Сорак тысяч год існуе на Зямлі разумная раса, і ўсяго толькі дзве тысячы з іх людзі пакланяюцца міласэрнаму, “духоотворенному” богачалавеку! А астатнія трыццаць восем тысяч год у цэнтры магічнага мастацтва і рэлігіі стаялі жывёлы альбо напаўлюдзі-напаўзвяры, прычым не толькі таямнічы Сфінкс і Гор-Сокал, крылатае сонца, але і крыважэрны кракадзіл Себек, і чорны шакал Анубіс! А скокі Дургі [ 91 91 Дурга — “жахлівая”, жонка Шывы ў яе крыважэрнай іпастасі.
] на чалавечых целах! А каралі з чарапоў на шыі чорнай Калі [ 92 92 Калі — “чорная” багіня, ў індуісцкай тантры ёй прыносіліся крывавыя ахвяры.
]! Чалавека спрадвеку прыцягвала зло: ад гэтага ёй, гісторыку, было нікуды не дзецца. Гартаючы маляўнічыя альбомы па старажытным мастацтве, якія ў вялікай колькасці з’явіліся зараз у крамах, Аля гадзінамі разглядвала жахлівых дэманаў на фрэсках Арканья і на карцінах Босха, страшэнныя выскалы пачвар, — а ім жа пакланяліся, як багам, прыносілі ў ахвяру найпрыгажэйшых дзяўчат! Але ўся “фішка” была ў тым, што асобныя з гэтых антыгон самі жадалі быць прынесенымі ў ахвяру і паміралі ў экстазе! А яна хіба далёка адышла ад іх? Па сутнасці, яе разумная свядомасць была толькі кропкай, вяршыняй піраміды, і толькі гэтая маленькая кропка ў ёй была адчынена ўзвышанаму і духоўнаму, — асновай піраміды былі трыццаць восем тысяч год язычніцтва, і ці варта было здзіўляцца таму, што каханы, якога яна абагаўляла, быў — з папраўкай на дробязнасць эпохі — няхай сабе не міфічным злодзеем, але, несумненна, з пароды каварных ракшазаў [ 93 93 Ракшазы — у вераваннях тыбетцаў: дэманы-пярэваратні, здольныя прымаць любое аблічча.
]? Так званыя “станоўчыя мужчыны” не закраналі Аліна сэрца ані трохі: побач з імі не чулася таго самага “званочка” , які прымушаў усю яе істоту ажно трымцець ад прадчування трагедыі. І чым лепей яна гэта разумела, тым больш бяссільнымі былі яе спробы пранікнуць у цёмнае дно піраміды з дапамогай логікі, — кволы прамень розуму, тонкі, быццам клінапісныя знакі шумераў, бясследна раставаў у змроку. Толькі з дапамогай сноў яна здолела б рассеяць гэты змрок, але якраз сны і палохалі яе, — у адрозненне ад прыцярушанай пылам паўсядзённасці, яны былі перапоўнены такім моцным і пранізлівым святлом, што яна асцерагалася, усведамляючы: канчаткова стаць відушчай там — значыць аслепнуць тут.
Аднойчы яна заснула вось так, апранутая, і раптам апынулася ў нейкім скамечаным і ліпкім, бы цукерачны фанцік, сне, дзе ўвесь іхні гурток — Чорны Лама, Айк, Натэлка, мясцовая паэтка Зінка і яна, Аля, — сядзелі, як звычайна, на падлозе ў аднапакаёвай “хрушчобе” Чорнага Ламы і займаліся медытацыяй, а потым раптоўна, як гэта здараецца ў снах, адбылася змена абстаноўкі: замест сцен у пузырыстых аранжавых шпалерах яна ўбачыла вакол сябе велічэзную каменную пляцоўку: на такіх пляцоўках у Тыбеце забіваюць ахвярных жывёл. Сярод манахаў “чорнай веры” і шаманаў існуе звычай качацца голымі па рэштках трупаў, імітуючы злучку звяроў. І яе неадольна цягне паспытаць гэтага кашчунства — рытуалу, які дазваляе атрымаць дар яснабачання і чараўніцтва. Дарэмна яе юны брат, складальнік гімнаў Вялікай Маці, просіць адмовіцца ад гэтага рашэння, — яна няўмольная! Вось ужо дудзяць у трубу з чалавечых касцей, да яе набліжаюцца жрацы, каб сарваць з яе адзенне і кінуць на акрываўленыя камяні, — бывай, мілы брат! Але ён, бязвусы юнак, амаль хлопчык, ламае сваю сітару [ 94 94 Сітара — струнны музычны інструмент у Тыбеце.
], — што ж, ад гэтага часу і ён будзе пакланяцца лютай Дурзе, толькі б не развітвацца са сваёй любай сястрой у будучых жыццях... Яна глядзіць на сваё цела: яно вымазана крывёю... ўзнімае вочы: замест сонца ў небе вісіць барвовая пульсуючая сфера ў кароткіх нарастах-шчупальцах. Якраз такія ж усеяныя шыпамі панцыры Аля бачыла на палотнах Босха. Дэман выпраменьваў вібрацыі смерці; яна тое выдатна зразумела, калі прачнулася, як апрытомнела, — ад жаху сэрца выскоквала з грудзей. Можа, і на самай справе душа яе пакідала цела? Вось жа і кватэру Чорнага Ламы яна бачыла, быццам бы толькі што была там, і нават акрайчык шпалераў, які адклеіўся, быў на сваім месцы, нібыта распячатаны канверт адтуль.
Першы такі “канверт” Аля атрымала ў чатырнаццаць год — менавіта столькі ёй было, калі маці адцягала яе за валасы, аблаяўшы шлюхай: дачка, бач ты, груба адказала яе сужыцелю, — а Аля не была шлюхай, яна была выдатніцай і членам камсамольскага пражэктара, — ад крыўды дзяўчынка тады збегла з дому і села ў траву пад высакавольтнай лініяй, спадзеючыся, што провад абарвецца і заб’е яе (яна чула пра такі выпадак). Пачалася навальніца; яна працягвала ўпарта сядзець, прыціскаючыся бокам да жалезнага рабра апорнай вышкі. І дачакалася: зверху пачаў спускацца асляпляльны шар. Быццам зачараваная, яна не магла адвесці погляду ад вогненнай кропкі; у рэшце рэшт, усё затапіў прамяністы акіян святла. Потым — бы павярнулі трубку калейдаскопа — з вогненнага кіпеню саткаліся ўзорыстыя пакрывалы, Аля налічыла іх сем; яны зіхацелі і хваляваліся, бы паверхня вады ці агню. Выявы звяроў і птушак на пакрывалах рухаліся, быццам жывыя: Аля ўбачыла, як распускае хвост фанабэрлівы паўлін, як мядзведзь у жамчужным тумане прабіраецца па вяршыні скалы. На той цудоўны “экран” можна было ўздзейнічаць: любая Аліна думка ці адчуванне вокамгненна на ім адбіваліся. Так, пяшчота мела серабрыста-блакітны колер, страх — брудна-барвовы з цёмнымі сполахамі. Аля паспрабавала ўявіць сабе маці з айчымам; яны тут жа з’явіліся на “экране” у клубах жоўта-зялёнага атрутнага дыму. Потым постаць айчыма пачала змяншацца, ператварылася ў чорную кропку і наогул знікла. Пасля гэтага Алін зрок зноў надоўга зацягнула асляпляльным святлом. Павольна, вельмі павольна з малочнага туману сталі ўзнікаць асобныя постаці. “Анёлы” , — здагадалася яна. “Упершыню сустракаюся з такім выпадкам: шаравая маланка наблізілася да дзяўчынкі ўсутыч — і ніводнага апёку” , — вымавіў адзін з анёлаў. “Сапраўды, дзіўна, — адказаў другі. — Але мазгавыя парушэнні яўна маюць месца.” З тыдзень Аля правалялася ў лякарні, хоць адчувала сябе выдатна. Сужыцеля маці ў хуткім часе пасадзілі, а ёй з таго часу пачалі сніцца дзіўныя сны...
Читать дальше