Сіманід Кеоскі (каля 556-468 да н. э.) — адзін з самых значных старажытнагрэцкіх паэтаў-лірыкаў.
Мары Сале (1707-1756) — французская балерына.
Падзенне ў Мальстрэм
Мальстрэм — вір у Нарвежскім моры ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі.
Дэмакрытаў калодзеж — гл. каментар да апавядання «Лігея».
Джозэф Глэнвіл — гл. каментар да апавядання «Лігея».
Лафатэн, альбо Лафатэнскія выспы — архіпелаг у Нарвежскім моры ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі.
Нубійскі географ — гл. каментар да апавядання «Элеанора».
Mare Tenebrarum — гл. каментар да апавядання «Элеанора».
Трысель — касы чатырохвугольны ветразь, мае форму няправільнай трапецыі. Зарыфлены — прыспушчаны.
Ёнас Рамус (1649-1718) — нарвежскі гісторык. Менавіта яго апісанне Мальстрэма Эдгар По выкарыстаў для свайго апавядання.
Нарвежская міля — 11 295 метраў.
Флегетон — у старажытнагрэцкай міфалогіі вогненная рака, што атачае падземны свет.
Лінейны карабель — клас трохмачтавых драўляных ваенных караблёў. Мелі поўнае водазмяшчэнне (ад 500 да 5500тонаў), ад 30 да 150 гарматаў і экіпаж колькасцю ад 300 да 800 чалавек. Будаваліся з XVII стагоддзя да пачатку 1800-х гадоў для вядзення марскіх баёў.
Атанасіюс Кірхер (1602-1680) — нямецкі езуіт, навуковец, адзін з самых вучоных людзей свайго часу.
Батнічны заліў — заліў у паўночнай частцы Балтыйскага мора.
Планшыр — гарызантальны драўляны ці стальны брус па абводзе корпуса карабля для надання трываласці, а таксама для замацавання такелажу.
Рым — металічнае колца на судне для замацавання снасцяў.
Залаты жук
Артур Мэрфі (1727-1805) — ірландскі пісьменнік, журналіст, актор і драматург; паводле А. Нікалюкіна, прыведзеныя ў эпіграфе словы адсутнічаюць у камедыі «Усе памыляюцца» (1761) — мяркуецца, што яны запісаныя Эдгарам По па памяці на аснове ўбачанага ім спектакля. Паводле легендаў уратаваць ад смерці пасля ўкусу тарантула мог толькі адмысловы танец — тарантэла.
Форт Моўуітры — у гэтым форце Эдгар По правёў больш за год падчас свае службы ў войску ЗША.
Ян Свамердам (1637-1680) — нідэрландскі натураліст, які вывучаў анатомію чалавека і жывёлаў асабліва насякомых.
Цафра — блакітны пігмент, што выкарыстоўваецца для малявання на шкле ці парцаляне.
Ўільям Кід (каля 1650-1701) — ангельскі пірат, якога судзілі за злачынствы і павесілі, аднак вакол імені якога доўга не сціхалі спрэчкі, напраўду ён быў піратам ці ўсё ж меў каперскі патэнт і не нападаў на саюзнікаў. Падчас арышту пры ім не было амаль ніякіх грошай, што і нарадзіла легенду пра «скарб капітана Кіда».
Галконда — старажытная індыйская крэпасць непадалёк ад Хайдэбарада, у ваколіцах якой здабывалі дыяменты.
Гішпанскі мацярык — так называлі тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі і прылеглыя моры, якія былі захопленыя гішпанцамі.
Забойствы на вуліцы Морг
Томас Браўн (1605-1682) — ангельскі доктар і пісьменнік. Эпіграф узяты з трактата «Пахаванне ў урнах» (1658), частка V, прысвечанага старажытным норфалкскім магільным урнам.
Эдман Хойл (1672-1762) — ангелец, аўтар шматлікіх кніг, прысвечаных гульням.
Фрэнолаг — гл. каментар да апавядання «Д'ябал пярэчання».
Сэн-Жэрменскае прадмесце — арыстакратычны раён Парыжу на паўднёвым беразе Сены.
Пале-Раяль — палац з садам у Парыжы, пабудаваны ў 1629-1634 гадах для кардынала Рышэльё.
Тэатр «Вар'етэ» — парыжскі тэатр вадэвіля, заснаваны ў 1807 годзе.
Праспер Жаліё Крэбіён (1674-1762), французскі драматург, аўтар п'есы «Ксеркс» (1714), знакамітай гучным правалам.
Томас Лоў Нікалс (1815-1901) — амерыканскі доктар і грамадскі дзеяч.
Альфонс дэ Ламарцін (1790-1869) — французскі паэт-рамантык, гісторык і палітычны дзеяч. Гл. таксама каментар да эсэ «Паэтычны прынцып».
«Страціла былое гучанне першая літара» — цытата ўзятая з паэмы Авідыя «Фасты».
Журдэн — герой камедыі Мальера (1622-1673) «Мешчанін у дваранстве».
Франсуа Эжэн Відок (1775-1857) — французскі злачынца, які пасля зрабіўся прыватным дэтэктывам.
Праўда — не заўсёды на дне глыбокага калодзежа — выслоўе пра тое, што праўда знаходзіцца на дне калодзежа, прыпісваецца Дэмакрыту.
Жорж Кюўе (1769-1832) — французскі натураліст, які займаўся класіфікацыяй жывёльнага свету.
Неўшатэль — горад на поўначы Францыі.
Лаверна — старажытнарымская багіня прыбытку, апякунка злодзеяў.
Читать дальше