Вэрхал усчыніцца каля шасці. Будзе мітусня, крыкі. Да нас пачнуць заскокваць паліцыянты, я буду красамоўна паціскаць плячамі, у рэшце рэшт, усё быццам бы супакоіцца. А восьмай гадзіне я пачую грукат у дзверы — чужы, нядобры грукат: сваякі Феліпы звычайна не грукочуць, а гучна крычаць. Няўжо CDR-аўцаў д’ябал прынёс? Хуценька схаваю падрыхтаваныя валізкі за шырму ( “Ты спекулююеш,— заўважыла тыдзень таму Феліпа: каб купіць білеты на самалёт сабе і Карыне, мне давялося, са згоды Рэйнальда, прадаць сёе-тое з рэчаў, якія мы прывезлі з сабой, — я абавязана заявіць пра гэта ў CDR” .). Але госць, прыгажун з аперэтачнымі вусікамі нітачкай, акажацца прадстаўніком зусім іншай установы. Ён разгорне перада мной “ксіву” : Seguridad Estatal. [ 83 83 Seguridad Estatal (ісп.) — Дзяржаўная Бяспека.
] Маці Божая, толькі гэтага мне яшчэ не хапала! “Я б хацеў пагутарыць з сеньёрай сам-насам.” Цягнік — праз паўтары гадзіны. Да вакзала — каля паўгадзіны. Візу афармляла гасцявую, на тры месяцы, ніхто, нават муж, не ведае, што маю намер застацца дома. Пэўна, мясцовыя могуць мяне затрымаць. Але службовец наўрад ці мае інфармацыю пра мой хуткі ад’езд, зранку не было часу пацікавіцца. Толькі не паказваць выгляду, што спяшаюся. Ну што ж, сеньёр, давайце пагутарым. Папярэджваю: я дрэнна ведаць мова, ну вось проста зусім дрэнна. Што вы казаць? Быў час падвучыцца? У школе моў? Ах, вы і пра гэта ведаць. Але, бачыце, я быць дрэнны слухачка. Шмат прапускаць. Зламаць нагу, два месяцы ў гіпсе. Да таго ж, мець вельмі дрэнная здольнасць да моў. Зусім дрэнная. Я нават родны мова часам забываць, кампаньера, так-так, у краіне, дзе я нарадзілася, гэта, так бы мовіць, нацыянальная рыса. Як вы сказалі? (Толькі не глядзець на гадзіннік!) Сёння ўночы нічога не бачыць, не чуць. Сін дуда устэд тіене разон: [ 84 84 Сін дуда устед тіене разон (ісп. — Sin duda usted tiene razon) — Бясспрэчна, вы маеце рацыю.
] контрэвалюцыйныя элементы не спяць. Але я, у адрозненне ад іх, эстой дурміенда. [ 85 85 Эстой дурміенда. (ісп. — estoy durmiendа) — я спала.
] Мае — што? Кан-так-тас? А, гэта ў сэнсе — з кім я тут маю зносіны? З кубінцамі: муж, свякроўка. Мой муж? О, ён аддадзены рэвалюцыі больш, чым жонцы! Гэта дакладна. Што? Кантакты сярод — каго? Вой, мусьё, я не разумею, сэр, пра што гэта вы. Руса? Савеціка? З кім я мець зносіны сярод савецкіх? Асабіста ні з кім. Надзіе. [ 86 86 Надзіе (ісп. — nadie) — ніхто.
] (Божачкі, колькі ж гэта часу?) Шчыльны амістад [ 87 87 Aмістад (ісп. — amistad) — сяброўства.
] ні з кім не маю. Я наогул не быць аматарка кантактас. Абсалютны інтраверт. Што значыць — інтраверт? Ах, далібог, вам гэта мала цікава. Не, гэта не сексуальная меншасць, супакойцеся. Што-што? Паўтарыце, калі ласка, містэр. Цяпер — па складах. Ах, не, не разумею. І мне таксама шкада. (Без дваццаці дзевяць!) Што вы кажаце? Іншым разам запросіце перакладчыка? О, сі, сі, муй бьен. Мучас грасіас. Аста луэга. Аста ла віста, кампаньера, [ 88 88 О, сі, сі, муй бьен. Мучас грасіас. Аста луэга. Аста ла віста, кампаньера. (ісп. — O,si,si, muy bien. Muchas graсias. Hasta luego. Hasta la vista, compañero.) — О, так, так, вельмі добра. Вялікі дзякуй. Да пабачэння. Да сустрэчы, таварыш.
] — вось толькі я мяркую, што “ла віста” ўжо не будзе, хіба толькі ў прыёмнай у д’ябла. Таксі! Таксі! Сюды! Карына, дачушка, хутчэй! Бяжы адсюль, дружа, бяжы…
Эпілог
Нікога з родненькіх маіх дзяўчатак-беларусак няма на сённяшняй Кубе, дзе “як грыбы растуць чатырох- і пяцізоркавыя гатэлі, — цытую рэкламны праспект, — пабудаваныя фірмамі з сусветным імем — іспанскімі Horizontes і Guitart, нямецкай LTI.” Ну, рэклама яна і ёсць рэклама, тут дарэчы будзе прыгадаць адзін анекдот: нейкі жыхар рая папрасіўся ў турыстычнае падарожжа ў пекла. Прыехаў, а навокал — спяваюць, танцуюць, жанчыны вабныя. Спадабалася. Вяртаецца, значыць, ён да Бога і просіць: адпусці мяне, маўляў, у пекла на ПМЖ. Вельмі весела там! Не паспеў прыехаць, як чэрці яго падпахі і — на патэльню. Мужык той да Бога лямантаваць: як так, я ж зусім іншае бачыў! А Гасподзь яму ў адказ: турыстычнае пажарожжа, даражэнькі, гэта адна справа, а эміграцыя — зусім іншая. Цалкам магчыма, што сёння на Кубе сапраўды “незвычайны рай для турыстаў” (гэта зноў з той жа рэкламы), але вось жыццё Феліпы і Рэйнальда мала змянілася, гэта я дакладна ведаю. І ў тых гатэлях не яны адпачываюць. Так што, пэўна, не памылілася Лідка, з’ехаўшы-такі, як і збіралася, на Канары, ды і мужа, палымянага камуніста Арманда, ўмудрылася разам з сабой выцягнуць; а за ёй, за ёй паляцелі прэч з таго “выраю” і іншыя ластаўкі. Віцеблянка Таня цяпер у Маямі: муж яе паспяхова дасягнуў паўночнаамерыканскага кантынента і забраў яе з двума дзецьмі (трэцяе, немаўля, памёрла) у тамтэйшую кубінскую дыяспару. Ірына і Вольга, прадаўшы ўсё, што мелі, разам з дарослымі дзецьмі купілі білеты на самалёт да Масквы і выйшлі ў Ірландыі, у аэрапорце Шаннон падчас перасадкі: кубінскіх бежанцаў прымалі, здаецца, у многіх краінах, прынамсі, так пісала Лідка. Як склаўся іх лёс, мне невядома. Нічога не ведаю і пра Андрыю Ніевес, мяркую, і яна не адпачывае ў тых пяцізоркавых, хіба што знайшла сабе багатага паўночнаамерыканскага спонсара, у чым я асабіста сумняваюся. Але чаго на свеце не бывае…
Читать дальше