Пасля я выняў з падлогі тры маснічыны й паклаў парэшткі паміж брусоў. А тады ўставіў дошкі назад так разумна й вынаходліва, што ніякае чалавечае вока, нават ягонае вока, не выявіла б нечага падазронага. Не трэ было нічога вымываць — нідзе ніводнае плямкі, ніводнае кропелькі крыві. Я быў вельмі акуратны. Усё засталося ў місе!
Калі я скончыў работу, была чацвертая — цямнота стаяла, як апоўначы. Адразу па тым, як звон прабіў чацвертую, пачуўся стук у парадныя дзверы. Я спусціўся адчыніць з спакоем у душы — чаго мне цяпер было баяцца? Увайшлі тры мужчыны і з бездакорнай ветлівасцю адрэкамендаваліся афіцэрамі паліцыі. Крык уначы пачуў сусед; вынікла запасочанне, што здарылася злачынства; інфармацыю перадалі ў пастарунак, і іх (афіцэраў) паслалі абшукаць дом.
Я ўсміхнуўся — чаго мне было баяцца? Я павітаў іх. Сказаў, што сам выгукнуў у сне. Стары, дадаў я між іншым, паехаў на вёску. Я паказаў ім увесь дом. Я прасіў іх агледзець — агледзець як след. Я прывёў іх нарэшце ў ягоны пакой. Я паказаў ім усе ягоныя каштоўнасці, цэлыя й нечапаныя. У захапленні ад свае ўпэўненасці я прынёсу пакой крэслы й папрасіў афіцэраў адпачыць, а сам з шалёнай смеласцю ад поўнага трыюмфу паставіў сваё крэсла якраз там, дзе спачываў труп ахвяры.
Афіцэры былі задаволеныя. Мае дзеянні пераканалі іх. Я паводзіў сябе зусім нязмушана. Яны сядзелі й гаманілі пра нешта звычайнае, і я таксама штосьці бадзёра казаў ім. Але неўзабаве я адчуў, што бляднею, і захацеў, каб яны як мага хутчэй пайшлі. У мяне балела галава і, здаецца, стаяў звон увушшу; а яны ўсё сядзелі й гаманілі. Звон зрабіўся выразнейшы; ён не знікаў, не, ён большаў. Я пачаў гаварыць развязней, каб пазбыцца хвалявання, але ён не сціх, а праявіўся яшчэ болей — і нарэшце я зразумеў, што шум быў не ў маіх вушох.
Няма сумневу, цяпер я надта спалатнеў, але гаварыў безупынку й павысіў голас. Аднак гук нарастаў — што я мог зрабіць? Гэта быў ціхі, прыглушаны, прудкі зык, вельмі падобны да зыку, што робіць гадзіннік, загорнуты ў вату. Я цяжка дыхаў, але афіцэры яшчэ нічога не чулі. Я гаварыў больш напорыста й заўзята, але шум няўхільна нарастаў. Я падняўся і ўсчаў нейкую пустую спрэчку, голасна вёрз лухту й раз'юшана махаў рукамі; але шум няўхільна нарастаў. Чаму б ім не пайсці? Я хадзіў тупаючы, узад і ўперад, нібы раззлаваны іх заўвагамі, але шум няўхільна нарастаў. О, Божа! Што я мог зрабіць? Я шалеў — я халераваў — я лаяўся! Я круціў крэсла, на якім перад тым сядзеў, і соўгаў яго па дошках, але шум перабіваў усё і нарастаў няспынна. Ён гучнеў — гучнеў — гучнеў! А тыя людзі па-ранейшаму з прыемнасцю гаманілі і ўсміхаліся. Ці маглі яны не чуць? Божа ўсёмагутны!.. Не, не! Яны чулі!.. яны падазравалі!.. яны ведалі!.. яны смяяліся з майго страху!.. — так я думаў і так я думаю дасюль. Не магло быць нічога горшага за гэтую пакуту! Больш я не мог трываць іх крывадушных усмешак! Я адчуваў, што мушу або закрычаць, або памерці! Во цяпер зноўку!.. Гучней! Гучней! Гучней! Гучней!..
— Паганцы! — залямантаваў я. — Годзе ўдаваць! Я прызнаюся! Адарвіце маснічыны! Тут, вось тут!.. Гэта б'ецца яго агіднае сэрца!
Пераклаў Юрась Бушлякоў
 |
Тут, вось тут!.. Гэта б'ецца яго агіднае сэрца! |
Падчас вызначэння здольнасцяў і пабуджэнняў, prima mobila [ 19 19 Першарухальнік (лац.).
] чалавечай душы, фрэнолагі* абмінулі схільнасць, якая, без сумневаў, заўсёды была адным з асноўных, першапачатковых і неад'емных пачуццяў, але тым не менш заставалася па-за ўвагай ранейшых маралістаў. Мы прагледзелі яе праз звычайную пыхлівасць розуму. Мы дазволілі ёй існаваць па-за межамі нашага асэнсавання выключна праз недахоп веры — ці то ў Апакаліпсіс, ці то ў Кабалу. Само ўяўленне пра яе ніколі не прыходзіла нам у галаву проста таму, што ў гэтым не было патрэбы. Мы не бачылі ніякай неабходнасці ў такім пабуджэнні, у такой схільнасці. Мы не ўсведамляем яе важнасці. Мы не разумеем, дый не здолелі б зразумець, калі б уяўленне пра гэтую primum mobile само прыйшло да нас; мы б не здолелі зразумець, якім чынам яна можа паслужыць мэтам чалавецтва, часовым ці вечным. Немагчыма адмаўляць таго факту, што фрэналогія, ды ў вялікай ступені і метафізіка, былі зляпаныя a priori [ 20 20 Раней за досвед і па-за ім (лац.).
]. Выдумляць схемы, дыктаваць Богу яго мэты пачаў не чалавек, што назірае і ўспрымае, а чалавек інтэлекту ды логікі. Даследаваўшы такім чынам глыбіні намераў Еговы, ён, задаволены сабою, пабудаваў на іх аснове незлічоную колькасць сістэмаў мыслення. Напрыклад, у дачыненні да фрэналогіі мы спачатку самым натуральным чынам вызначылі, што ў адпаведнасці з боскай задумай чалавек павінен есці. Тады мы прызначылі чалавеку орган харчавання, кару боскую, якая вымушае нас есці, хочам мы гэтага ці не. Затым, вызначыўшы, што па волі Бога чалавек павінен працягваць свой род, мы тут жа адкрылі орган юрлівасці. Гэтаксама адбылося і з ваяўнічасцю, уяўленнем, прычыннасцю, творчасцю — карацей кажучы, з кожным органам, які служыць нейкай схільнасці, маральнаму пачуццю ці здольнасці чыста інтэлектуальнага характару. Пры такім размеркаванні principia [ 21 21 Першапрычынаў (лац.).
] чалавечай актыўнасці паслядоўнікі Шпурцгайма* ўсяго толькі ішлі — правільна ці не, часткова ці ў цэлым — па слядох сваіх папярэднікаў, і ўсё ў іх вызначалася ды вынікала з перадвызначанасці чалавечага лёсу і задумаў Творцы.
Читать дальше