О, зразумела, не ўсё так змрочна. І тут, і тут магчымы варыянты: адразу і назаўсёды скамянець, ператварыцца ў бессэнсоўны кавалак плоці, які носіцца па коле фізіялагічных патрэб, як матацыкліст па вертыкальнай сцяне балагана, і гэта лічыць звычайнай доляй чалавека; альбо навучыцца досыць камфортнаму “двайному жыццю” , гэтай свядомай шызафрэніі нашага стагоддзя, бач ты, і тэрмін адпаведны ёсць: восем гадзін у дзень рабіць не тое, што хочаш, гаварыць не тое, што думаеш, а вечарам і па выхадных дазваляць сабе раскошу “быць сабой” , як рабіў тое аўтар згаданага тэрміну, вытанчаны паэт (для сябе) і афіцэр вермахта (для грамады) Готфрыд Бен. Толькі ж ўсё тое не для цябе, і ты гэта добра ведаеш. Ты ніколі не аднімеш у дзіцёнка кавалак хлеба, які зарабіла, гандлюючы сваёй згвалтаванай душой (вось яна, сапраўдная ахвяра!); ніколі не сашлеш яе ў другі раз на невядомы востраў; па вечарах і выхадных ты будзеш прыносіць ёй, як ластаўка ў дзюбе, хлеб іншы: Цветаеву, Багдановіча, Заратустру — ты будзеш спяшацца з гэтым, быццам за табой па пятах гоніцца забойца з нажом. Ты будзеш раздзірацца напалам паміж Божым і жаночым у табе, паміж дарам і абавязкам, як князь, прывязаны янычарамі за ногі да вершалін дрэваў; творца ў табе будзе вымушаны заглушаць вобразы, гатовыя эякуліраваць, і толькі, калі зусім ужо нельга стрываць, калі… так пануры самотнік анануе на сваім ложку, — і ўсё-ткі, і ўсё-ткі кожны твой незапісаны, не падзелены на строфы верш будзе як удар рыдлёўкай па кучы пароды, што абрынулася і заваліла цябе, быццам шахцёра ў забоі, удар чым больш безнадзейны, тым больш адчайна-настойлівы. Бо, выдатна ўсведамляючы сваю асуджанасць на паразу, ты ўсё-ткі не здашся, ты будзеш — насуперак усяму! — процістаяць той сіле, якая метадычна намагаецца прыціснуць цябе да зямлі. Ты ўжо ведаеш пра абсалютную свядомасць і мэтанакіраванасць гэтай сілы, — але аднойчы ты зразумееш, што яна нейкім чынам роўная той сіле, якую ты здольная выставіць на супраціўленне. Імя тваёй сілы — любоў. І яна настолькі вялікая, што можа змяніць напрамак ветру, разбурыць Карфаген і зноў узвесці яго з руін. Гэта любоў дае табе сілы для барацьбы: адплёўваючыся крывёю, ты будзеш паўзці наперад, пакуль пазногці не сатруцца да мяса і не парвуцца жылы. О, ноччу ты можаш выць у сваіх сценах колькі заўгодна — ніхто не пачуе (і ў гэтым — твая адзіная свабода!), а днём, закусіўшы ў кроў губы, ты павалачэшся, цягнучы за сабой сваю клетку, як ваўчанё скрываўленую пастку, і кожны крок будзе перамогай над тваім асабістым каменданцкім часам, над той сілай, мэта якой — ударыць, нібы ў звон, у тваё цела, падвешанае да столі, як яна ўжо зрабіла з многімі да цябе. Уперад руш, ды з круга не сыходзь. Круціся ў дзён бясконцым калаўроце. І не чакай, нябога, што Гасподзь, паспачуваўшы, тэрмін твой скароціць. Бы ваўкалак — ні чалавек, ні воўк — ён вобраз свой хавае, не іначай. Ён ёсць любоў, адначасова — доўг. Рашы-ка гэту дзэнскую задачу. Дык як жа жыць? Любіць. Даўгі плаціць. У турме тваёй амністый не бывае. Той свет, магчыма, трэба заслужыць. Нас толькі ў гэты проста так пускаюць…
Так, ты будзеш рухацца наперад, бо за табой, след у след, ідзе дзяўчынка, якую ты любіш. Яна спяшаецца расці, яна пазычае ў цябе ўжо не пудру, а томікі Юнга, каб зразумець свае ўласныя сны. І, можа, калі-небудзь яна народзіць дзяўчынку — чорнакучаравую, ручкі-ножкі ў “перавязачках” — і ты пакладзеш яе на вялікі махровы ручнік, які захоўваеш у шафе, а потым, потым гэтая дзяўчынка вырасце і, магчыма, здолее зламаць тую праклятую клетку, каб стаць, нарэшце, свабоднай, як ластаўка.
Магчыма.
Дзеля гэтага — adelante! [ 89 89 Adelante! (ісп.) — наперад!
]
Студзень — красавік 2002 года.
ТАПІЦЬ ДЗЯЎЧЫНАК ТУТ ДАЗВОЛЕНА
Труцяць, труцяць — а якая карысць? І — ледзь не наступіла на кучку запэцканых інсектыцыдам напаўжывых членістаногіх: спаўзліся да ўмывальніка, бач ты, а яна прыняла іх за разадраную на драбнюткія шматкі бакавіну пачака ад запалак; трымаючыся за сцены ў брудна-шэрых падцёках, пацягнулася ў свой пакой, сама нібыта недатручаны прусак: зранку ў страўніку бурболіць,бы ў слоіку з заплеснявелым марынадам, а боль які, Госпадзі, проста схваткі, — так, пэўна, пакутуюць жанчыны ў радзільні, ну а ёй, ёй дык адкуль ведаць, як яны пакутуюць? Уляглася на тахту — спружыны нават не ўсхліпнулі — схуднела яна апошнім часам ( “Неўрастэнія, — лаканічна прыпячатаў участковы тэрапеўт, бегла зірнуўшы на яе картку, — ну, так-так, выкладчык педтэхнікума, з ёю ім, эскулапам, заўсёды ўсё “ясна”, вось і гэтаму таксама — накрэмзаў пазногцем на яе голым жываце нейкую сетку, якая праз тры хвіліны зрабілася ярка-чырвонай, і параіў: — Нярвішкі лячыце” ).
Читать дальше