Дзюпэн даў мне газету, і я прачытаў наступнае:
«ЗЛОЎЛЕНЫ ў Булонскім лесе на досвітку адпаведнага дня (якраз тады, калі адбылося забойства) вельмі вялікіх памераў буры арангутан, з тых, што водзяцца на востраве Барнэа, будзе вернуты ўладальніку (згодна са звесткамі, матросу мальтыйскага судна) пры ўмове дастатковых доказаў прыналежнасці яму жывёліны і кампенсацыі выдаткаў, звязаных з яе лоўляй і ўтрыманнем. Звяртацца па адрасе: дом № *** па вуліцы *** у Сэн-Жэрменскім прадмесці, спытаць на трэцім паверсе».
— Як гэта, — спытаў я, — ты даведаўся, што гэты чалавек — матрос, ды яшчэ з мальтыйскага судна?
— Я гэтага не ведаю, — адказаў Дзюпэн, — і не ўпэўнены ў гэтым. Але вось кавалачак стужкі, якім, калі меркаваць па вонкавым выглядзе і зашмальцаванасці, відавочна завязвалі валасы ў queues [ 51 51 Хвасты (фр.).
], якія так падабаюцца матросам.
Больш за тое, такі вось вузел мала хто можа завязаць, акрамя матросаў, а дакладней, мальтыйскіх матросаў. Я падабраў стужку пад громаадводам. Яна не магла належаць забітым жанчынам. Калі ж усё-ткі я і памыляюся ў сваіх высновах і наконт стужкі, і наконт таго, што француз — матрос з мальтыйскага судна, вялікай бяды з таго, што я напісаў у аб'яве, няма. Калі гэта памылка, ён проста падумае, што мяне ўвяла ў зман якая-небудзь акалічнасць, пра якую і дазнавацца не будзе. Калі ж я маю рацыю, такім чынам будзе вырашаная важная справа. Як сведка, хоць і невінаваты ў забойстве, француз, натуральна, будзе вагацца, перш чым адгукнуцца на аб'яву наконт арангутана. Разважаць ён будзе так: «Я невінаваты; да таго ж чалавек я бедны, арангутан наогул каштуе шмат, а для такога, як я, ён сапраўднае багацце — навошта ж мне страчваць яго толькі таму, што я баюся невядома чаго? Ён тут, побач, толькі руку працягні. Знайшлі арангутана ў Булонскім лесе — гэта значыць вельмі далёка ад месца таго жорсткага забойства. Хто здагадаецца, што гэта зрабіла малпа? Паліцыя — у тупіку, не здолела знайсці нават самага нязначнага ключа да разгадкі. Калі яны і выйшлі на след малпы, ім не ўдасца даказаць, што я быў сведкам забойства, або навесіць на мяне адказнасць за тое, што здарылася, толькі таму, што я ведаў пра здарэнне. Галоўнае ж тое, што пра мяне ведаюць. Той, хто даў аб'яву, вызначыў мяне як уладальніка жывёліны. Не ведаю, наколькі падрабязныя яго звесткі пра мяне. Калі ж я не прызнаюся, што я — уладальнік такой каштоўнай маёмасці, а гэта ўжо вядома, жывёліна акажацца пад падазрэннем. Такім чынам, не варта залішне звяртаць увагу на сябе ці на малпу. Лепш я з'яўлюся па аб'яве, забяру арангутана і схаваю яго, пакуль уся гэтая справа не атрымала розгаласу».
У той самы момант мы пачулі, як нехта затупаў па лесвіцы.
— Трымай пісталеты напагатове, — звярнуўся да мяне Дзюпэн, — але не паказвай іх і не страляй без маёй каманды.
Уваходныя дзверы былі незачыненыя, наведнік зайшоў не пазваніўшы і пачаў уздымацца па прыступках. Але, відаць, завагаўся. Мы пачулі, як ён пайшоў уніз. Дзюпэн кінуўся да дзвярэй, але тут мы пачулі, што прыбыш вяртаецца. Больш ён не рабіў спробы павярнуць назад, рашуча пайшоў уверх па лесвіцы і хутка пастукаў у дзверы пакоя.
— Уваходзьце! — бадзёра і добразычліва адгукнуўся Дзюпэн.
У пакой зайшоў мужчына. Гэта відавочна быў матрос — высокі, дужы, мускулісты. На выгляд — той яшчэ вісус, але нельга сказаць, каб зусім несімпатычны. Моцна загарэлы твар быў напалову схаваны пад бакамі і mustachio [ 52 52 Вусы (іт.).
].
У руках матрос трымаў тоўстую дубовую палку, відаць, адзіную сваю зброю. Ён няўклюдна пакланіўся і пажадаў нам «добрага вечара» на добрай французскай мове, праўда, з лёгкім неўшатэльскім* акцэнтам, але ўсё ж было зразумела, што ён карэнны парыжанін.
— Сядайце, прыяцель. — сказаў Дзюпэн. — Відаць, вы прыйшлі наконт арангутана. Папраўдзе кажучы, я амаль зайздрошчу вам, выдатны экзэмпляр і, безумоўна, вельмі каштоўны. Колькі яму гадоў, як вы лічыце?
Матрос уздыхнуў з палёгкай чалавека, з плячэй якога зваліўся важкі камень, і загаварыў упэўненым тонам.
— Не ведаю, што вам сказаць, — гады чатыры або пяць, не больш. Ён тут, у вас?
— Ну што вы, не — у нас няма ўмоваў для ягонага ўтрымання. Ён на платнай стайні, што па вуліцы Дзюбур, зусім побач. Можаце забраць раніцай. Вядома, вам няцяжка будзе даказаць свае правы.
— Вядома, не, сэр.
— Шкада будзе развітвацца з ім, — сказаў Дзюпэн.
— Не думайце, што ўсе вашы клопаты не будуць узнагароджаныя, сэр, — сказаў матрос. — Я ж не які-небудзь там... Ахвотна заплачу ўзнагароду за тое, што вы знайшлі жывёліну, — вядома, адпаведную маім магчымасцям.
Читать дальше