— Што да апошняга, — сказала мадам Лаланд, смеючыся, — вы дарма зрабілі такое прызнанне, бо без яго ніводная душа, клянуся, не западозрыла б вас. Дарэчы, — працягнула яна, — ці памятаеце вы, — і тут яна пачырванела так, што нават змрок пакоя не змог схаваць полымя яе шчок, — ці памятаеце вы, mon cher ami [ 76 76 Мой мілы (фр.).
], пра аптычную прыладу, якая вісіць вось тут, на маёй шыі?
Гаворачы, яна круціла ў пальцах той самы двайны ларнет, які так збянтэжыў мяне ў оперы.
— О, я надта добра яе памятаю! — ускрыкнуў я, жарсна паціскаючы пяшчотную ручку, якая прапаноўвала мне ларнет. Гэта была складаная і раскошная цацка, багата дэкараваная разьбой, філігранню і каштоўнымі камянямі; нават у слабым асвятленні было бачна, наколькі высокай можа быць іх цана.
— Eh bien! mon ami [ 77 77 Вось жа, мой мілы (фр.).
], — працягнула яна з некаторай настойлівасцю, якая мяне нават здзівіла. — Eh bien, mon ami, вы патрабуеце ад мяне дар, які самі называеце бясцэнным. Вы патрабуеце, каб заўтра я стала вашай жонкай. Калі я пайду насустрач вашым угаворам і, дадам, памкненням маёй душы, ці змагу я атрымаць права на маленькую, зусім маленькую паслугу з вашага боку?
— Якую паслугу? — усклікнуў я з імпэтам, які амаль прыцягнуў да нас увагу кампаніі, наяўнасць якой толькі і ўстрымала мяне ад намеру кінуцца да яе ног. — Якую паслугу, мая каханая, мая Эжэні? Якую паслугу? Лічыце, яна ўжо выкананая!
— Вы павінны змагчы, mon ami, — сказала яна, — дзеля Эжэні, якую вы кахаеце, маленькую слабасць, у якой толькі што прызналіся, слабасць хутчэй маральную, чым фізічную, якая, паверце мне, зусім не спалучаецца з высакароднасцю вашай сапраўднай натуры, не пасуе вашай прыроджанай шчырасці і якая, калі не кантраляваць яе, абавязкова ўцягне вас, раней ці пазней, у якую-небудзь вельмі непрыемную сітуацыю. Вы павінны змагчы дзеля мяне прыхамаць, якая, як вы самі гаворыце, прымушае вас хаваць недахоп зроку. Бо вы хаваеце гэты недахоп, адмаўляючыся карыстацца сродкам, які яго прыбірае. Думаю, вы зразумелі: я хачу, каб вы насілі акуляры — ц-с-с-! — вы ўжо паабяцалі насіць іх, дзеля мяне. Вазьміце гэтую штучку з маіх рук, яна паляпшае зрок, у астатнім яе каштоўнасць невялікая. Бачыце, яе лёгка скласці так і так, можна насіць на носе як акуляры або ў кішэні камізэлькі як ларнет. Аднак вы ўжо паабяцалі мне насіць яе ў першай якасці, дзеля мяне.
Такая просьба — ці трэба казаць? — нямала мяне збянтэжыла. Але ўмова, з якой яна была спалучаная, не дапускала ніякіх ваганняў.
— Згода! — закрычаў я з усёй палкасцю, на якую быў здольны ўтой момант. — Згода! Я з радасцю пагаджаюся! Дзеля вас я ахвярую ўсім. Сёння я буду насіць гэты ларнет як ларнет, каля сэрца, але заўтра, як толькі ўзыдзе сонца дня, у які я буду мець шчасце назваць вас сваёй жонкай, я надзену яго на... на нос і буду насіць не здымаючы, у менш рамантычным і модным, але больш зручным выглядзе, які вам даспадобы.
Пасля гэтага мы пачалі абмяркоўваць дэталі нашага заўтрашняга прадпрыемства. Толбат, як я даведаўся ад нарачонай, толькі што вярнуўся ў горад. Я мусіў неадкладна знайсці яго і арандаваць фурманку. Вечарына мела скончыцца не раней за другую ночы; у гэты час фурманка павінная была стаяць каля дзвярэй; тады ў развітальнай мітусні мадам Лаланд зможа незаўважна ў яе сесці. Мы тут жа заедзем да святара, што ўжо будзе чакаць нас; ажаніўшыся, мы развітаемся з Толбатам і выправімся ў падарожжа на Усход, пакінуўшы свецкім салонам горада каментаваць наш учынак як ім заманецца.
Склаўшы такі план, я неадкладна развітаўся і выправіўся шукаць Толбата, але па дарозе не змог утрымацца ад спакусы зайсці ў першы-лепшы гатэль, каб разгледзець мініяцюру, што і здзейсніў з карыснай дапамогай акуляраў. Выява была казачна прыгожай! Гэтыя вялікія зіхоткія вочы! Гэты горды грэцкі нос! Гэтыя цёмныя раскошныя валасы! «Ах! — сказаў я сабе, — які дакладны візэрунак маёй каханай!» Я перавярнуў партрэт і знайшоў надпіс: «Эжэні Лаланд у веку дваццаці сямі гадоў і сямі месяцаў».
Я знайшоў Толбата дома і тут жа апавёў яму пра сваё шчасце. Ён, зразумела, быў агаломшаны, але як найпрыязней павіншаваў мяне і прапанаваў любую дапамогу, якая ў яго сілах. Карацей, мы ажыццявілі наш план: а другой ночы, праз дзесяць хвілінаў пасля вянчання, я сядзеў у закрытай фурманцы поруч з мадам Лаланд — я хацеў сказаць, місіс Сімпсан, і коні неслі нас з горада на паўночны захад.
Толбат вызначыў, што ехаць нам трэба ўсю ноч, і таму першы прыпынак варта зрабіць у К., вёсцы за дваццаць міляў ад горада, дзе мы зможам паснедаць і адпачыць перад тым як працягваць вандроўку. Такім чынам, роўна а чацвертай ранку фурманка падляцела да дзвярэй галоўнай карчмы. Я падаў руку маёй ненагляднай жонцы і тут жа замовіў сняданак. Пакуль ён гатаваўся, нас правялі ў маленькую гасцёўню, і мы селі.
Читать дальше