Ніжэй — няўмольна, няспынна — ніжэй! Ён здрыгаўся за тры дзюймы ад маіх грудзей! Шалёна і люта я спрабаваў вызваліць левую руку. Яна была вольнай толькі ад локця да далоні. З вялікай цяжкасцю я мог дацягнуцца да талеркі побач са мной, а потым да рота, але ніяк не далей. Калі б мне ўдалося разарваць путы, што трымалі локаць і плечы, я б вызваліўся і паспрабаваў затрымаць ківач. Аднак з такім жа поспехам я б мог наважыцца спыніць лавіну!
Ніжэй — няўхільна, непазбежна ніжэй! Я ўздыхаў і намагаўся вызваліцца пры кожным яго хістанні. Я сутаргава адхінаўся пры кожным яго ўзмаху. З заўзятасцю бязглуздай роспачы сачыў я вачыма за яго рухамі то да мяне, то ад мяне. I рыўком завяршаўся іх цыкл унізе. Толькі смерць была б збавеннем, якім жа невымоўна жаданым збавеннем! I ўсё ж мяне трэсла ад думкі, як лёгка, заглыбіўшыся, гэтая прылада ўвап'ецца сваім вострым бліскучым лязом мне ў грудзіну. I менавіта надзея прымушала мяне скаланацца ад гэтай думкі і ўхіляцца целам. Гэта была надзея — надзея, што трыюмфуе ў катавальнях, што шэпча нават асуджанаму на смерць у цёмных склепах Інквізіцыі.
Я заўважыў, што ўсяго праз нейкіх дзесяць ці дванаццаць хістанняў сталёвае лязо наблізіцца да майго балахона, і тады маю душу нечакана апанаваў глыбокі, стрыманы спакой безнадзейнасці. Упершыню за некалькі гадзінаў — ці, хутчэй, дзён — я задумаўся. Нечакана я зразумеў: путы, ці папругі, што трымалі мяне, не былі аднароднымі. Я быў абвязаны не адной суцэльнай вяроўкай. Першы ж удар металічнага сярпа наўскос любога ўчастка папругі пашкодзіць яе настолькі, што я здолею развязаць яе левай рукою. Але ж якой жахлівай робіцца блізкасць вострай сталі! I ці ж не можа скончыцца смерцю гэты мой маленькі супраціў! Да таго ж прыслужнікі катаў маглі прадбачыць і паклапаціцца пра гэта загадзя. Якая верагоднасць, што путы на маіх грудзях апынуцца проста на шляху сталёвага ляза ківача? Ад страху страціць прытомнасць, калі, як мне падалося, апошняй надзеі ўжо няма, я падняў галаву, каб добра разгледзець грудзі. Папруга апярэзвала мае рукі, ногі і тулава вельмі шчыльна, а таму натуральным чынам была на шляху смяротнага ляза.
Не паспеў я апусціць галаву ва ўжо звычнае для яе становішча, як раптам напаўусвядомленая, па-іншаму не ведаю як яе назваць, ідэя вызвалення азарыла мяне. Ідэя, якая ўжо з'яўлялася раней, але адно няўрымслівыя абрыўкі яе мяне закранулі, калі я падносіў ежу да сваіх сухіх, апаленых вуснаў. Цяпер жа думка аформілася цалкам — такая кволая, ледзь ясная, ледзь выразная, але ўсё ж цэльная. I адразу ж, у нервовым прыступе адчаю, я наважыўся яе ажыццявіць.
Цягам доўгіх гадзінаў прастора вакол таго нізкага каркаса, на якім я ляжаў, літаральна кішэла пацукамі. Дзікія, дзёрзкія і прагныя, іх чырвоныя вочы зыркалі на мяне, нібы чакалі, пакуль знерухомею назаўжды і яны здолеюць нарэшце пажывіцца. «Чым жа, — задаваўся я пытаннем, — яны харчаваліся ў калодзежы?»
Якія б перашкоды я ім ні чыніў, яны ўсё роўна зжыралі ежу з маёй талеркі амаль цалкам, пакідаючы мне адно рэшткі. Увесь гэты час я разгойдваўся на сваім каркасе то ўверх, то ўніз ці памахваў рукой над талеркай, але ўрэшце безуважная аднастайнасць маіх рухаў звяла эфект да мінімуму — ненажэрныя паразіты пачалі часцяком упівацца сваімі вострымі зубамі мне ў пальцы. Рэшткамі тлустай і добра здобленай спецыямі ежы, што засталася ў талерцы, я грунтоўна абмазаў усе папругі, да якіх толькі змог дацягнуцца, а потым, падняўшы руку з зямлі, замёр нерухома.
Спачатку прагныя жывёлы са здзіўленнем і жахам успрынялі перамены, то бок поўную адсутнасць рухаў. Спалоханыя, яны падаліся назад, многія рушылі да калодзежа. Але толькі на імгненне. Недарма я разлічваў на іх пражэрлівасць. Бачачы, што я ляжу абсалютна нерухома, адзін ці два самыя смелыя з іх ускочылі на каркас і пачалі нюхаць папругу. Гэта стала сігналам да дзеяння для астатніх. Цэлым войскам яны кінуліся з калодзежа. Чапляючыся за драўляны каркас, яны пераскоквалі праз яго і сотнямі асядалі на маім целе. Вывераны рух ківача ім зусім не замінаў. Унікаючы яго хістанняў, яны ўсаджвалі зубы ў пахкую ад спецый папругу. Я трымаў на сабе іх цяжар, а яны кішэлі на мне ўсё новымі і новымі хеўрамі. Пацукі спляталіся разам ля самага майго горла, іх халодныя лапы бегалі па мне, і я ледзь не задыхаўся пад цяжарам гэтай жывой шэрай масы. Агіда, апісаць якую мне не хопіць словаў, напінала мне грудзі і жудасным холадам напаўняла сэрца. Але я ведаў: яшчэ хвіліна — і палону майму канец. Я выразна адчуў, як аслаблі мае папругі. I прынамсі ў адным месцы пацукі ўжо зрабілі сваю справу. Са звышчалавечай рашучасцю я працягваў ляжаць абсалютна нерухома.
Читать дальше