Гэткія нечуваныя паводзіны, пасяліўшы ўва мне ліхаманку захаплення, наўсуцэль ап'яніўшы мяне каханнем, хутчэй падбадзёрылі, чым збянтэжылі мяне. У мілосным шале я забыўся на ўсё, апроч велічнай красуні, якая апанавала мой зрок. Прычакаўшы момант, калі заля, здавалася, была занятая адно операй, я нарэшце злавіў позірк мадам Лаланд і зрабіў хуткі, лёгкі, але выразны паклон.
Яна расчырванелася — потым адвяла вочы — потым паволі і асцярожна азірнулася, відаць, правяраючы, ці мой дзёрзкі жэст быў кім-кольвек заўважаны, — потым нахілілася да джэнтльмена, які сядзеў поруч з ёй.
Цяпер я адчуваў усю скандальную недарэчнасць свайго ўчынку і быў перакананы, што наступствы не змусяць сябе чакаць; карціны заўтрашняй дуэлі прамільгнулі ў маёй галаве. I які ж вялікі камень зваліўся з майго сэрца, калі я пабачыў, што яна проста моўчкі перадае суседу праграмку; і няхай шаноўны чытач хоць крышачку ўявіць, якім быў мой шок — маё бязмежнае здзіўленне, — які вэрхал ап'янення ўсчаўся ў сэрцы й душы, калі праз імгненне, зноў неўпрыкмет азірнуўшыся, яна паглядзела сваімі бліскучымі вачыма проста ў мае і з лёгкай усмешкай, што прыадкрывала яе бялюткія жамчужныя зубы, двойчы выразна і недвухсэнсоўна прыязным чынам схіліла галаву.
Не мае сэнсу апісваць тут маю радасць, маё ўзрушэнне, бязмежны экстаз майго сэрца. Калі можна звар'яцець ад шчасця, то гэта быў акурат такі момант. Я кахаў. Кахаў упершыню — так мне тады здавалася. Гэта было найвышэйшае, абсалютнае каханне. «Каханне з першага позірку» — і гэты першы позірк быў ацэнены і вернуты.
Так, вернуты. Як я мог сумнявацца ў гэтым хаця б хвіліну? Як яшчэ можна было патлумачыць паводзіны гэткай прыгожай, багатай і, несумненна, культурнай, бездакорна выхаванай дамы з гэткім статусам у свеце і гэтак паважанай усімі, якой, безумоўна, была мадам Лаланд? О так, яна кахала мяне — яна адказала на маё палкае каханне гэткай жа бяспамятнай, няспыннай, бурлівай палкасцю — гэткай жа бурлівай, як мая ўласная! Мае прыўкрасныя фантазіі і летуценні былі, аднак, перапыненыя падзеннем заслоны. Заля ўстала, тут жа ўсчаўся звычайны ў такіх выпадках гармідар. Спехам развітаўшыся з Толбатам, я з усіх сілаў паспрабаваў як мага шчыльней наблізіцца да мадам Лаланд. Паколькі натоўп не дазволіў мне здзейсніць гэтага намеру, я спыніў пераслед і выправіўся дадому; свой адчай з той нагоды, што мне не ўдалося крануцца і акрайчыка яе сукні, я ўтаймоўваў думкай, што наступнага дня Толбат прадставіць мяне ёй належным чынам.
I ён надышоў, гэты дзень; дню, трэба сказаць, папярэднічала доўгая бяссонная ноч нецярплівасці; але вось развіднела — і пацягнуліся бясконцыя, незлічоныя гадзіны «да першай дня». Але нават Стамбулу, як гаворыцца, аднойчы будзе крэс, быў крэс і гэтаму пакутліваму чаканню. Прабіла гадзіну. Ледзь аціхла рэха ўдару, як я ўвайшоў у гатэль Б. і папрасіў паклікаць сябра.
— Нямашака, — адказаў служка — лёкай Толбата.
— Ня-ма-ша-ка? — перапытаў я, адступіўшы на колькі крокаў. — Мушу сказаць вам, шаноўны, што гэта абсалютна немагчыма і недапушчальна. Містэра Толбата не можа не быць. Што вы маеце на ўвазе?
— Толькі тое, сэр, што містэра Толбата няма ў апартаментах, вось і ўсё. Ён выехаў у С. адразу пасля сняданку і прасіў перадаць, што не вернецца ў горад раней чым праз тыдзень.
Я скамянеў ад жаху і раз'юшанасці. Я намагаўся гаварыць, але мой язык адмаўляўся слухацца. Нарэшце я выйшаў вонкі, збялелы ад гневу, у думках пасылаючы ўсё Толбатава племя ў найжарчэйшыя мясціны Апраметнай. Было відавочна, што мой абавязальны таварыш, гэты оперны маніяк, выкінуў з галавы нашую сустрэчу, не паспелі мы прызначыць яе. Зрэшты, ён ніколі не быў чалавекам, які надта трымаецца свайго слова. Але не было рады, утаймоўваючы, як мог, сваё злаванне, я панура сунуўся па вуліцы, завязваючы марныя размовы з кожным стрэчным, спрабуючы выпытаць нешта пра мадам Лаланд. Як я выявіў, ведалі яе ўсе, многія толькі з выгляду — яна гасцявала ў горадзе адно пару тыдняў, і ўсяго некалькі асобаў маглі пахваліцца асабістым знаёмствам з ёю. Гэтыя людзі, аднак, лічылі сваё знаёмства павярхоўным і не маглі — або не хацелі — узяць на сябе місію прадставіць мяне ёй падчас фармальнага ранішняга візіту. Пакуль я, поўны адчаю, гутарыў пра адзіны аб'ект маіх думак з трыма сябрамі, здарылася так, што аб'ект гэты мінаў нашую кампанію.
— У імя ўсяго святога, вось і яна! — ускрыкнуў першы сябар.
— Рэдкая красуня! — заявіў другі.
— Анёл на зямлі! — заключыў трэці.
Читать дальше