Аднае ночы, калі ў паўзабыцці я сядзеў у нейкім найбрыдчэйшым месцы, маю ўвагу забрала нешта чорнае на векуаднае з вялізных бочак з джынам або ромам, што складалі ці не ўвесь абсталюнак пакоя. Колькі хвілінаў я не зводзіў вачэй з бочкавага века, не цямячы, чаму дасюль нічога на ім не заўважаў. Я падышоў і дакрануўся да чорнага рукою. Гэта быў чорны кот, вельмі вялікі, як Плутон, падобны да яго, быццам кроплі зняў, з адным усяго адрозненнем. Плутон зусім не меў белае поўсці, на грудзёх жа ў гэтага ката была відаць расплывістая белая пляма.
Па маім дотыку ён адразу падняўся, голасна муркнуў і пацёрся аб маю руку, усцешаны ўвагаю да сябе. Якраз такога ката я шукаў. Я зараз жа захацеў купіць яго; але гаспадар карчмы не патрабаваў грошай — ён нічога не ведаў пра ката, ніколі раней не бачыў яго.
Я не пакідаў гладзіць ката, а калі быў сабраўся дадому, ён яўна паказаў, што хоча ісці са мною. Я дазволіў яму; дарогаю я часам спыняўся й пагладжваў яго. Дома кот хутка асвойтаўся і ў адзін момант стаў улюбёнцам мае жонкі.
Аднак я неўзабаве адчуў да яго непрыязнасць — яна нарастала ўва мне. Гэтага я зусім не чакаў; але — не ведаю, як і чаму тое сталася, — ягоная відочная любоў дадзявала мне і выклікала ў мяне раздражненне. Спакваля гэтыя адчуванні перараслі ў лютую нянавісць. Я ўнікаў ката; адно невыразнае пачуццё сораму і памяць пра бязлітаснае злачынства стрымлівалі мяне ад здзекаў з жывой істоты. За некалькі тыдняў я ніводнага разу не выцяў яго дый увогуле не зачапіў; але паволі — вельмі паволі — мяне агарнула невымоўная агіда, і я моўчкі ўцякаў ад брыдкае істоты, нібы ад пошасці.
Нянавісці да ката паддало мне, несумненна, і тое, што ён, як і Плутон, быў пазбаўлены аднаго вока — гэта адкрылася раніцаю, пасля таго як я прывёў жывёліну дадому. Аднак у мае жонкі гэтае падабенства спарадзіла яшчэ большую прывязанасць да ката, яна ж бо, як я ўжо казаў, цалкам захавала ў сваёй душы тую людскасць, якая некалі была ўласцівая мне і служыла крыніцаю шматлікіх маіх найпрасцейшых і найчысцейшых радасцяў.
Здавалася, што адначасна з нарастаннем мае незычлівасці да ката большала ягоная да мяне прыхільнасць. Ён хадзіў за мною па пятах з упартасцю, якую цяжка апісаць. Не паспяваў я сесці, як ён забіраўся пад маё крэсла або ўскокваў да мяне на калені, назаляючы сваімі абрыдлымі ласкамі. Калі я падымаўся, каб пайсці, ён блытаўся пад нагамі і ледзьве не збіваў мяне або, усадзіўшы свае доўгія й вострыя кіпці ў маё адзенне, караскаўся мне на грудзі. У такія хвіліны я нясцерпна хацеў забіць яго на месцы, але яшчэ стрымліваў сябе — часткова таму, што памятаў пра сваё ранейшае злачынства, але найперш — не буду ўтойваць — ад вялізнага страху перад зверам.
Гэта яўна не быў страх перад канкрэтным няшчасцем — але я не здатны акрэсліць свайго адчування якім іншым словам. Мне сорамна прызнацца — так, нават тут, у цэлі для крымінальных злачынцаў, — мне сорамна прызнацца, што жах і страх, якія кот нагнаў на мяне, узмацніліся пад уздзеяннем аднае зусім неймавернае выявы. Жонка ці раз звяртала маю ўвагу на лапіну белага валосся (пра яе я ўжо згадваў) — адзіную відочную рысу, што адрознівала гэтую дзіўную жывёліну ад той, якую я забіў. Чытач, пэўне, памятае, што тая немалая лапіна першапачатна была расплывістая; але спакваля — амаль непрыкметна, ажно мой розум доўгі час намагаўся адкінуць гэта, быццам недарэчную ўяву, — метка набыла абсалютна выразныя абрысы. Яна мела выгляд прадмета, які я жахаюся называць — і перадусім праз гэта я гідзіўся, і баяўся, і вызваліў бы сябе, калі б адважыўся, ад пачвары, — цяпер, толькі паслухайце, метка мела выгляд нечага страшнага й злавеснага — Шыбеніцы! — змрочнае ды вусцішнае прылады Жаху й Злачынства — Пакуты й Загубы!
Цяпер я быў сапраўды найняшчаснейшы з людзей на зямлі. Нікчэмнае стварэнне, субрата якога я з пагардаю знішчыў, — гэтае нікчэмнае стварэнне несла мне — мне, чалавеку, створанаму на вобраз і падабенства Усявышняга, — гэтулькі нясцерпных бедаў! На жаль, ні ўдзень і ні ўночы я ўжо не зведаў болей раскошы спачынку! Цэлы дзень звер ні на міг не пакідаў мяне, а поначы я штогадзіны прачынаўся ад невымоўна страшных сноў і адчуваў на сваім твары гарачае дыханне істоты й яе нязносны цяжар — уцелаўлёную здань, якой я не меў сілы скінуць, — цяжар, што назаўсёды наваліўся на маё сэрца!
Ціск такіх мучэнняў пазбавіў мяне мізэрнае рэшты добрых пачуццяў. Адно злыя думкі спадарожылі мне — найзмрачнейшыя й найзлейшыя з магчымых. Мая звычайная панурасць перарасла ў нянавісць да ўсіх рэчаў і ўсяго людства. Але больш за іншых цярпела ад раптоўных, частых і неўтаймоўных выбухаў лютасці, у якую я безразважна ўпадаў, мая пакорлівая жонка.
Читать дальше