…Я трохі займаюся з Карынай роднай мовай. Дачушка мая значна змянілася за той час, што я правяла з ёй на Кубе, — яна больш не terrеmoto, не гітана з распушчанымі па плячах пасмамі, тварык яе набыў месяцовую славянскую акругласць, рухі — плаўнасць. Пластычная дзіцячая душа, трапіўшы ў іншыя рукі, узяла новы напрамак росту і змяніла формы цела. Я рада, што Карына не выхоўваецца ў “дзіцячым калектыве” , там альбо тут гэта значыць адно і тое ж — схему, у якую з маленства заганяецца чалавек. Усякі раз, пакідаючы яе за агароджай дзіцячага садка ў родным райцэнтры, я здзіўлялася вялікай колькасці рашотак, якія вычварная фантазія нейкага садамазахіста размясціла на дзіцячых пляцоўках у якасці прыстасаванняў для гульні: круглыя і прастакутныя, вертыкальныя і гарызантальныя “снарады” з металічных прутоў, за якімі, як за кратамі, самотна бялее тварык маленькага зняволенага, і толькі арэлі — заўсёды занятыя, заўсёды жаданыя! — пакідаюць прастору для дазволенай мары. А потым, праз дваццаць год, позна будзе бегаць па псіхіятрах і хапацца за Берна і Адлера, рабіць узроставую рэгрэсію па Джанет Рэйнуотэр ды вызначаць тып псіхапатыі па Леангарду — часцей за ўсё яна аказваецца, між іншым, субдэпрэсіўнай, а якой ёй яшчэ быць, скажыце, калі ласка? Мы самі носім у сабе свой ГУЛАГ і Асвенцым (так-так, дзяўчаткі мае, Волечка, Ірына — вы пра тое ўжо здагадаліся?), і ўсё тое, што ствараем вакол сябе, ёсць толькі іх праекцыі на экране камунальнага кінатэатра. Мы самі, застаючыся — пажыццёва! — тым Пецей альбо Кацяй з дзіцячага садка, лепім на борціку пясочніцы аднолькава брыдкія серыйныя “піражкі” , а формачку, з якой лепім, нам калісьці гвалтам уклалі ў руку: “Гуляй тут! Нікуды не адыходзь!” — вось мы і лепім, лепім, усю зямлю сваімі пачварнымі вырабамі ўжо запаланілі і не падазраём, што можна гуляць зусім па-іншаму: выкінуўшы прэч абрыдлую ідыёцкую формачку, свабодна і радасна.
Пакуль Андрыя водзіць Карыну на вячэрнюю прагулку і распавядае ёй пра Святую Марыю, я паціху пішу свой дзённік.
3 мая 1990 года.
Толькі што прыбегла ўсхваляваная Андрыя. Сёння на сходзе CDR усім жыхарам квартала загадана падрыхтаваць эвакасумкі (вада, кансервы, дакументы). На амерыканскую вайсковую базу ў Гуантанама сцягнута вялікая колькасць узброеных салдат. “Ну дык і што? Гэта іх тэрыторыя, яны праводзяць там вучэнні” , — спрабую супакоіць дзяўчыну. “Ах, Алеся, не, — усхліпвае яна. — У CDR сказалі — у любы момант можа пачацца вайна. Па трывозе мы ўсе мусім сесці ў грузавік, які павязе нас у горы Сьера-Маэстра — хавацца ад бомб norteamericanos” [ 70 70 Norteamericanos (ісп.) — паўночныя амерыканцы.
]. Бязглуздзіца нейкая. Учора па тэлевізары паказвалі прыбыццё на Кубу дзяцей з чарнобыльскай зоны, тут ёсць спецыяльныя лагеры, дзе яны адпачываюць і падлечваюцца. Няўжо там, у Саўдэпіі, зусім з глузду з’ехалі — адпраўляюць дзетак туды, дзе становішча настолькі напружанае?
Пасля сыходу Андрыі ўсё-ж-такі пачала збіраць “эвакасумку” . Карына дапамагала мне, страшэнна задаволеная: “Mami, мы збіраемся на пляж?” Спахапілася: Маці Божая, савецкія дакументы нашы засталіся на Агілера, маю толькі carnet, мой мясцовы пашпарт, і tarjet’у de menor — пасведчанне асобы Карыны! Мы з ног да галавы — кубінцы!
4 мая.
8.00. Прыходзілі з CDR — падбіраць мне памер процівагаза. Праверылі змесціва “эвакасумкі” : “Бьен, бьен, кампаньера. [ 71 71 Бьен, бьен, кампаньера. (ісп. — Bien, bien, compañera) — Добра, добра, таварыш.
] Медыкаменты абавязкова пакладзіце” . Нічога сабе жартачкі. Можа, Ірына што-небудзь растлумачыць? “Не здзіўляйся, я жыву тут пятнаццаць год, і ўвесь час у мяне ў калідоры стаіць сабраны рукзак, — голас Ірыны ў слухаўцы абсалютна спакойны, ажно ад сэрца адлягло. — Тутэйшае кіраўніцтва пастаянна трымае людзей у напружанні, унушае ім, што не сёння — заўтра на іх нападуць. Запалоханым натоўпам лягчэй кіраваць, ты ж разумееш. Ды і ад унутраных праблем гэта адцягвае ўвагу. Але, урэшце, хто іх ведае, тых амерыканцаў. Слухай Маскву” . Не разумею, што можа казаць Масква, калі сама яна лічыць Кубу месцам, больш бяспечным для знаходжання сваіх хворых дзяцей, чым СССР?!
9.30. Тэлефанавала Лідка. Яна мяне расчаравала: калі пачнецца вайна, нас не адправяць дамоў на першых жа савецкіх суднах. У Саюзе сваіх бежанцаў багата, па ўсіх вакзалах Масквы сядзяць. Мы — грамадзянскае кубінскае насельніцтва.
13.45. Выйшла на балкон. Суцэльнай сцяной стаіць спякота, спякота. Трыццаць пяць па Цэльсію, жах! Адразу стала млосна. А тут яшчэ грузавікі носяцца па шашы, поўныя вайскоўцаў у маскіровачнай форме. Да пальмы прымацаваны кардонны плакат з намаляваным на ім ашчэраным кракадзілам-Кубай і надпісам: “Yanki — fuera!” [ 72 72 Yanki — fuera! (ісп.) — Янкі — прэч!
]
Читать дальше