Сярод частых і дбайных спробаў згадаць, сярод старанных высілкаў аднавіць у памяці хоць знак таго стану, у які занурылася мая душа і які падаваўся нябытам, я перажываў рэдкія імгненні ўдачы. У тыя кароткія, вельмі кароткія хвіліны я аднаўляў свае ўспаміны, якія, як ясным розумам я пазней пераконваўся, маглі быць водгуллем толькі таго нібыта забыцця. Цьмяныя прывіды памяці нашэптваюць мне пра высокія постаці, што моўчкі паднялі мяне і пачалі апускаць долу... ніжэй... яшчэ ніжэй, пакуль не закружылася галава ад адной думкі пра бясконцае пагружэнне. Яшчэ яны апавядаюць мне пра няясную жуду, што затаілася ў маім сэрцы праз яго дзіўны, незвычайны спакой. Потым прыйшло адчуванне раптоўнай знерухомленасці ва ўсім, нібыта тыя, хто апускаў мяне (о, гэтая жудасная світа!) дасягнулі мяжы бязмежнага і замерлі, зняможаныя сваёй цяжкай ношай. Пасля ў памяці ўваскрасае адчуванне пляскатасці і вільготнасці, а потым гэта ўсё абарочваецца шаленствам — шаленствам памяці, якая ўрываецца на забароненыя ёй тэрыторыі.
I раптам мая душа знянацку робіцца рухавай, зноў здабывае магчымасць чуць, і гукі мітуслівага сэрца аддаюцца ўвушшу. А потым усё замірае, няма нічога. Пасля зноў і гук, і рух, і дотык — дрыготкае адчуванне напаўняе маю грудную клетку. Пасля толькі ўсведамленне быцця і ніводнай думкі — такі стан цягнецца доўга. За ім — нечаканая думка, жудаснае трымценне і старанныя спробы ўсвядоміць свой сапраўдны стан. Затым моцная прага зноў стаць непрытомным. Потым імклівае ажыўленне душы і ўдалая спроба паварушыцца. I пасля я ўспамінаю ўсё: і судовы працэс, і суддзяў, і чорныя драпіроўкі, і прысуд, і млосць, і забыццё. А затым зноў не памятаю нічога з таго, што пазней вялізнымі высілкамі мне ўдалося хоць часткова згадаць.
Дагэтуль я не расплюшчваў вачэй. Я адчуваў, што ляжу на спіне, нічым не звязаны. Я працягнуў руку, і, цяжкая, яна ўпала на нешта цвёрдае і вільготнае. Цягам доўгіх хвілінаў ляжала яна так, пакуль я адчайна спрабаваў уявіць, дзе я і чым ёсць. Адчайна імкнучыся да гэтага, я ўсё ж не наважваўся расплюшчыць вочы. Я вельмі баяўся кінуць першы погляд на тое, што мяне акаляе. I не столькі асцерагаўся пабачыць жудасці наўкола, колькі проста ледзянеў ад жаху, уяўляючы, што наўкола не будзе нічога. Нарэшце ў дзікім адчаі я хутка расплюшчыў вочы. I мае найгоршыя падазрэнні спраўдзіліся. Чэрань адвечнай ночы апанавала мяне. Я пачаў хапаць паветра ротам. Падавалася, бяздонная імгла насоўвалася і душыла мяне — такім невыносна шчыльным было паветра. А я ўсё ляжаў нерухома і намагаўся напружыць свой розум. Я паступова, адно за адным, прыгадваў дзеянні інквізіцыі і зыходзячы з гэтых згадак спрабаваў зразумець, што са мной. Прысуд быў даўно выкананы, і мне здавалася, што з таго моманту прайшло ўжо даволі шмат часу. Але і на секунду я не мог дапусціць, што напраўду памёр. Такое дапушчэнне, нягледзячы на тое, што даводзіцца чытаць у раманах, цалкам супярэчыць сапраўднасці. Дык дзе ж я і што са мной? Асуджаных на смерць, як я ведаў, звычайна чакала аўтадафэ, а адно з іх якраз мусіла адбыцца ў тую самую ноч, калі быў суд нада мною. Ці мяне зноў кінулі ў ранейшы склеп чакаць новага ахвярапрынашэння, што, магчыма, адбудзецца толькі праз некалькі месяцаў? Але гэтага, як я тут жа зразумеў, быць не магло. Прынесці ахвяру неабходна было адразу. Да таго ж мой склеп ды камеры ў вязніцах Таледа мелі каменныя насцілы, і туды прабіваўся хоць які кволы прамень святла.
Ад страшнай здагадкі кроў забруіла ў маіх жылах, зайграла ў сэрцы, і на пэўны час я зноў праваліўся ў непрытомнасць. Прачнуўшыся, я адразу ж устаў на ногі. Трымценне працінала кожную клетку майго цела. Я шырока развёў рукі над галавою, па баках — паўсюль наўкол сябе. Нічога не было, і ўсё ж я баяўся зрабіць нават крок, каб не натыкнуцца на сцены труны. Пот ліўся з кожнай поры майго цела і вялікімі халоднымі пацеркамі застываў на ілбе. Нарэшце пакуты невядомасці сталі невыноснымі, і я асцярожна зрабіў крок наперад, выставіўшы перад сабой рукі і шырока раскрыўшы вочы, спадзеючыся заўважыць хоць ледзь прыкметны прамень святла. Я зрабіў ужо шмат крокаў, але наўкола былі адно чэрань і пустэча. Я ўздыхнуў ужо вальней. Стала ясна — лёс мой яшчэ не з самых страшных.
I цяпер, калі я працягваў асцярожна прабірацца наперад, мне раптам прыгадаліся тысячы цьмяных чутак пра жахі Таледа. Пра яго сутарэнні хадзілі дзіўныя гісторыі, і, хоць я заўжды лічыў іх байкамі, яны былі настолькі незвычайнымі і агіднымі, што іх можна было пераказваць толькі шэптам. Мяне пакінулі паміраць з голаду ў гэтым падзямеллі цямрэчы — ці мне быў падрыхтаваны іншы, яшчэ больш жудасны скон? У любым разе ў канцы будзе смерць, смерць нечувана жорсткая, бо надта ж добра я ведаў норавы сваіх суддзяў. Якім чынам і калі я памру — вось што займала ці, хутчэй, бянтэжыла мяне.
Читать дальше