Бо менавіта Айка напомніў ёй у даўнім сне юны складальнік гімнаў Вялікай Маці. Яна гэта ў той вечар зразумела, калі яны ўсе пяцёра ў апошні раз сядзелі разам на падлозе “хрушчобы” Чорнага Ламы, дзе не было ніводнага крэсла і наогул ніякай мэблі, акрамя матраца з выпнутымі спружынамі, таму што мэблю, як элемент “майі” , Чорны Лама яшчэ раней выкінуў на сметнік, да вялікай радасці бамжоў, а ўсе рэчы, якія не звезла ў Калінінград Рытка, раздаў жабракам і цыганам: “Я вызвалены ад матэрыяльнага!” Вось таму і сядзелі на голай падлозе, скрыжаваўшы ногі па-будыйску, і Айк усё спяваў, спяваў, перабіраючы струны Алинай гітары... У той вечар яго голас як ніколі кранаў душу. Чорны Лама нерваваўся: ён, з яго комплексам Нарцыса, і тут хацеў быць першы (ага, будыст храновы), ён таксама спрабаваў складаць нейкія духоўныя гімны, толькі хіба ж гэта былі гімны: “Я іконы спалю, попел вецер усходні развее...” ? Гэта ён у тым сэнсе, што не пакланяецца бачным выявам Бога, толькі Вялікаму Даа. Ёй, Алі, усё гэта здавалася глупствам і кашчунствам. Уявіўшы сабе ўскалмачаны вожык Чорнага Ламы, падобны да густа змазанай гуталінам шчоткі, яго пакамечаныя нагавіцы і сарочку, яна ўспомніла гісторыю, якую ёй некалі расказаў калега-гісторык. Аднаму яго сябру, які лічыў сябе рэрыхаўцам, пашчасціла апынуцца ў Кітаі. Ён тут жа кінуўся вывучаць храмавыя надпісы і выявы бостваў, — патаемныя веды шукаць. У маляўнічым месцы, на беразе ракі, на напаўразбуранай сцяне ён убачыў старажытны надпіс і, канечне ж, захацеў яго прачытаць. Запрасіў перакладчыка. А там вось што аказалася напісана: “Тапіць дзяўчынак тут дазволена” . Так-так, вось тут — калі ласка, колькі заўгодна, а ўніз па рацэ — там чамусьці нельга. “Азіятчына, дзікунства,” — абураўся “рэрыхавец” . Справа ж у тым, што душа Усходу закрыта для няўдалых “шукальнікаў” . Нездарма тамтэйшая мудрасць кажа: толькі калі вучань падрыхтаваны, прыходзіць настаўнік. Вось так і з Чорным Ламай: колькі б ён ні карпеў над Ведамі ды Упанішадамі, знойдзе там толькі брутальны надпіс на разбуранай сцяне. Нават тыя штукі, дзэн-монда, нават іх Айк складаў лепш за Чорнага Ламу, далібог, лепш! Вось яна зараз паспрабуе ўспомніць апошняе дзен-монда Айка, — у той вечар яны яго і пачулі, больш ён ужо нічога не напісаў, таму што ў дваццаць тры трыццаць (так “мянты” потым сказалі — пра час, а яна і без іх здагадалася, спраўлялася па календары: Айк дачакаўся захаду сонца, бо вычытаў у “Бхагавадгіце” , што той, хто пакідае гэты свет пры святле дня, абавязкова вернецца сюды ў новым целе), — роўна ў дваццаць тры трыццаць ён выкінуўся з даху дзевяціпавярхоўкі, — дык яно ж пра гэта, апошняе яго дзэн-монда:
Іскра не гарыць па-за вогнішчам, Воблаку не захаваць адну і тую ж форму, Кропля высыхае па-за акіянам —
Так частка памірае без Цэлага.
Вогнішча зліваецца з прагнай іскрай, Неба перацякае ў распасцёртае воблака, І ў кроплю ўпадае акіян:
Так частка вяртаецца ў Цэлае.
Вось ён і распасцёрся на асфальце, як воблака, адлюстраванае ў калюжыне, каб вялізнае неба перацякло ў яго...
Чаму, чаму яна ўспомніла ўсё гэта?
Няўжо толькі з-за зламанага лімона?
Пасля гібелі Айка яна не хадзіла больш у аднапакаёўку без мэблі, аклееную аранжавымі шпалерамі. Усе яны: шызоідны гаспадар кватэры, шалапутная Натэлка, тоўстая Зінка — нагадвалі ёй таго “рэрыхаўца” . Урэшце, былі ў Алі і іншыя прычыны не жадаць сустрэчы з Чорным Ламай...
Раптам яна штосьці ўспомніла, кінулася шукаць у тумбачцы, выцягнула, нарэшце, кішэнны каляндарык. Так яно і ёсць... Не можа яна быць цяжарнай. Што ж тады з ёю? Што? Сэрца паляцела ўніз, быццам француз пад лёд Бярэзіны...
У дзверы нясмела пастукалі. Кудзін адважыўся! Адважыўся... І — адхіснулася: на парозе стаяў Чорны Лама ў жоўтай бруднай балонневай куртачцы, вязанай шапачцы, няголены, падобны да бамжа, з нейкім новым, зацкаваным позіркам. Два гады таму, у час іх апошняй сустрэчы, ён глядзеў зусім па-іншаму: ганарліва, самаўпэўнена. Госць марудзіў. Відавочна, таксама ўражаны змяненнямі, якія з ёю адбыліся, здагадалася Аля.
— Можна ўвайсці?
Яна моўчкі саступіла ўбок. Мужчына прайшоў у пакой і сеў на адзіную табурэтку, ля стала.
— Навіна ёсць. Дрэнная. Ты справішся, Алька?
Выліў у шклянку рэшткі віна з бутэлькі. Рука яго дрыжэла... Ды ён жа п’яны! Напіўся і строіць з сябе містыка, які ўбачыў самога Усявышняга!
— Ну, і што там табе “адкрылася” ?
— Я ВІЧ-інфіцыраваны.
Читать дальше