Спачатку я паспрабаваў пазбавіцца гэтага кашмару. Я паскорыў крок — хутчэй, яшчэ хутчэй, — потым пабег. Я адчуваў вар'яцкае жаданне закрычаць. Кожная наступная хваля думак залівала мяне новым жахам, бо — о гора! — я добра, занадта добра разумеў, што ў маім выпадку падумаць — значыць загінуць. Я яшчэ дадаў кроку. Я імчаўся, як вар'ят, праз людныя вуліцы. Урэшце мінакі ўстрывожыліся і пачалі мяне пераследаваць. Тут я адчуў, што мой лёс вырашаны. Я вырваў бы сабе язык, калі б мог, але грубы голас прагучаў увушшу, чыясьці рука яшчэ больш груба схапіла мяне за плячо. Я павярнуўся, задыхаючыся. На момант я адчуў усе пакуты ўдушша, я аслеп, аглух, галава пайшла кругам, і тут мне падалося, што нейкі нябачны д'ябал штурхануў мяне ў спіну шырокай даланёй. Доўга хаваная таямніца вырвалася з мае душы.
Кажуць, што я гаварыў вельмі выразна, хаця і празмерна падкрэсліваючы кожнае слова і страшэнна спяшаючыся, нібыта хваляваўся, што мяне перапыняць да заканчэння кароткіх, але важкіх фразаў, што аддалі мяне кату і пеклу.
Расказаўшы ўсё неабходнае для незваротнага юрыдычнага абвінавачання, я страціў прытомнасць.
Што мне яшчэ казаць? Сёння я закаваны ў кайданы — і тут! Заўтра я буду вольны ад путаў! Але дзе?
Пераклала Наталля Клабанава
Я не настойваю, каб нехта паверыў найдзічэйшай і разам з тым найзвычайнейшай гісторыі, якую важуся тут апісаць; я й не спадзяюся на гэта. Трэ быць вар'ятам, каб мець якую надзею ў сітуацыі, калі я сам не прымаю сваіх сведчанняў. Аднак я не вар'ят, і ўсё гэта, відочна, — не сон. Але заўтра я памру, а сёння павінен скінуць з душы цяжар. Мой адзіны намер — шчыра, сцісла, не мудруючы расказаць людзям пра шэраг чыста сямейных здарэнняў. Гэтыя здарэнні спарадзілі ўва мне жах, змучылі, загубілі мяне. I ўсё ж я не буду шукаць ім разгадкі. Мне яны прынеслі-такі страху — шмат жа хто палічыць іх хутчэй вычварнымі, чым жахлівымі. Пасля, магчыма, які разумны чалавек знойдзе ўсяму простае тлумачэнне — такі чалавек, з розумам больш спакойным, больш лагічным і не такім уражлівым, як мой, не ўгледзіць у акалічнасцях, аб якіх я апавядаю з пакораю і трымценнем, нічога, апрача звычайнае паслядоўнасці цалкам натуральных прычынаў і вынікаў.
З дзяцінства я выдзяляўся слухмянасцю й лагоднай натураю. Відочная мяккасць мае душы выклікала нават насмешкі таварышаў. Я вельмі любіў усякую жыўнасць, і бацькі не перашкаджалі мне: дома было шмат свойскіх жывёлін. З імі я бавіў вольны час і быў надзвычай шчаслівы, кормячы й даглядаючы іх. Я сталеў, і расла гэтая асаблівасць характару; для мяне, ужо дарослага, памянёны занятак быў ці не найлепшай уцехаю. Тым, хто аддаваў любоў вернаму й разумнаму сабаку, няма патрэбы тлумачыць, якой вялікай удзячнасцю сабака плаціць за гэта. У бескарыслівай і самаахвярнай любові звера ёсць нешта, здольнае дайсці да сэрца кожнага, хто пераконваўся ў нікчэмным сяброўстве й падманнай адданасці звычайнага чалавека.
Я рана ажаніўся і, на шчасце, адкрыў у сваёй жонцы блізкія мне схільнасці. Заўважаючы маю сімпатыю да жыўнасці, яна скарыстоўвала кожную магчымасць пацешыць мяне. У нас жылі птушкі, залатыя рыбкі, заводны сабака, трусы, маленькая малпа й кот.
Кот быў надзвычай вялікі й прыгожы, чыста чорны ды надзіва верны. Кажучы пра яго кемнасць, мая жонка, поўная ў душы прымхаў, часта намякала на даўнюю народную прыкмету, згодна з якою ўсе чорныя каты лічыліся пярэваратнямі. Але ніколі яна не намякала сур'ёзна — і я падаю гэтую драбніцу адно таму, што якраз цяпер належыць яе прыпомніць.
Плутон — так звалі ката — быў маім улюбёнцам, і я часцяком забаўляўся з ім. Я заўсёды сам карміў яго, і ён спадарожыў мне ўсюды ў доме, куды б я ні ішоў. Было нават цяжка забараніць яму хадзіць за мною па вуліцах.
Нашае сяброўства доўжылася такім парадкам некалькі гадоў, і за гэты час мае натура й характар — пад уплывам д'ябальскае цягі да алкаголю — зазналі (я чырванею, прызнаючыся ў гэтым) рэзкую змену на горшае. Што ні дзень я рабіўся больш пануры, больш раздражлівы й менш уважны да пачуццяў іншых людзей. Я стаў нястрыманы ва ўзаемінах з жонкаю. Урэшце я нават падняў на яе руку. Мае гадаванцы, натуральна, таксама адчулі гэтую змену ў характары гаспадара. Я не толькі не зважаў на іх, але й блага абыходзіўся з імі. Аднак да Плутона я захаваў яшчэ належную пашану і стрымліваў сябе ад кепскага абыходжання з ім, чаго нельга сказаць пра трусоў, малпачку ці нават сабаку, якіх я без усякага сораму крыўдзіў, калі яны лашчыліся да мяне або выпадкова траплялі пад руку. Але хвароба нарастала ўва мне — што можа быць горшага за цягу да алкаголю! — і нарэшце нават Плутон пачаў спазнаваць сілу мае хворае натуры.
Читать дальше