— Tenemos a Fidel! Amamos a Fidel! [ 77 77 Tenemos a Fidel! Amamos a Fidel! (ісп.) — Маем Фідэля! Любім Фідэля!
]
Хлапкі стрэлаў. Барабанны пошчак. Шчоўканне затвораў. Ляскат металічных талерак.
— Fidel! Puedes contar con nosotros! Cuba represente hoy un ejemplo
del socialismo! [ 78 78 Fidel! Puedes contar con nosotros! Cuba represente hoy un ejemplo del socialismo! (ісп.) — Фідэль! Ты можаш пагутарыць з намі! Куба ўяўляе сёння ўзор сацыялізму!
]
Хто, як кажуць, сумняваўся. А што гэта там, на будынку школы? Побач з класікай — “SOСIALISMO O MUERTE!” — вісіць новая “нятленка” : “PREFERIMOS DEJARNOS DE VIVIR ANTES QUE SE FALLE FIDEL!” [ 79 79 PREFERIMOS DEJARNOS DE VIVIR ANTES QUE SE FALLE FIDEL! (ісп.) — АДДАЕМ ПЕРАВАГУ ПАЙСЦІ З ЖЫЦЦЯ ПЕРШ, ЧЫМ ПАДЗЕ ФІДЭЛЬ!
] Ну, Феліпа, як казаў рускі казачны стары, — чай теперь твоя душенька довольна?
00.10. Няхай мяне правільна зразумеюць тыя кампаньерас, якія знойдуць на стале мой дзённічак, разгорнуты на гэтай вось старонцы, калі раптам праз некалькі хвілін паветраная трывога прымусіць нас сесці ў іхні грузавік і з’ехаць д’ябал ведае куды. Абавязкова перакладзі ім, Рэйнальда. Шаноўныя, звяртаю вашую ўвагу на тое, што я асабіста нічога не маю супраць Камандантэ, як не маю нічога супраць, да прыкладу, Людовіка ХIV. Больш таго, калі карыстацца мовай газет, я мушу прызнаць, што Фідэль Кастра, безумоўна, адна з выбітнейшых фігур дваццатага стагоддзя, жывая легенда, надзвычайная харызма і г.д. За адно тое, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў яму ўдаецца трымаць паўгалодны народ з досыць выбухованебяспечным тэмпераментам у абсалютным паслушэнстве на адной толькі голай ідэі свабоды гэтага паўгалоднага народа ад другога, багатага і сытага, — за адно толькі гэта перад ім можна зняць капялюш. Але, шаноўныя кампаньерас, зразумейце мяне: я прыехала з краіны, досыць красамоўная гісторыя якой прымушае адносіцца з падазронасцю да кожнага, хто следам за французскім манархам паўтарае: “Дзяржава — гэта я” . Сеньёры! Я прыехала з краіны, дзе чалавека дастаткова доўга пазбаўлялі права на прыняцце рашэння аб тым, як яму пражыць ягонае ўласнае жыццё; дзе ўмела падагрэтае на вогнішчы ілюзорных жаданняў-фантазій калектыўнае ўзбуджэнне часцяком пераходзіла ў калектыўнае вар’яцтва. І калі інтарэсы дзяржавы ўзводзяцца ў ранг веры, а партыйны правадыр ператвараецца ў паўбога; калі жудасных памераў маршы набываюць сэнс хрэсных хадоў, якімі адпужваюць уяўных дэманаў; калі існуе толькі адна ісціна, а кожны, хто думае інакш, ператвараецца ў ерэтыка, — то непазбежна наступае момант, паважаныя таварышы, калі на самога паўбога — а таксама на ягоных жрацоў, што куды больш небяспечна, — перастаюць распаўсюджвацца паняцці дабра і зла.
Norteamericanos не стануць нападаць на вас, сеньёры. Ні сёння, ні заўтра, ні праз дзесяць год. Яны не настолькі дурныя, каб уступіць у бойку з арміяй фанатыкаў, гатовых здзейсніць калектыўнае самазабойства. Не, час вашага Камандантэ скончыцца сам, у сілу, так бы мовіць, натуральнага развіцця падзей. І тады… Не забывайце, шаноўныя кампаньерас, што маятнік, які даў занадта вялікую адмашку ў адзін бок, абавязкова качнецца ў супрацьлеглы роўна на столькі ж. Ні на міліметр менш.
7 мая.
“Las tropas se están retirando” [ 80 80 Las tropas se están retirando (ісп.) — Войскі выводзяцца.
]. Вучэнні ў Гуантанама скончаны без аніякіх эксцэсаў. Надыйшоў час і мне выводзіць свае войскі з гэтай нястомленай сонцам краіны. Адказ, які я чакала, — адказ на пытанне “як жыць далей?” — нарэшце, прыйшоў — не ў сне альбо медытацыі, а ў выглядзе вось гэтай газетнай фразы. Мяне быццам апякло: вось яно! Las tropas se están retirando. Не спатрэбілася інтэрпрэтацый ні па Юнгу, ні па Фрэйду. Нейкі старажытны філосаф сцвярджаў, што абставіны, у якіх мы ў дадзены момант знаходзімся, ёсць тое, чаго мы вартыя і чаго самі сабе жадаем. Ці то нешта змянілася ў маіх неўсвядомленых жаданнях, ці то статус мой у Госпада Бога павысіўся, але я раптам адчула, што ні года, ні месяца не ў стане больш заставацца тут.
Está bueno ya. [ 81 81 Está bueno ya (ісп.) — Тут: з мяне досыць.
]
Апошнім маім ранкам у Санцьяга я прачнуся а пятай гадзіне. Вось тады я і ўбачу лозунг. Ён будзе прымацаваны паверх старога плаката на будынку школы:
“ABAJO FIDEL!” [ 82 82 ABAJO FIDEL! (ісп.) — ДАЛОЎ ФІДЭЛЯ!
]
Не, гэтага проста не можа быць. Я заплюшчу вочы, ушчыкну сябе за мочку вуха. Лозунг застанецца вісець на ранейшым месцы. Першы парыў: пабудзіць мужа, свякроўку — вось, глядзіце! не ўся Куба думае так, як вы! — хутка згасне: а што, калі ён яшчэ не паспеў схавацца? Рэйнальда і Феліпа кінуцца ў СDR, паліцыянты пачнуць прачэсваць квартал за кварталам… Не! Я буду маўчаць. Бяжы адсюль, дружа, хутчэй бяжы, а ў мяне сёння багата іншых спраў: у дзевяць трыццаць адыходзіць мой цягнік да Гаваны, а там — аэрапорт Хасе Марці, а там… урэшце, далей лепш не заглядваць; мы з табой, дружа, магчыма, адзіныя ў рэвалюцыйным Сант’яга не ведаем, чым скончыцца каменданцкі час ў нашым жыцці. Да болю ў скронях, да сардэчнай млосці мы няўпэўненыя ў сваім будучым. Бяжы адсюль, хутчэй бяжы…
Читать дальше