Так ён практыкаваўся яшчэ гадзіну, пад канец якой насустрач нам траплялася ўжо значна менш мінакоў, чым спачатку. Дождж не пераставаў; у паветры пахаладнела; людзі разыходзіліся па дамах. Нецярпліва махнуўшы рукою, мой вандроўнік звярнуў у параўнаўча пусты завулак. Па гэтым завулку, даўжынёю чвэрць мілі, ён памкнуў так хутка, як нельга было й спадзявацца ад такога старога чалавека, і мне давялося прыкласці нямала намаганняў, каб не адстаць ад яго. Праз колькі хвілінаў мы выйшлі да вялікага й люднага базару, з наваколлем якога незнаёмец быў, відаць, добра знаёмы. Там зноў я пабачыў яго такім, як і на самым пачатку, ён бязмэтна сноўдаў сюды-туды сярод мора гандляроў і пакупнікоў.
Паўтары гадзіны ці каля таго, што мы прабылі ў гэтай мясціне, я мусіў ужыць усю маю асцярожнасць, каб не згубіць старога й разам з тым не прыцягнуць ягонае ўвагі. На шчасце, на нагах у мяне былі гумовыя галёшы, і я мог рухацца зусім бязгучна. Ні разу ён не заўважыў, што я за ім назіраю. Ён уваходзіў у адну крамку за другой, ні да чога не прыцэньваўся, не казаў ні слова і глядзеў на ўсе тавары дзікім і пустым позіркам. Я быў да таго здзіўлены ягонымі паводзінамі, што цвёрда пастанавіў, што мы з ім не расстанемся, пакуль я хоць у нейкай меры не задаволю сваю цікаўнасць адносна гэтага чалавека.
Гадзіннік гучна прабіў адзінаццаць удараў, і наведнікі пачалі паспешліва пакідаць базар. Нейкі крамнік, зачыняючы аканіцы, штурхануў старога, і я ўбачыў, як усё цела ягонае моцна здрыганулася. Ён паспяшаўся на вуліцу, на хвіліну неспакойна азірнуўся і з неймаверным спрытам пабег незлічонымі крывымі бязлюднымі завулкамі, пакуль мы зноў не апынуліся на вялікай праезнай вуліцы, адкуль пачалося нашае падарожжа — дзе стаяў гатэль Д. Вуліца, аднак, мела ўжо зусім іншы выгляд; яна ўсё яшчэ блішчала ў святле ліхтароў, але ліў моцны дождж, і людзей на ёй было вельмі мала. Незнаёмец быў цяпер бледны. Ён у задуменні зрабіў пару крокаў па нядаўна яшчэ людным праспекце, пасля, глыбока ўздыхнуўшы, павярнуў у бок ракі і, паблукаўшы бясконцымі кружнымі дарогамі, выйшаў нарэшце да аднаго з галоўных тэатраў. Ён ужо зачыняўся, і тлум публікі выліваўся з дзвярэй. Я пабачыў, як стары разявіў рот, нібы каб глынуць паветра, і кінуўся ў натоўп; мне падалося, што невыносная пакута, якая адбівалася на ягоным твары, крыху сунялася. Ён зноў угнуў галаву і зноў стаўся такім, якога я ўбачыў яго напачатку. Я заўважыў, што ён увайшоў туды, куды скіравалася большасць гледачоў — але наагул я так і не здолеў спасцігнуць непрадказальнасць ягоных дзеянняў.
Пакуль ён ішоў далей, гурт людзей паступова рассейваўся, і да старога вярталіся разгубленасць і неспакой. Нейкі час ён неадступна крочыў за купкай з дзесяці-дванаццаці п'яных гулякаў; але яны адзін за адным разыходзіліся, пакуль не засталіся толькі трое, у нейкім вузкім і змрочным бязлюдным завулку. Незнаёмец прыпыніўся і, здавалася, на хвіліну задумаўся; тады, раптоўна ажывіўшыся, хутка пашыбаваў па дарозе, якая вывела нас на край горада, да ваколіцаў, вельмі непадобных да тых, што мы толькі што прамінулі. Гэта быў самы агідны лонданскі квартал, дзе ўсё было пазначанае страшным кляймом самае неймавернае беднасці й самага невыпраўнага злачынства. Пад цьмяным святлом выпадковых ліхтароў высокія старасвецкія паточаныя чарвякамі драўляныя будыніны стаялі, гатовыя ўпасці. Набудаваныя яны былі так тлумна й бязладна, што між імі цяжка было распазнаць штосьці падобнае да праходу. Брук быў укладзены абыяк, між камянёў буяла густая трава. У забітых канавах гніло ўсякае паскудства. Усё навокал патыхала заняпадам. Аднак па меры таго як мы ішлі наперад, гукі чалавечага жыцця паступова ажывалі, пакуль урэшце мы не ўбачылі вялікія грамады найбольш занядбаных насельнікаў Лондана, якія сноўдалі сюды-туды. Дух старога зноў успыхнуў, як свечка, перад тым як пагаснуць. Ён зноў памкнуўся наперад пругкім поступам. Раптам, павярнуўшы за рог, мы ўбачылі полымя яркага святла й апынуліся перад адной з вялізных загарадных святыняў Няўстрыманасці — перад адным з палацаў д'ябла Джына.
Ужо амаль пачало світаць, аднак гурт няшчасных п'яніцаў усё яшчэ тоўкся каля завабнага ўваходу. Ледзь не закрычаўшы ад радасці, стары прабіўся ў будыніну, зноў вярнуўшыся да пачатковага настрою і там хадзіў сярод натоўпу ўзад і ўперад без бачнае мэты. Але не паспеў ён удосталь там набыцца, як агульны рух да дзвярэй зазначыў, што гаспадар збіраецца зачыніць іх на ноч. I тады я заўважыў нешта яшчэ больш балючае за роспач у твары дзіўнага стварэння, за якім я так неадступна назіраў. Ён, аднак, не стаў доўга вагацца, а з шалёнай энергіяй павярнуў у зваротную дарогу, у самае сэрца магутнага Лондану. Ён бег доўга й шпарка, а я не адставаў ад яго, ахоплены надзвычайнай цікаўнасцю, пастанавіўшы не спыняць даследавання, якое цяпер завалодала мною дарэшты. Тым часам узышло сонца, і калі мы зноў апынуліся ў самай люднай мясціне вялікага горада, на вуліцы з гатэлем Д., яна зноў поўнілася не меншым людскім тлумам і рухам, чым я назіраў папярэднім вечарам. I тут, сярод штораз большага натоўпу, я працягнуў свае доўгія назіранні за незнаёмцам. Але, як звычайна, ён хадзіў сюды-туды і за ўвесь дзень не пакінуў шумлівага віру адной гэтай вуліцы. Але калі ўвечары на горад апусцілася сутонне, я адчуў смяротную стому і, спыніўшыся перад маім падарожнікам, паглядзеў яму проста ў твар. Ён не звярнуў на мяне ніякае ўвагі і ўрачыста пашыбаваў далей, а я, кінуўшы сачыць за ім, спыніўся ў глыбокім задуменні. «Гэты стары, — сказаў я нарэшце, — увасабленне й дух страшнага злачынства. Ён не можа заставацца адзін. Ён — чалавек натоўпу. Няма сэнсу за ім ісці; бо я нічога не даведаюся ні пра яго самога, ні пра ягоныя ўчынкі. Нават самае ўбогае ў свеце сэрца — кніга, гнюснейшая за Hortulus Animae [ 61 61 «Садок душы»* (лац.).
], і, можа, найвялікшая Божая ласка ў тым, што es lӓsst sich nicht lessen.
Читать дальше