырокая дзірка з забітым туды па самую галоўку вялікім цвіком. Калі агледзелі другое акно, дык знайшлі такі самы цвік, які быў гэтак жа забіты ў раму; энергічныя спробы падняць гэтае акно таксама аказаліся марнымі. Такім чынам паліцыя цалкам пераканалася, што злачынцы не маглі ўцячы гэтым шляхам, і таму палічыла за лішняе выцягваць цвікі і адчыняць вокны.
Мае назіранні былі ў пэўнай меры больш уважлівыя, я ўжо тлумачыў чаму. Мне трэба было даказаць, што ўсё тое, што здавалася немагчымым, насамрэч зусім не такое.
Я пачаў разважаць a posteriori [ 50 50 Зыходячы з досведу (лац.). Тут: у зваротным напрамку.
].
Забойцы, скажам, вылезлі праз адно з тых вокнаў. Калі так, то яны не маглі зачыніць вокны з сярэдзіны, іх жа знайшлі апушчанымі. Гэтая акалічнасць, бо яна была відавочная, спыніла пошукі паліцэйскіх. Усё ж такі рамы былі замкнёныя. У такім разе яны павінныя былі зачыняцца аўтаматычна. Ад такой высновы адмовіцца было немагчыма. Я падышоў да свабоднага акна, не без цяжкасці выцягнуў цвік і паспрабаваў падняць раму. Як я і думаў, яна не паддавалася. Тады я зразумеў, што існуе патаемная спружына, і дзякуючы гэтай ідэі ўпэўніўся, што мае меркаванні, урэшце, былі правільныя, якімі б таямнічымі па-ранейшаму ні здаваліся акалічнасці, звязаныя з цвікамі. У выніку старанных пошукаў тая самая патаемная спружына знайшлася. Я націснуў на яе, задаволены сваёй знаходкай, але абмежаваўся толькі гэтым, не спрабуючы падняць акна.
Я ўставіў цвік назад і ўважліва агледзеў яго. Чалавек, які вылез праз акно, мог звонку апусціць раму, і спружына спрацавала б, але як уставіць назад цвік? Выснова была простая і зноў жа адпавядала ходу маіх даследаванняў. Забойцы павінныя былі ўцякаць праз другое акно. Калі меркаваць, што спружыны на кожнай раме былі аднолькавыя, а гэта было верагодна, тады павінна быць розніца паміж цвікамі або паміж тым, як яны ўстаўленыя ў рамы. Стаўшы на ложак, я зазірнуў за яго спінку і ўважліва агледзеў другую раму. Правёў па ёй рукой і адразу ж намацаў спружыну і націснуў на яе. Потым я агледзеў цвік. Ён быў такі ж тоўсты, як і першы, і таксама ўваходзіў у раму амаль па самую галоўку.
Калі ты скажаш, што гэта мяне збянтэжыла, значыць, ты не зразумеў характару індуктыўнага спосабу мыслення. Гаворачы мовай паляўнічых, я ніводнага разу «не згубіў следу».
Нюх усё ж мяне не падвёў. Ва ўсім ланцугу разважанняў не знайшлося ніводнага разарванага звяна. Я прайшоўся па ўсім ланцугу — і ў канцы знайшоў цвік. Ён па ўсіх прыкметах быў падобны да свайго калегі ў суседнім акне, але сам гэты факт быў абсалютна нязначны (хоць і здаваўся пераканаўчым) у параўнанні з тым меркаваннем, што якраз тут і можна знайсці ключ да разгадкі таямніцы. «Тут, відаць, нешта не так з цвіком», — падумаў я. Потым дакрануўся да яго, і ў маёй руцэ засталася галоўка цвіка разам з абломкам шпянька даўжынёй паўсантыметра. Астатняя частка цвіка засталася ў дзірцы, дзе ён, відаць, і зламаўся. Злом даўні, бо на ім паспела з’явіцца іржа, і, відаць, быў вынікам удару малатком, які і увагнаў у раму галоўку цвіка. Я асцярожна ўставіў назад выцягнутую частку цвіка, і ў выніку пачало здавацца, што цвік цэлы, нават без адзінай расколіны. Націскаючы на спружыну, я прыпадняў раму, а разам з ёю паднялася і галоўка цвіка, якая моцна трымалася ў дзірцы. Я апусціў акно, і цвік зноў стаў падобным да цэлага.
Такім чынам, гэтая частка загадкі была разгаданая. Забойца ўцёк праз акно, якое было застаўлена ложкам. Калі ён вылез, рама апусцілася сама па сабе (або яе зачынілі спецыяльна) і замкнулася спружынай, паліцэйскія ж падумалі, што акно забітае цвіком і палічылі далейшае расследаванне немэтазгодным.
Наступнае пытанне — як злачынца спусціўся ўніз. Тут мяне задаволіла нашая прагулка вакол будынка. Прыкладна за паўтара метра ад згаданага акна — громаадвод. Дацягнуцца праз такую адлегласць да акна, а тым болей залезці праз яго — немагчыма. Аднак я заўважыў, што аканіцы на пятым паверсе — парыжскія цесляры называюць іх ferrades — былі асаблівыя: яны даўно выйшлі з моды, але іх часта яшчэ можна ўбачыць на старадаўніх асабняках дзе-небудзь у Ліёне або ў Бардо. Яны па форме нагадваюць дзверы (звычайныя, аднастворкавыя), з той толькі розніцай, што ў ніжняй частцы рашотка, і таму за яе зручна брацца рукамі. У доме мадам Л'Эспанэ шырыня аканіцаў крыху большая за метр. Калі мы бачылі іх з двара, яны былі напалову адчыненыя — гэта значыць былі перпендыкулярныя сцяне. Відавочна, паліцэйскія, як і я, аглядалі дом з двара, але, гледзячы на гэтыя ferrades у папярочным разрэзе (а я ўпэўнены, што так і было), яны не ўсвядомілі, наколькі тыя шырокія, ці, ва ўсякім разе, не надалі гэтаму належнай увагі. Карацей кажучы, упэўніўшыся, што злачынцы не маглі вылезці праз акно, яны, вядома, абмежаваліся вельмі павярхоўным аглядам. Я ж зразумеў, што калі аканіцу акна, застаўленага ложкам, расчыніць да самай сцяны, дык адлегласць паміж ёю і громаадводам будзе крыху большая за паўметра. Было таксама відавочна, што дзякуючы выключнай смеласці і спрыту можна было пералезці з громаадвода ў акно. Выцягнуўшы руку на восемдзесят сантыметраў, пры ўмове, што аканіца была адчыненая насцеж, рабаўнік, відаць, ухапіўся за рашотку. Адпусціўшы потым громаадвод і ўпершыся нагамі ў сцяну, ён мог адпіхнуцца і зачыніць аканіцу, а калі акно ў той час было адчыненае, то і апынуцца ў пакоі.
Читать дальше