Божачка, навошта яна ўсё гэта ўспомніла? Чым былі тыя сны на самай справе: трызненнем, спароджаным яе хворым мозгам, прадуктам залішняга захаплення “чарналамаўскім будызмам” альбо містычным адкрыццём, — урэшце, ці не ўсё роўна ёй цяпер? Хутчэй, хутчэй прыходзь, Кудзін! “Дзе ты ходзіш, дурань-воўк, шэры воўк, страшны воўк?” — гэта яны ў дзіцячым садку вершык такі развучвалі. Кудзін, вядома, не воўк; ён, з яго маленькай галоўкай, зрэзаным дэгенератыўным падбароддзем і занадта вялікімі жоўтымі зубамі, нагадвае дварняка. Проста хатняя жывёла, не тое што, прыкладам, трансцэндэнтальны асёл Чорны Лама з яго “мантрамі” і “монда” , — Чорнаму Ламе не патрэбны ўвогуле ніхто, ён прытрымліваецца “непрыхільнасці да аб’ектаў пачуццяў” , ён і яе, Алю, спрабаваў “прадзвінуць” да ступені архата, гэта значыць, буддыйскага святога, але ёй заўсёды хацелася менавіта прыхільнасці, а зусім не “прасвятлення на працягу адной інкарнацыі” . Не, Кудзін якраз тое, што трэба ( “Алечка, сонейка, разумееш, лічыў сябе ні на што ўжо больш не здатным: столькі год без гэтага самага... і усё з-за жонкі...” — “А ты ёй казаў?” — “Бессэнсоўна. Ды і мне з ёю ўжо не хочацца: атлусцела, ноччу ўстае да лядоўні.” — “Але зараз у цябе ўсё добра! Проста супермужчына!” — “Дзякуючы табе, сонейка...” ). Ну, наконт “супер” яна, вядома ж, схлусіла. Што ж, у яе таксама ёсць свае словы-кручкі. Затое ўжо гэты дык нікуды ад яе не дзенецца; ён куды больш надзейны, чым іншыя “старацелі” , што расхіствалі дрымучыя нетры Алінай тахты пасля таго, як Ён сыйшоў...
— Аэліта Андрэеўна, вас да тэлефона!
Скінула коўдру. Ад рэзкага руху сэрца закалацілася недзе ля горла. Са слухаўкі, бы вёрткая змейка, выпаўзаў галасок Кудзіна:
— Алечка, сонейка, прабач... я не здолеў прызнацца жонцы... усё-ткі
дваццаць тры гады разам...
Не слухаючы далей, паклала трубку. Пацёрла вуха, у якім яшчэ гучаўагідны голас. За вухам намацала гарошыну ўспухлага лімфавузла. І такую ж — на шыі... Ах, вунь яно што! Прасквазіла яе. Майскае цяпло такое падманлівае. А можа... а можа... кроў кінулася ў твар, аглушальна ўдарыла ў скроні — можа, яна зацяжарала? Таксікоз? Прагна выпіла яшчэ шклянку віна. Лягла. У страўніку разлілася прыемная цеплыня. Ну што ж, яна народзіць. Пакойчык у яе ёсць. Дрэнна, вядома, што дзіця ад Кудзіна, бесхрыбетнага плюгаўца. Як хацела яна калісьці дзіця ад Яго — мужчыны-пераможцы з мяккай хадою драпежніка, самаўпэўненасцю Напалеона! Апошнім часам ёй ўсё часцей хацелася, каб хоць нехта быў побач, і зусім неабавязкова — герой і пераможца. Перагортваючы старонкі чарговай манаграфіі пра пераправу пад Студзёнкай, прызнавалася сабе ў тым, што і яе масты гараць, салдаты з крыкамі “Здрада!” мітусяцца ў дыме паміж перадавымі атрадамі Вітгенштэйна на беразе і полымем, адразаючым шлях да ўцёкаў. І выйсце ў яе, як і ў іх, адно: скачок у ледзяную ваду разам з канём і зброяй. Як спяваў тады ў гарадскім парку Айк: “Смяротны скачок уратуе наш гонар...” Ён і выбраў смяротны скачок. Хапіла сіл адважыцца. І імя гэта дзіўнае — Айк, не то мянушка, не то псеўданім, не слова, а ўсплёск каменя, што падае ў глыбіню, — і яго ён, атрымоўваецца, невыпадкова абраў сабе яшчэ ў дзяцінстве, — расказваў, што “зайкай-айкай” звала яго бабуля за вечнае пахмурнае айканне на просьбы не прапускаць школу, а ён проста адсек у слова кароткі “заечы” хвосцік. А ў яе хопіць сіл адважыцца на скачок? Не, ёй нельга. У яе дзіця будзе. Бедны “зайка-айка” . Яму ўвесь час не шанцавала: Натэлка яго кінула, бацькі-алкашы ўсё цягнулі з дому, нават гітару сына прапілі. Ён часцяком пазычаў гітару ў Алі. У іх гуртку “прасветленых” ён быў маладзейшым. І самым блізкім ёй па духу. Брат... Высокі, хударлявы, з завушніцай у мочцы вуха і кароткім, “заечым” , хвосцікам валасоў, перацягнутым гумкай, ён аднойчы прышкандыбаў да яе ў “абшчагу” увесь збіты, — нарваўся на п’яных адмарозкаў у позняй электрычцы, — і яна пакінула яго начаваць; нованароджаны кветнік пачуццёвасці, які мог бы ўзняцца з насення іх нясмелых дотыкаў адно да аднаго, быў падсечаны ў самай сцябліне дзіўным прадчуваннем інцэсту, якое адначасова агарнула абодвух. Яны былі занадта аднолькавыя для таго, каб прагучаў той “званочак” , што абуджае сексуальнасць: рамантычна-экзальтаваныя, схільныя да самакатавання. Таму яна адчувала да яго толькі невыразную пяшчоту, як да сына ці брата. Так і заснулі тады, не распранаючыся і не размыкаючы цнатлівых абдымкаў, на яе рыпучай тахце. Перадусім ён чытаў ёй вершы, там нешта было пра “натхнёны шэпт трызнення” , “вуснаў малітоўны экстаз” , пра “ландышы імгненняў” , што маюць цудоўны водар. Гэта ён Натэлцы прысвяціў. Госпадзі, ну чаму так: чым святлейшы чалавек, тым да больш цёмнай “палавінкі” яго цягне прыляпіцца? А як ён спяваў! Так звініць у музеі старажытная бронза. Калі яна народзіць хлопчыка, дык няхай ён будзе падобны да Айка. Не да Кудзіна, не да Чорнага Ламы і... не да Яго, не! Да Айка.
Читать дальше