Ён ляцеў праз натоўп драгунаў і кірасіраў, — загарэлы, белазубы, з правільнымі рысамі падкрэслена мужнага твару, у светлым касцюме і белай сарочцы з расхінутым каўняром, бы толькі што сышоў з нейкага савецкага плаката. Цяпер яна сказала б — з рэкламы цыгарэт “Marlboro” , так-так: тая ж прыкрая прыгажосць абавязковай ямачкі на падбароддзі, шырокія плечы. Мы ўспрымаем свет праз набор сімвалаў, і нават нашая сексуальнасць, як тая сабака акадэміка Паўлава, безадмоўна рэагуе на пэўныя “званочкі” . Сімвалы апелююць да цёмнай сферы інстынктаў, абмінаючы розум і логіку. Мы беспадстаўна надаём той ці іншай асаблівасці чалавечага аблічча нейкія значэнні, а потым скардзімся на падман. Як, да прыкладу, захаплялі Алю Ягоныя моцныя плечы! Яна бачыла ў іх не проста плечы статнага мужчыны, а сімвал надзейнасці! І памылілася, як высветлілася. Дык каго ж ёй у тым абвінавачваць, акрамя сябе? І з якой такой дзяржаўнай мэтай камсамольскія сакратары падбіраліся з рэкламнай знешнасцю секс-сімвалаў — хіба задавала яна тады сабе гэтае пытанне?
Жывот апякло, быццам бы ўлан на скаку ботам засандаліў, яна нават застагнала ціхенька. Так, толькі коні ў іх і былі сапраўдныя... Усё ж такі атрута для прусакоў тут, напэўна, ні пры чым. Інакш адкуль гэты металічны прысмак у роце? Мае рацыю ўрач-стаматолаг, што жыве на другім паверсе іхняй “абшчагі” : у яе хранічнае атручванне малымі дозамі ртуці і свінцу, якія, на яго думку, уваходзяць у склад тых шыкоўных пломбаў з амальгамы, што паставілі ёй у прыватнай лякарні пяць год таму. Пастараліся камерсанты: калі яна ўсміхаецца, металічных нашлёпак на зубах не бачна ну вось ані трошачкі. А ўсмешка ў яе... “духоотворенная” (замест “одухотворенная” ) — ну і выдумаў той масквіч слоўка! Тады ноччу на Бярэзіне, убачыўшы ля вогнішча Яго, выцягнула Натэлу з нечыіх п’яных абдымкаў, папрасіла пазнаёміць. На заходнім рэдуце, які быў узведзены дзеля прыкрыцця рускай арміі, але ні разу свайму прызначэнню не паслужыў, затое аказаўся ідэальна падыходзячым для іншага “прыкрыцця” (слава генію Барклая дэ Толі!), — там, на смарагдавай мураве, усё і адбылося. Куды падзеўся шляхецкі гонар “недатыкі” курса? Растварыўся ў шалясценні трафейных сцягоў і залатых галуноў, у шуме батарэйных соснаў, што сыходзяць бурштынавай смалой-жывіцай, у якую ператварылася з цягам часу кроў пахаваных пад курганамі герояў — рускіх, французскіх. Шум крыві ўзнімаў яе туды, дзе зіхацелі сем пакрывалаў, і свяшчэнныя знакі на іх былі ў тую ноч ёю разгаданыя...
О, сыны Агню, і вы, асуры — змрочны падземны народ, і вы, вешчыя камяні-менгіры на горных хрыбтах Тыбета, што служаць пустэльнікам для медытацый, і ты, Змей у бясконцых кольцах, валадар найніжэйшай тантры чараўніцтва і некрамантыі, што спрадвеку круціш млынавае кола Задыяка, — весяліцеся і бласлаўляйце цудоўныя пакрывалы, што ўзнеслі Алю на найвышэйшае, сёмае неба! Высветлілася: зусім не трэба было сядзець, скрыжаваўшы ногі, і да атупення паўтараць услед за Чорным Ламам “Ом, Ом, Ом” , і паліць араматычныя палачкі, і паглыбляцца ў медытацыю пры дрыготкім святле чырвонага ліхтара; у тую ноч усе стыхіі — Зямля, Вада, Агонь і Паветра — былі заадно, як некалі, яшчэ да пачатку зямных часоў; і ажывала пад курганамі старажытная, загавораная на крыві зброя, і ціхуткім звонам адказвалі скарбы, пакінутыя імператарам на дне Бярозы-ракі, і чорная палоска неба над імі была нібыта павязка на старым, мудрым, абветраным твары Кутузава...
Яна кінула позірк на столь, дзе ніколі не высыхала цёмная паласа сырой тынкоўкі, і ўсміхнулася. Якой жа рамантычнай дурнічкай яна была тады! Сем год Ён прыходзіў — калі “быў час” — у гэты пакой, перадусім соўваў пад нос вахцёршы, былой падпольшчыцы бабе Любе, сваю “ксіву” , пранікнёна вешаў старой на вушы развесістую локшыну наконт важнасці ідэйнай работы з моладдзю “на месцах” (ага, не адыходзячы ад ложка); грозная “наглядчыца” Яго абагаўляла і прапускала бесперашкодна, а потым, калі камсамол разваліўся ўжо канчаткова, Ён, скарыстаўшы ўсё тую ж сваю здольнасць мянціць языком, пад шумок зарэгістраваў свой ФАМ — Фонд абароны моладзі (як жа, “абароны” !), дзе, дарэчы, “вынырнулі” гаркамаўскія аўто, што згінулі былі без весткі, і іншая маёмасць, — Ён, забяспечыўшы сабе раскошнае месцейка пад камерцыйным сонцам, працягваў зрэдку з’яўляцца ў Алі, і чым Ён узяў вахцёршу памаладзей (баба Люба не перажыла забароны “кіруючай і накіроўваючай” ) — толькі д’ябал, пэўна, і ведае. Ну а яе, Алю, чым Ён зачараваў? Не толькі ж шырокімі плячамі і ўсмешкай каўбоя? Бо яна ж не дурнічка якая-небудзь, усё-усё пра Яго зразумела — не адразу, канечне, — дык што ж гэта за насланнё такое, “влеченье — род недуга” ?
Читать дальше