Мінула, мабыць, паўгадзіны ці нават гадзіна (звязаны, я толькі прыблізна мог меркаваць пра час), калі я зноў глянуў наверх. Тое, што я там пабачыў, збянтэжыла мяне і ў той жа час здзівіла. Амплітуда руху ківача павялічылася прыкладна на ярд. I натуральным чынам узрасла яго хуткасць. Але што ўсхвалявала мяне яшчэ больш, дык гэта тое, што ён прыкметна зніжаўся. Цяпер я пабачыў — з жахам, які і апісваць не варта, — што на самым канцы яго быў серпападобны наканечнік з бліскучай сталі прыкладна фут шырынёй ад краю да краю; яго канцы былі загнутыя ўверх, а знізу ён быў востры, як лязо. I, як лязо, вялікі і цяжкі, а ўверсе масіўны і шырокі. Ён быў прымацаваны да трывалага медзянога прута, што, гайдаючыся, са свістам разразаў паветра.
Я больш не сумняваўся ў тым страшным сконе, што быў прыгатаваны для мяне манахамі, вялікімі спецыялістамі ў справе катавання. Тое, што я дазнаўся пра калодзеж, заўважылі агенты Інквізіцыі — пра калодзеж, чые жахі былі наканаваныя такому адступніку, як я, калодзеж — звычная з'ява для пекла, што, па чутках, лічыцца Ultima Thule [ 26 26 Тут: апошняя мяжа (лац.).
] ўсіх іхных караў. Падзення ў калодзеж я пазбег абсалютна выпадкова. Я добра ведаў, што нечаканасць ці нават пастка, за якой хаваліся пакуты, былі неад'емным складнікам тых страшных вынаходак, праз якія людзі сустракалі сваю смерць у цёмных склепах. I калі я сам не рухнуў у бездань, у іх д'ябальскія планы не ўваходзіла скінуць мяне сілком, таму мяне чакала (альтэрнатывы быць не магло) зусім іншая, больш міласэрная пагібель. Міласэрная! Я злёгку ўсміхнуўся, халадзеючы ад жаху, калі адчуў усю іронію гэтага слова.
Не трэба і казаць, што доўгімі, доўгімі гадзінамі вусцішы, якую і ўявіць сабе немагчыма, я лічыў хуткія хістанні сталі! Дзюйм за дзюймам — лінію за лініяй. Ківач апускаўся толькі праз пэўныя інтэрвалы, што падаваліся вечнасцю, але імкліва, усё ніжэй і ніжэй! Праходзілі дні — а, магчыма, дзён прайшло вельмі шмат, пакуль ён не пачаў лётаць нада мною так нізка, што я ўжо лавіў едкае паветра яго дыхання. Пах навостранай сталі біў у ноздры. Я маліў, настойліва ўпрошваў нябёсы, каб ён апускаўся хутчэй. Утрапёны, я вар'яцеў, спрабуючы падняцца вышэй і зрабіцца ахвярай гайданняў страшэннага сярпа. А потым я раптам супакоіўся і ляжаў з усмешкай на вуснах, гледзячы на сваю бліскучую смерць, нібы дзіця на дзівосную цацку.
Пасля мяне зноў апанавала забыццё, але цягнулася яно нядоўга, бо калі я зноў апрытомнеў, то не заўважыў, каб ківач прыкметна апусціўся ніжэй. Аднак прайшло, мусіць, шмат часу, бо я ведаў, што ліхадзеі такі заўважылі, што я сплю, і, магчыма, пажадалі часова прыпыніць рух ківача ўніз. Калі ж я прыйшоў у сябе, то адчуў таксама невымоўную слабасць і знясіленасць, нібыта праз працяглую змардаванасць. Нават нягледзячы на мой тагачасны стан і ўсе пакуты, маё чалавечае цела прагнула ежы. Пераадольваючы боль, я выцягнуў левую руку, наколькі мне дазвалялі путы, і завалодаў маленькім кавалкам, што застаўся мне пасля пацукоў. I калі я наблізіў яго да вуснаў, у галаве раптам заіскрылася ледзь акрэсленая думка, што несла радасць і надзею. Але што агульнага магло быць у мяне з надзеяй? Думка тая, як я ўжо сказаў, была ледзь акрэсленаю — такія думкі часта наведваюцца да людзей, але ніколі не спраўджваюцца. Я ведаў, што ёсць у ёй радасць і надзея, але адчуваў, што яна нібы загадзя была мёртваю яшчэ ў самым зародку. Дарэмна я імкнуўся зноў абудзіць яе, зноў авалодаць ёю. Працяглыя пакуты амаль не пакінулі ўва мне разумовых сілаў. Я быў дурнем, быў ідыётам.
Ківач хістаўся пад простым вуглом да майго цела. Я бачыў, што серп наканечніка мусіў прайсці ля самага майго сэрца. Ён кранецца тканіны балахона, вернецца і зноў паўторыць свае рухі, зноў і зноў. Але нягледзячы на шырачэзны да жудасці размах ківача (каля трыццаці футаў) і моцны свіст яго ляза, якое магло б адным рухам разрэзаць гэтыя жалезныя сцены, тканіна на маіх грудзях будзе працірацца вельмі павольна, некалькі хвілінаў, а потым усё будзе скончана. I на гэтай думцы я спыніўся. Я не наважваўся ўявіць, што будзе далей. Я засяроджана затрымаўся на ёй, быццам бы, перастаўшы думаць, я мог бы спыніць набліжэнне сталі. Я прымушаў сябе ўяўляць гук металічнага сярпа, калі ён закране мае апранахі, і тое асаблівае ўсхваляванасці, што прыносіць пераціранне тканіны адчуванне нервам. Я ўяўляў сабе гэткае глупства, аж пакуль зубы не заскрыгаталі.
Ніжэй, ніжэй ён апускаўся. Я атрымліваў вар'яцкае задавальненне, супастаўляючы яго вертыкальны рух уніз і хуткасць руху па гарызанталі. Направа — налева, далей, шырэй, з пранізлівым енкам праклятага духу, проста да майго сэрца таемным поступам тыгра! Я і смяяўся, і выў, калі то адна, то другая з гэтых ідэяў атрымлівала нада мною ўладу.
Читать дальше