Напачатку мае назіранні абмяжоўваліся абстракцыямі й абагульненнямі. Я глядзеў на мінакоў ва ўсёй іхнай масе й думаў пра іх у сукупе іхных дачыненняў. Неўзабаве, аднак, я перайшоў да дэталяў і пачаў з падрабязным зацікаўленнем разглядаць незлічоную разнастайнасць постацяў, адзення, настрою, хады, позіркаў і выразаў твару.
Пераважная большасць тых, хто прамінаў кавярню, мела задаволены і дзелавы выгляд і думала, здавалася, толькі пра тое, як прабіцца праз тлум. У іх былі насупленыя бровы й заклапочаныя вочы; сутыкнуўшыся з іншымі падарожнікамі, яны не выяўлялі ніякіх знакаў нецярплівасці, а толькі папраўлялі вопратку й паспешліва мкнулі далей. Іншыя ж, якіх таксама было нямала, вылучаліся неспакойнымі рухамі й расчырванелымі тварамі, яны гаварылі самі з сабою, заўзята махаючы рукамі, нібы адчувалі самоту якраз з прычыны гушчыні навакольнага натоўпу. Калі нехта стрымліваў іхны рух наперад, гэтыя людзі раптам пераставалі мармытаць і пачыналі ўдвая шырэй махаць рукамі, чакаючы з няшчыра-безуважнай усмешкай на вуснах, пакуль іх абміне сустрэчная перашкода. Калі іх штурхалі, яны шчодра кланяліся штурхальніку і, здавалася, моцна бянтэжыліся. У людзей гэтых дзвюх групаў не было нічога асабліва выразнага, апрача таго, што я заўважыў. Іх убранне належала да таго гатунку, які справядліва завецца добрапрыстойным. Гэта, без сумневу, былі арыстакраты, гандляры, юрысты, камерсанты, біржавыя маклеры — эўпатрыды* й банальнасці грамадства — людзі зусім вольныя ад заняткаў або надзвычай занятыя нейкімі сваімі клопатамі — самастойным вядзеннем нейкіх справаў. Яны не надта прыцягвалі маю ўвагу.
Адразу можна было пазнаць племя службоўцаў; сярод іх я вылучаў дзве выразныя катэгорыі. Гэта былі дробныя клеркі з навамодных фірмаў — маладыя джэнтльмены ў абцягнутых сурдутах, бліскучых чаравіках, з густа намашчанымі валасамі й надзьмутымі вуснамі. Калі не браць пад увагу пэўную фарсістасць у паставе, якую, за адсутнасцю лепшага слова, можна назваць кляркунствам, манеры гэтых людзей здаваліся мне дакладным адбіткам таго, што за год-паўтара перад тым лічылася вяршыняю бон тону. Яны падабралі адкіды дабрачыннасці вышэйшага грамадства; у гэтым, на маю думку, заключаецца найлепшае акрэсленне згаданае групы.
Катэгорыю вышэйшых службоўцаў салідных фірмаў, або «старых надзейных прыяцеляў», цяжка было зблытаць з некім іншым. Яны пазнаваліся з іх цёмных або чорных сурдутаў і нагавіцаў, пашытых дзеля зручнейшага сядзення, насілі яны таксама белыя гальштукі й камізэлькі, шырокія самавітыя чаравікі і тоўстыя шкарпэткі або гетры. Усе яны былі лысаватыя, а правае вуха ў іх, гадамі прызвычаенае трымаць асадку, паводле дзіўнага звычаю было крыху адтапыранае ўверсе. Я заўважыў, што яны заўсёды здымалі й надзявалі капялюш абедзвюма рукамі, а яшчэ насілі гадзіннікі на кароткім залатым ланцужку трывалага старадаўняга ўзору. Яны ўсяляк удавалі самавітасць, калі толькі можна ўдаваць штосьці нагэтулькі паважнае.
Нямала траплялася мне зухаватых з выгляду асобінаў, што належалі, як я лёгка разумеў, да пароды кішэннікаў экстра-класа, якімі поўняцца ўсе вялікія гарады. Я разглядаў гэтае племя з вялікай цікавасцю і ніяк не мог уявіць, як могуць прымаць іх за джэнтльменаў самі джэнтльмены. Неабсяжнасць іхных манжэтаў у спалучэнні з выразам празмернае шчырасці на твары адразу іх выдавала.
Шулераў, якіх я таксама заўважаў нямала, было яшчэ лягчэй распазнаць. Яны былі ўбраныя вельмі розна: і як мацёрыя напарстачнікі — у вельветавыя камізэлькі з каляровымі хусткамі вакол шыі, залачонымі ланцужкамі й філігранавымі гузікамі, або як падкрэслена незаўважны святар, які менш за ўсё мог выклікаць падазрэнні. I аднак усе яны вылучаліся нейкай прыпухлай смуглявасцю твараў, бляклай замглёнасцю вачэй, бледнасцю сціснутых вуснаў. Да таго ж, былі яшчэ дзве рысы, з якіх я заўсёды мог іх распазнаць, — асцярожная сцішанасць тону ў размове і вялікі палец на руцэ, больш чым звычайна адстаўлены прастакутна да іншых пальцаў. Вельмі часта, у кампаніі з гэтымі круцялямі мне траплялася парода людзей, што хоць і мелі крыху іншыя манеры, усё роўна былі птушкі з тае самае чарады. Іх можна было б акрэсліць джэнтльменамі, якія жывуць з свае спрытнасці. Яны, як выглядае, палююць на людзей у двух атрадах — фарсуноў і вайскоўцаў. Галоўныя адзнакі першае групы — доўгія валасы й заўсёдная ўсмешка; другое — мундур з аксельбантамі й насупленыя бровы.
Апускаючыся, як той казаў, па шкале арыстакратычнасці, я знайшоў больш змрочныя й глыбокія тэмы для разважанняў. Я бачыў габрэйскіх вулічных гандляроў з ястрабінымі вачыма, якія глядзелі з твараў, дзе ўсе іншыя рысы былі пазначаныя пакорлівым прыніжэннем; дужых прафесійных жабракоў, што злосна касавурыліся на больш прыстойных з выгляду просьбітаў, якіх толькі нясцерпная роспач выгнала ў змрок ночы па міласціну; хвараблівых і страхотных інвалідаў, на якіх смерць ужо паклала сваю цвёрдую руку, якія, няпэўна валочачы праз натоўп свае кволыя целы, умольна зазіралі кожнаму ў твар, нібыта шукаючы нейкага неспадзяванага суцяшэння, нейкай страчанай надзеі; сціплых маладых дзяўчат, што вярталіся пасля доўгай і позняй працы ў панурыя дамы і сціскаліся, больш ад страху, чым ад абурэння, пад позіркамі нахабных нягоднікаў, якіх было не абмінуць, каб яны не прыціснуліся сярод натоўпу; вулічных жанчын самага рознага веку й гатунку — неаспрэчную прыгажуню ў найлепшым жаночым веку, што нагадвае Лукіянаву* статую, з абліччам з пароскага мармуру, але з поўным гнюснага бруду нутром — агідную й безнадзейна пагіблую пракажоную ў лахманах — паморшчаную, завешаную аздобамі, абмазаную пудрамі й памадамі старую чапялу ў апошнім намаганні вярнуць маладосць — зусім малое дзіця з няспелымі формамі, спрактыкаванае праз багаты досвед ва ўсіх страшных манернасцях свайго рамяства, ахопленае шалёным памкненнем параўнацца ў заганах з старэйшымі; незлічоных і неапісальных п'яніцаў — адных у палапленым рыззі, што маўкліва хісталіся на бакі, з пабітымі тварамі й тусклымі вачыма — другіх у цэлым, але брудным адзенні, з крыху няпэўнай фанабэрлівай хадою, з тоўстымі гарачымі вуснамі і з прыязнымі расчырванелымі тварамі — іншых, чыё адзенне некалі было добрае, а й цяпер яшчэ было старанна выгладжанае шчоткай — людзей, якія йшлі пругкаю хадою, але твары ў якіх былі смяротна бледныя, вочы жахліва-дзікія й чырвоныя, якія, праціскаючыся скрозь натоўп, чапляліся дрыготкімі пальцамі за ўсё, што трапляла ім пад руку; апрача ўсіх гэтых — пірожнікаў, насьбітоў, вугальшчыкаў, смецяроў; катрыншчыкаў, малпаводаў і складальнікаў баладаў, тых, хто гандляваў імі і тых, хто спяваў; абадраных рамеснікаў і знясіленых работнікаў усіх гатункаў, і ўсё гэта было поўнае шумлівай і бязладнай жывасці, якая рэзала вуха і ад якой балела ўваччу.
Читать дальше