Я абярнуўся. У дрожках, што паволі набліжаліся да нас па вуліцы, сядзела чароўная здань оперы ў кампаніі маладой дамы, якая тады была з ёй у ложы.
— Яе спадарожніца таксама выглядае даволі няблага, — сказаў той з тройцы, хто пачынаў першым.
— Неверагодна — ніяк не завяне: мастацтва здзяйсняе цуды. Клянуся, яна выглядае лепей, чым пяць гадоў таму ў Парыжы. Усё яшчэ прыгажуня, га, Фруасар, я хацеў сказаць, Сімпсан?
— Усё яшчэ? — быў мой адказ. — А чаму не? Але ў параўнанні са сваёй сяброўкай яна як свечка поруч з Мілавіцай, святляк поруч з Антарэсам*.
— Га-га-га, Сімпсан, у вас дзівосны дар рабіць адкрыцці — і вельмі арыгінальныя, я вам скажу.
Мы развіталіся, і адзін з тройцы пачаў напяваць вясёлы вадэвільчык, з якога я ўлавіў адно радкі:
Ninon, Ninon, Ninon à bas —
A bas Ninon De L'Еnclos! [ 73 73 Нінон, Нінон, далоў Нінон, Далоў Нінон Ланкло* (фр.).
]
Падчас гэтай сцэнкі, аднак, здарылася рэч, якая суцешыла мяне, хоць і падагрэла маю ўсёабдымную жарсць. Калі дрожкі мадам Лаланд міналі нашу кампанію, я заўважыў, што яна мяне пазнала і, больш за тое, недвухсэнсоўна дала гэта зразумець, надзяліўшы самай анёльскай з усіх магчымых усмешак.
Што да нашага афіцыйнага знаёмства, я мусіў пакінуць усялякія спадзевы на гэта да моманту, калі Толбату заманецца вярнуцца з правінцыі. Цягнучы час, я спраўна наведваў усе папулярныя месцы свецкіх збораў і ў выніку, у тэатры, дзе я пабачыў яе ўпершыню, я меў шчасце пабачыць яе зноў, яшчэ аднаго разу абмяняўшыся з ёй позіркамі. Здарылася гэта, аднак, праз два тыдні. Усе два тыдні я штодня заходзіў да Толбата ў гатэль і штодня заходзіўся ў прыступе нямой ярасці ад вечнага «яшчэ нямашака» з вуснаў яго лёкая.
Вось жа, у вечар, пра які будзе гаворка, я быў у стане, блізкім да шаленства. Мадам Лаланд, якая, як мне сказалі, была парыжанкай — нядаўна з Парыжу, — магла туды нечакана вярнуцца — да прыезду Толбата, — і тады я страціў бы яе назаўсёды. Думаць пра гэта было невыносна. Вялося пра маё будучае шчасце, і я пастанавіў дзейнічаць як сапраўдны мужчына. Таму пасля заканчэння п'есы я пайшоў за дамай да яе дому, запомніў адрас і наступнага ранку даслаў ёй падрабязны ліст, у якім разнасцежыў сваю душу.
Я пісаў напорыста, вольна — пісаў жарсна. Я не хаваў нічога — нават сваіх слабасцяў. Я спасылаўся на рамантычныя абставіны нашай першай сустрэчы — у тым ліку на позіркі, якімі мы абмяняліся. Я дайшоў да таго, што выказаў упэўненасць ва ўзаемнасці нашых пачуццяў; гэтая ўпэўненасць, а таксама моц маёй прыхільнасці, паводле маіх словаў, апраўдвалі мае недаравальныя ў іншых абставінах паводзіны. Па-трэцяе, я казаў пра свой страх, што яна пакіне горад да таго, як я атрымаю магчымасць быць ёй прадстаўленым. Я скончыў гэтае самае палкае пасланне з тых, што калі-кольвек выходзілі з-пад пяра пісьменных, шчырым аповедам пра свае грашовыя справы — сваю заможнасць — і прапанаваў ёй руку і сэрца.
Я чакаў адказу ў агоніі прадчуванняў. I праз пэўны час, які падаўся мне стагоддзем, адказ прыйшоў.
Так, ён сапраўды прыйшоў. Як ні рамантычна ўсё гэта гучыць, я сапраўды атрымаў ліст ад мадам Лаланд — прыгожай, багатай небажыхаркі мадам Лаланд. Яе вочы — яе боскія вочы — казалі праўду ад усяго яе высакароднага сэрца. Як сапраўдная францужанка, якой яна і была, яна падпарадкавалася шчырым памкненням розуму — высакародным імпульсам сваёй натуры, якія змаглі пурытанскія ўмоўнасці свету. Яна не адрынула маёй прапановы, яна не вярнула майго ліста неадкрытым. Яна нават накрэсліла мне адказ, трымаючы пяро сваімі харошанькімі пальчыкамі. Вось ён:
Мсьё Сімпсон даруе мяне я не пішу belle мова яго краіна вельмі bien. Я прыехаю не так рано і яшче не меў час bien мова вучыў.
Мсьё Сімпсон прабачайся манёры, я кажу о! Ён bien адгадай усё вельмі праўда. Што тут кажу яшче? О? Я не буду кажу болей.
Eugenie Lalande
Эжэні! Я цалаваў гэтую шляхотную нататку мільёны разоў і, думаю, здзейсніў з ёй безліч іншых дзівацкіх рытуалаў, якіх цяпер ужо не прыгадаю. А Толбат усё не вяртаўся. О, каб жа ён хоць крыху здагадваўся, як ён катуе сябра сваёй адсутнасцю, ці не кінуўся б ён, добрая душа, аблегчыць мае пакуты? I паколькі ён усё не ехаў, я напісаў яму. Ён адказаў. Яго затрымлівалі неадкладныя справы — але неўзабаве ён мусіў быць. Ён прасіў мяне быць цярплівым: стрымліваць памкненні, чытаць кнігі супакаяльнага зместу, не піць нічога мацнейшага за рэйнскае віно і шукаць паратунку ў філасофіі. Ідыёт! Калі ён не мог прыехаць сам, чаму, у імя найвышэйшага розуму, чаму ён не далучыў да свайго адказу рэкамендацыйны ліст? Я напісаў яму зноў, молячы аб такім лісце. Мой ліст вярнуў той самы лёкай з наступнай зробленай алоўкам прыпіскай. Падонак выпраўляўся ў правінцыю да свайго гаспадара:
Читать дальше