Мы стаім на краі бездані. Мы заглядаем у яе, ніякавеем, нам робіцца млосна. Нашае першае памкненне — збегчы ад небяспекі. Але невядома чаму мы застаемся. Паступова жах, моташнасць і млосць згушчаюцца ў воблака безназоўнага пачуцця. Паціху, яшчэ менш заўважна, гэтае воблака набывае пэўныя абрысы, як той дым з бутэлькі, што ператвараецца ў джына з «Тысячы і адной ночы». Але з нашага воблака на краі бездані матэрыялізуецца нешта нашмат больш жахлівае за любога казачнага джына ці дэмана. I тым не менш гэта толькі думка, хоць і вусцішная, якая працінае да самых костак, захапляючы сваёй жудасцю. Гэта толькі прадчуванне тых пачуццяў, што ахапілі б нас падчас падзення ў бездань з такой вышыні. I гэтае падзенне, гэтая вокамгненная пагібель, менавіта таму, што побач лунае найстрашнейшы і найагіднейшы з усіх найстрашнейшых і найагіднейшых вобразаў смерці і пакуты, якія калі-небудзь нараджала нашая фантазія, — менавіта таму яны такія жаданыя нам. I толькі таму, што наш розум з усяе моцы імкнецца ўтрымаць нас на краі бездані, мы з усё большым імпэтам ірвемся да яе. Няма ў прыродзе жарсці больш дэманічна прыцягальнай, чым тая, што валодае чалавекам, які ў трымценні стаіць над безданню і ўяўляе скачок. Паспрабаваць думаць у такі момант — значыць непазбежна загінуць, бо роздум змушае нас адысці, і менавіта таму мы гэтага зрабіць не можам. Калі побач не будзе сяброўскае рукі, каб затрымаць нас, ці калі ў апошні момант на самым краі бездані нам не ўдасца раптоўна кінуцца прэч, мы скокнем, мы загінем.
Аналізуючы гэтыя і падобныя дзеянні, мы разумеем, што ўсе яны народжаныя выключна духам пярэчання. Мы ажыццяўляем іх толькі таму, што разумеем, што гэтага рабіць не трэба. Гэтае імкненне не грунтуецца ні на якім уцямным прынцыпе, і мы насамрэч маглі б палічыць яго падгаворам ворага роду чалавечага, калі б часам яно не служыла дабру.
Я расказаў усё гэта, каб хоць у нейкай ступені адказаць на вашае пытанне і растлумачыць, чаму я тут, каб прадставіць вам хоць нейкае падабенства прычыны таго, што я закаваны ў кайданы і сяджу ў камеры смяротнікаў. Калі б я не быў такім шматслоўным, вы б альбо зусім мяне не зразумелі, альбо разам з натоўпам залічылі мяне да вар'ятаў. А так вы з лёгкасцю ўбачыце, што я — адна са шматлікіх ахвяраў Д'ябла Пярэчання.
Ніякі ўчынак ніколі не прадумваўся больш старанна. Тыднямі, месяцамі я шукаў спосаб забойства. Я адрынуў тысячы планаў, бо іх ажыццяўленне пакідала мажлівасць выпадковага раскрыцця. Урэшце ў нейкіх французскіх мемуарах я знайшоў апісанне хваробы, якая ледзь не прывяла да смерці мадам Піло, атручанай з дапамогай свечкі. Гэтая ідэя адразу завалодала маім уяўленнем. Я ведаў пра звычку маёй ахвяры чытаць на сон. Я таксама ведаў, што ягоная спальня цесная і кепска праветрываецца. Але не бачу сэнсу назаляць вам лішнімі падрабязнасцямі. Няма патрэбы апісваць тыя немудрагелістыя дзеянні, дзякуючы якім я замяніў васковую свечку ў ягоным кандэлябры на іншую, зробленую мною. На наступную раніцу яго знайшлі ў ложку мёртвым, і заключэнне каранёра гаварыла: «Смерць ад рукі Божай».
Атрымаўшы ягоную спадчыну, я гадамі жыў цалкам някепска. Думка пра выкрыццё ніколі не прыходзіла мне ў галаву. Я старанна знішчыў атручаную свечку. Я не пакінуў ні ценю ўлікі, з дапамогай якой мяне можна было б асудзіць ці хаця б запасочыць у злачынстве. Немагчыма перадаць, як я быў задаволены сабою, калі думаў пра сваю поўную бяспеку. Доўгі час я адчуваў незвычайную асалоду, якая прыносіла мне больш задавальнення, чым усе матэрыяльныя даброты, якія даў мне мой грэх. Але нарэшце надышоў час, калі гэтае прыемнае пачуццё паступова і ледзь заўважна перарасло ў неадчэпную і гнятлівую думку. Менавіта яе неадчэпнасць і прыгнятала. Я ледзьве мог адагнаць яе на імгненне. Гэтаксама нас, бывае, раздражняе надакучлівы матыў нейкай пошлай песенькі ці пасрэдны ўрывак з оперы, што гучыць увушшу ці, хутчэй, у памяці. I пакуты не зменшацца, калі песня будзе добрая, а опера — вартая ўхвалы. Так і я ўрэшце пачаў лавіць сябе на тым, што ўвесь час думаю пра ўласную бяспеку і ціха сам сабе мармычу: «Мне не пагражае».
Аднаго дня, шпацыруючы па вуліцы, я заўважыў, што мармычу гэтыя звыклыя словы напаўголасу. У свавольным парыве я перайначыў іх такім чынам: «Мне нішто не пагражае, мне не пагражае... калі толькі я сам здуру не прызнаюся!»
Не паспеў я вымавіць гэтыя словы, як сэрца сціснула холадам. Са мной і раней здараліся такія прыпадкі пярэчання, прыроду якіх мне было складана растлумачыць, і я выразна ўспомніў, што ні разу не здолеў іх змагчы. Вось і цяпер тое, што я напалову ўнушыў сабе, нібыта магу быць такім вар'ятам, што прызнаюся ў забойстве, узнікла перада мною, як прывід мае ахвяры, і павабіла да смерці.
Читать дальше