Нервы ў яе сапраўды не ў парадку, тут і да бабкі хадзіць не трэба, толькі вось праца зусім не пры чым. Студэнты яе любяць: “Аэліта Андрэеўна, вы расказваеце пра падзеі 1812 года так, быццам самі бачылі вогнішчы егераў на Батарэях.” А яна і бачыла. Альбо — дырэктар тэхнікума: “Вось вы паўтараеце ўслед за сярэдневяковымі шарлатанамі, што вірусы быццам бы слугі, хм, нябачнага дэмана, але ж Парацэльс ваш, мілачка мая, быў усяго толькі невук, га? — прыгразіць, бывала, тлустым пальцам: — Гісторыя любіць дакладнасць. Прыпадзі, як сказана, і папі... Вось так.” А яна і прыпадала, і піла набгом, у дзяцінстве ёй здавалася, што з той ракі ўсе могуць піць, і крыўдзілася, калі дарослыя смяяліся з яе расказаў пра сем пакрывалаў ( “Марыя Сямёнаўна, вы надзвычай удала выбралі імя дачцэ — Аэліта! З галіны фантастыкі, хі-хі!” ), а потым, калі яна вызначыла ў суседкі цёткі Доры язву страўніка, якую пацвердзіў японскі зонд, ужо не смяяліся, а асцярожна раілі паступаць у медыцынскі: “ Грошы заграбаць будзеш!” Але яна насуперак усім выбрала гістарычны: не хацела яна таго страшнага дару! Вось і Чорны Лама туды ж, соўваў ёй кніжкі па раджа-ёзе: “ З тваімі дадзенымі можна лёгка навучыцца пакідаць цела!” А навошта ёй гэта — пакідаць цела? Ёй і ў сваім целе вельмі нават няблага, — зразумела, не цяпер, калі нутро навыварат мкнецца. І сноў тых, яркіх, нібыта ўсходні базар, і куды больш жывых, чым так званая рэчаіснасць, — і сноў тых яна не хацела: была нават задаволена, калі пасля таблетак, што давала ёй маці, гэтыя незвычайныя сны надоўга пераставалі сніцца. І ў “ашрам” , як прэтэнцыёзна называў свой гурток Чорны Лама (у “свецкім жыцці” — Лёха Вош, ён блазнюком вечна з піянерлагера з-за завашыўленасці вылятаў), — у гурток гэты яна для таго толькі падалася, каб адшукаць у сабе крыніцу таго пакутлівага незвычайнага зроку, і, калі ўдасца, выключыць яго, як выключаюць фары аўтамабіля.
Вось калі ляжаць, падцягнуўшы калені да жывата, дык, здаецца, і не баліць. Хутчэй бы Кудзін прыйшоў. Насценны гадзіннік з надтрэснутым шклом, галінастыя аленевыя рогі расколін аблыталі цыферблат дробнаячэістай сеткай, быццам бы разарванай і спехам звязанай вузламі, і скрозь гэтую нераўнамерную сетку яна, Аля, сама, нібыта рыбіна якая-небудзь, злоўленая будучым, што яшчэ не наступіла ( “Сонейка, а вось і я!” — зноў Кудзін, гэты гора-рыбак, свае словы-кручкі закідваць будзе, вось дурненькі, яна даўно злоўлена адзінотай і страхам, якія мацней за каханне — якое там каханне! — яе да яго прывязалі), — скрозь лоўчую снасць часу яна назірае за рухам стрэлак. Геаметрыя чакання прадстаўлена, па сутнасці, нязменнымі велічынямі: пі-эр-квадрат круга, заселенага стрэлкамі, ды дурной бясконцасцю Аліных хаатычных перамяшчэнняў па пакоі інтэрната: паправіць штору, уткнуць свежы ліст пятрушкі замест ссохлага ў паштэт, пераставіць вазон з лімонным дрэўцам далей ад талеркі Кудзіна.
Ад аднаго выгляду зацягнутай мутнай плеўкай салаты зноў адчула ком у горле, закружылася галава... Хрась! Гэта зламаўся ў яе пальцах колкі ствол лімона, за які ўхапілася, страціўшы раўнавагу. Вось і барвовая кропля набрыняла побач з гарошынай працоўнага настаўніцкага мазаля на сярэднім пальцы правай рукі... Аблізала палец... Лімоннае дрэўца! Яна яго зламала! Цяпер яе Адзіны, яе Нябесны Хлопчык — якія там яшчэ імёны яна яму прыдумвала? — больш сюды не прыйдзе!
Яе пакутліва званітавала ў металічны тазік. Абцерла рот ручніком. Лягла на бок, падцягнуўшы да жывата калені. Палягчэла... Не, нервы тут хутчэй за ўсё ні пры чым. Яна, пэўна, атруцілася парашком для прусакоў, які па ўсёй кухні насыпаны. З іншага боку, дрэнна ёй ужо не першы месяц. Але ж і паскудства тое на калідорах не пераводзіцца, насякомым хоць бы хны, а людзі пакутуюць.
...А ўласна кажучы, на чым заснавана яе ўпэўненасць у тым, што Ён калі-небудзь сюды вернецца? Ды на глупстве ж, смешна сказаць: на лімоннай костачцы! Ён піў чай з лімонам дробнымі меланхалічнымі глыткамі, а яна, упершыню за сем год іх блізкасці свабодная ад страху страціць Яго, самім гэтым страхам і даведзеная да той мяжы адчаю, за якой ўзнікае свабода, і асуджаны на пакаранне сам пачынае маліць ката: хутчэй бы ўжо, раз усё роўна — канец! — яна, упершыню за сем год маўклівага трывання, спяшалася выказаць яму ўсё: што не можа больш чакаць, разгойдваючыся, бы на арэлях, ад надзеі да адчаю, што абяцанні, надакучлівыя Яго абяцанні парваць з сям’ёй, спачатку з першай, потым з другой, — так-так, я і гэта сцярпела! ну ўспомні, колькі разоў ты амаль “сыходзіў” адтуль, ага, і ўвесь час штосьці стрымлівала, а тая актывістачка, з якой ты ездзіў у круіз па Міжземным моры на гаркамаўскія грошы, камсамол тады яшчэ не разваліўся, памятаеш? — я і гэта даравала, таму што кахала цябе, ка-ха-ла! І потым, калі ты на хвалі “дзермакратыі” улез у каманду таго палітыка, Шуевіча, і, атрымаўшы права распараджацца грашыма на яго перадвыбарную кампанію, абрабаваў небараку дачыста, так, дачыста, — шаноўны прафесар дагэтуль здзіўляецца, як табе тое ўдалося, — але мне тыя грошы не патрэбныя, мне толькі ты быў патрэбны! О, яе маналог прымусіў бы зарыдаць ад жалю нават глухога да праяваў “сансары” містыка сваёй гадоўлі Чорнага Ламу, не кажучы ўжо пра чуллівага Кудзіна з яго тварыкам-з-кулачок, як у Бураціна, і жаўтазубай усмешкай ад вуха да вуха, што нагадвае шырынку з маланкай, якая раз’ехалася, — але не Яго, не, не Яго! Ён толькі здзіўлена ўзняў брыво, аднак чай дапіў (любіў чай з лімонам), адвёў убок вочы і, нічога не сказаўшы, зачыніў за сабой дзверы. У яшчэ цёплым Ягоным кубку плавала слізкая дробязь: цэдра, лімонная костачка... Менавіта гэтую костачку яна механічна ўціснула ў рыхлую зямлю кветкавага вазона, быццам бы кропку ставіла ў безнадзейных узаемаадносінах.
Читать дальше