Было б разумней, было б бяспечней, калі б нашая класіфікацыя (калі мы ўжо мусім класіфікаваць) зыходзіла з таго, што чалавек робіць звычайна ці час ад часу, чым з таго, што, паводле нашых уяўленняў, загадала яму рабіць боская воля. Калі мы не можам ахапіць розумам Бога ў яго бачных дзеяннях, то як можам мы спасцігнуць Ягоныя неспасцігальныя задумы, якія ўвасабляюцца ў гэтых дзеяннях? Калі мы не можам спасцігнуць Бога ў выніках працы рук яго, то як мы спасцігнем таямніцы Ягонае волі і фазы тварэння?
Індукцыя, а posteriori [ 22 22 Пасля, на падставе досведу (лац.).
], прымусіла б фрэналогію прызнаць прыроджаным і першапачатковым стымулам чалавечай дзейнасці парадаксальнае нешта, якое можна было б назваць, не маючы больш удалага тэрміну, духам пярэчання. Я вызначаю яго як mobile [ 23 23 Пабуджэнне (фр.).
] без матывацыі, як матыў не motivirt [ 24 24 Матываваны (скаж. ням.).
]. Праз яго падбухторванне мы пачынаем кіравацца неспасцігальнымі мэтамі, ці, калі гэта падаецца супярэчнасцю ў тэрмінах, мы можам перафармуляваць выказванне і сказаць, што праз яго падбухторванне мы робім штосьці менавіта таму, што рабіць гэтага катэгарычна нельга. Тэарэтычна няма для ўчынку падставы больш беспадстаўнай, але фактычна няма падставы мацнейшай. Для адпаведнага складу розуму ды пры адпаведных умовах дух пярэчання робіцца абсалютна неадольным. Гэтаксама, як у тым, што я дыхаю, я ўпэўнены, што ўсведамленне памылковасці і няправільнасці ўчынку часта бывае непераможнай сілай; яна — і толькі яна — змушае нас да гэтага ўчынку. Усёпаглынальная прага ўчыняць шкоду выключна дзеля шкоды не паддаецца ні аналізу, ні прэпараванню. Гэта асноўны, першапачатковы, прыроджаны імпульс. Упэўнены, мне запярэчаць, што калі мы ўпарта робім нешта толькі таму, што ведаем: рабіць гэтага нельга, — то такія паводзіны ёсць не больш чым разнавіднасцю таго, што фрэналогія акрэслівае як ваяўнічасць. Але самы першы погляд абвергне гэтае меркаванне. Фрэналагічная ваяўнічасць грунтуецца на неабходнасці самаабароны. Яна ахоўвае нас ад цялесных пашкоджанняў. Яе сутнасць — забяспечанне нашага дабрабыту, і таму ваяўнічасць павялічваецца адначасова з яго ростам. З гэтага вынікае, што імкненне да дабрабыту павіннае ўзрастаць адначасова з любой разнавіднасцю ваяўнічасці, але ў выпадку таго, што я называю духам пярэчання, не толькі не ўзнікае імкнення да дабрабыту, але намі кіруе пачуццё цалкам супрацьлеглае.
Зварот да ўласнага сэрца выявіцца ўрэшце найлепшым адказам на выказаную вышэй сафістыку. Кожны, хто шчыра і ўважліва зазірне ў сваю душу, упэўніцца, што гэтая схільнасць сапраўды найасноўнейшая. Яна настолькі ж відавочная, наколькі неспасцігальная. Няма на свеце чалавека, які хоць раз не пакутаваў бы, напрыклад, ад неадольнага жадання закатаваць слухача сваёй шматслоўнасцю. Моўца ведае, што ён невыносны, адзінае яго жаданне — дагадзіць. Звычайна ён гаворыць каротка, дакладна і ясна, на языку ў яго толькі самыя лаканічныя і зразумелыя фразы, і толькі з вялізнымі высілкамі ён іх не вымаўляе. Ён баіцца гневу суразмоўцы, і ўсё ж яго б'е маланкаю думка, што пастаянныя адступленні і мудрагелістасць ягоных прамоваў гэты гнеў дакладна выклічуць. Адной гэтай думкі дастаткова. Імпульс перарастае ў жаданне, жаданне — у памкненне, памкненне — у нястрымную прагу, і прага гэтая (на вялікі жаль і засмучэнне моўцы і насуперак здароваму сэнсу) наталяецца.
Перад намі стаіць задача, якая патрабуе неадкладнага развязання. Мы ведаем, любая затрымка ўсё зруйнуе. У жыцці наступае пераломны момант, труба кліча дзейнічаць зараз жа. Мы палаем рашучасцю, мы паміраем ад жадання схапіцца за працу — і прадчуванне слаўных вынікаў узбуджае нашую душу. Яе варта, яе неабходна зрабіць сёння, і ўсё ж мы адкладаем яе на заўтра, але чаму? Адказу няма, апроч таго, што мы адчуваем жаданне зрабіць наадварот, самі не ведаючы чаму. Надыходзіць заўтра, і прага дзейнасці ўзмацняецца, але разам з ёй — і гэтае безназоўнае, проста-такі жудаснае, бо невытлумачальнае, жаданне марудзіць. I з кожным імгненнем яно толькі ўзрастае. Сплываюць апошнія гадзіны. Мы скаланаемся ад жорсткай барацьбы ўнутры нас, ад змагання рацыянальнага з ірацыянальным, матэрыі з ценем. Але калі барацьба заходзіць так далёка, то цень бярэ верх — мы змагаемся дарэмна. Гадзіннік б'е, адпяваючы наш дабрабыт. У той жа час гэта крык пеўня для прывіда, што валодаў намі. Ён адлятае, знікае — мы вольныя. Запал вяртаецца. Цяпер мы гатовыя працаваць. На жаль, запозна!
Читать дальше